Назад

Анатоль Вольны

Кастусь Каліноўскі

Паэма

I

Я ведаю Беларусь, што паўстанцкай куляю
Сьвішча:
"Вольнай
Хачу
Быць!"
І другую Беларусь — бабулю, —
Беларусь — край лучын і журбы...
Эх, старая,
Старая бабуля!
Дай мінуўшчыну ўспомнім сталёвую:
Колькі ў сэрца асаджана куляў
Ў грудзі нашых чароўных палёў?
Цяжка, цяжка было пад няволяю
Аўсом нашым паклоны біць...
..................................................
..................................................

Гэй, ды што ж?
Усё здолеем,
Будзем песьняй мінуўшчыну біць.
Я ведаю Беларусь ды буйную,
Што ў паўстаньні хмялее ўсё болей,
І другую Беларусь — бабулю,
Пакуль рукі ня ўзьніме для боек.

 

II

Была ночка
Галодная,
          Зімняя
Ваўкоў бегла болей і болей...
Ваўку, што ў гэтым краі сінім,
Калі ён ўвесь напоўнены больлю?
Ой, баяліся й сівыя воўкі.
Іскрамётна лучынілі вокам
І кружыліся шэрыя бойка,
Каб і іх хто ня зьеў ненарокам...
І вось ў гэтыя дзікія ночы
Чуткі дзіўныя нехта прывёз,
Чуткі сэрца вясковае точаць:
Імі хмеляцца хмурыя вёскі...
Чуткі,
          Чуткі:
                    — Прышоў вызваліцель.
Ён — мужык, значыць, будзе удача,
Упарты,
          Як бронзавы зьлітак.
Ён спасе Беларусь —
          Ня іначай!

 

III
Кастусь Каліноўскі

Бедната!
          Сьмялей шаг!
                    Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь — паном ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць...
Адзін раз на сьвет радзіцца,
Адзін раз захмялець мятульгой,
Дык пойдзем-жа, пойдзем-жа біцца,
Хто з сякерай, хто з голай рукой.
Няхай ведаюць ўсе: беларусы
"Ў ката й мышку" ня любяць гуляць
І свае галовы русыя
Не задарам будуць кідаць.
Бедната!
          Сьмялей шаг!
                    Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь — паном ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць...

 

IV
Серакоўскі

— Стой!
Твае словы паўстаньнем палаюць,
Хто яшчэ ў гэту ноч так гаворыць?
Што за словы, што думкі ўздымаюць
І калышуць праменьнямі зор?
Мужыч'ё!
Вы ня верце прахвостам, —
Мы таксама аб волі вам дбаем,
Толькі гэта ня так ужо проста,
Толькі й шляхту усё-ж паважаем...
Мы вам кажам ад імя жонду.
Жонду белага — моц мае ён...
Ну, дык хто ж там законы піша
І пужае на плоце варон?..

 

V

— Ні слова!
Сказаў і досыць
Канарэйкамі песьні пець,
Сэрца торбаю помсту носіць,
І ня хочам мы болей цярпець.
Нам ня разам у гэтым змаганьні, —
Будзем разам мы хіба ў надгроб'і.
Дапаможа шляхта паўстаньню
Так, як кашаль ліхой хваробе.
Бедната!
          Сьмялей шаг!
                    Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць,
Беларусь — паном ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!

 

VI

Ад Дняпра і да самай Віслы
Вецер,
          Вецер
                    Гуляе
                              Са сьвістам,
Вецер
          Са сьвістам
                              Гуляе.
          Вецер хмурыць
          Свае скроні
          Вецер круціцца
          Па гонях...
          Вецер! Родны мой вецер!
Паглядзі, што робіцца ў сьвеце,
          Родны мой вецер!
Паглядзі:
          Ўсе бары ў завірусе.
          — Рэвалюцыю заварыць!..
          І такія лапцюжныя, русыя
          Пра
                    "Слабоду"
                              Хочуць гаварыць.
          Слабода!..
          Слабода!..
          — Што трэба нам болей?
          Ой, гэта свабода,
          Як вецер у полі...
Ад Дняпра
          І да самай Віслы
Вецер,
          Вецер
                    Гуляе
                              Са сьвістам,
Вецер
          Са сьвістам
                              Гуляе!
Беларусь маўчыць і церпіць, —
Песьняй плёскае ціха журбу,
А паўстане — да самай сьмерці
Беларусь не сагнуць у дугу...

 

VII

Ой, ці вольна жыць
Ці загінуць нам, —
Ой, працоўны люд,
Сьвістані з пляча.

Будзем песьняй біць
І нажом садзіць:
Альбо згінуць ўсім,
Альбо — ўсё здабыць!

Галавою стой,
Беларусь мая!
Гэй, ды з песьняй ў бой
Ой, сярмяжная!

А маскоўскі цар
Сьцеле мякка нам.
Беларусь мая, —
Ёй я ўсё аддам.

Беларусь за "ўсё"
Вельмі дзякуе...
Ці —
          Слабодная!
Ці —
          Ніякая!

 

VIII
Мураўёў

Хто пасьмеў Расіі ня верыць?
Хто паўстаў супроць Русі?
Ой, каго звар'яцеўшае сэрца
Так чырвона ў грудзёх брусьніць?
Выдаць!
Выдаць мяцежных прахвостаў,
Што паўсталі на царскіх дварах
Іх галовы пасыпяцца просам
Звар'яцеўшая, шэрая рвань!
Я павешу мяцежную банду,
Банду дзікіх галодных сабак.
Я зраблю ім крывавую ванну,
Што пасьмелі Расію скубаць.
Загарэліся вы валежнікам;
Хай-жа вас цяпер пацкуюць...
Злавіць трыццаць любых начлежнікаў
І павесіць на першым суку!

 

IX

Восень пырскае срэбнымі ніткамі;
Ў вочак
          Восені
                    Вокрыкі
                              Водгульля.
Пад шэрымі сьвіткамі
                    Трыццаць дрэў —
                              Згорблена!..
Вёскі,
          Вёскі!
                    Лапцюжныя прэрыі!
Зацьвілі вы ў зімовую плынь,
Пад пятлёю Расійскай імпэрыі
Расьцьвітае толькі палын.
Абарвалася песьня амаль што,
Напаіўшы усе словы крывёй!
Ой, закінуў намылены "гальштук"
Па-над вёскамі — Мураўёў.

 

X
Кастусь Каліноўскі

Можа хто баіцца кулі
Ды ад жару хаваецца ў цень?
А мы сьпіны даволі гнулі
І ўсё чулі "двадзесьце пеньць!"
Хто пачуў толькі гэтыя словы,
Той шануе мужычую волю.
Нам ня шкода свае галовы
Параскідаць, як зерні, па полі.
Многа было, ды мала засталося:
Не разьбіць нам сягоньня паноў.
Столькі зерняў ня маюць калосьсі
Колькі выбіта нашых галоў.
— Хай-жа ўспомніць на прызьбе нас спадчына
Жменькай
          Простых
                    Вясковых слоў.
Будуць помніць, хто голавы зьвесіў;
Іх успомняць сардэчнаю ласкаю.
Мы — апошнія з першых буравесьнікаў,
Мы — апошнія з першых ластавак.

 

XI

Эх, Кастусь,
Наш таварыш буяны!
Ў гэты сіні асеньні вечар
Паглядзі;
          Зарасло ўсё бур'янам
Па шляху да нашага веча.
Паглядзі:
          Вунь дзьве зоркі скаціліся,
Воран карканьнем сьціхнуць радзіць,
Нават коні табунамі зьбіліся...
Ой, ды нехта паўстаньню здрадзіць.
Мы з табою, вядома, да сьмерці.
З нас ня просіць ніхто: Пажыць бы...
Снапоў меней па торпах, павер ты,
Чым на хвоях галоў мужычых.

 

XII

Плакалі белыя топалі
Жоўтым лісьцямі;
Будзе зданьне...
Коньмі маланкі топалі
Ў чорна-бурным убраньні.
Абрываюцца песьні і словы —
Петлі,
          Петлі
                    Рэжуць галовы
Яны падаюць, —
Дзе іх падзеці?
Гэта Беларусі лепшыя дзеці...
Бедныя!
          Бедныя
                    Вёскі!..

 

XIII
Кастусь Каліноўскі

Селяніну вісець лепей з намі,
Чым да пана з паклонам хадзіць.
Вісець лепей разам з снапамі,
Чым на пана снапы вазіць.
Катаваць мужыкоў — вось адказ іх.
Паляць сэрцы прагорклыя словы.
Толькі гэты панскі указ
Для беларуса — ня новы!

 

XIV

Я над песьнямі сваімі лятуценіў,
Лятуценіў, зажурыўся не да рэчы
Ой, чаго-ж так страшна ляглі цені:
Атруцілі сэрца нечым.
Павялі з сумнай Беларусі,
Павялі з Лукішак ў час сьвітаньня.
Мы і сягоньня помнім словы
Што апошнімі сказаў Кастусь:
"Браткі мае, Беларусы,
Ад шыбельніцы маскоўскай
Шлю вам сваё —
          Прывітаньне!"
І скрозь шэрань нашых вёсак
Нібы чую плач вайсковых труб,
Вочы шэрыя, упартую чупрыну
І пад лапамі зьбялеўшай ад бяды асіны —
                    Сіні
                              Труп.
Нібы бачу я; глядзіць ён шэрым вокам
На другую частку паднявольнай Беларусі
Мужыкоў склікае ён навокал
І, як некалі, гаворыць ім Кастусь;
— Бедната!
          Сьмялей шаг!
                         Ярчэй выгляд!
Зернем буйным галовы раскінуць!
Беларусь, паном ня быдла, —
Альбо жыць, альбо ўсім загінуць!

__________________

 

Публікацыя паводле: Вольны Анатоль. Чорнакудрая радасьць. – Менск, 1926. – С. 3–20 (Кніжніца "Маладняк")
Матэрыял даслаў: bibliograf