Назад

Данута Бічэль

Вулка паўстання

Дасвеццем з-пад пакатае дахоўкі
падстрэхаўкі звястуюць навіну:
— У пятках, душы, пакідайце схоўкі!
На Котры косы клеплюць на вайну,

Дыханне стояць пушчы, далягляды.
Грымотны грукат даляціць да зор.
Падружыць смерць паўстанцкія атрады —
зяўро гармат нацэлена ва ўпор.

За шыбеніцу будзе узнагарода —
Край ачышчальным болем заімгліць...
І грозны гул бязмоўнага народа
ўзарвецца пошчакам па ўсёй зямлі.

Таму, хто выйшаў са змагання дужым,
абніме шыю царская пятля.
Ды несмяротныя паўстанцаў душы
зноў пераселяцца у немаўлят.

 

Публікацыя паводле: Бічэль Данута. Снапок. – Мінск, 1999. – С. 45.
Матэрыял даслаў: bibliograf