Назад

Міхал Эльвіра Андрыёлі 1836–1893
Міхал Андрыёлі. Партрэт

Мастак, графік, ілюстратар, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Літве й на Беларусі. Нарадзіўся ў Вільні ў сям'і скульптара – выхадца з Італіі. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі, выконваючы волю бацькоў, паступіў на медыцынскі факультэт універсітэта ў Маскве. Аднак Андрыёлі цягнула да мастацтва, і ён, пакінуўшы універсітэт, у 1855 стаў навучэнцам Маскоўскае вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідства. Пазней – удасканальваў сваю адукацыю ў знакамітай Акадэміі св. Лукі ў Рыме. Вяртанне Міхала ў Вільню супала з чарговым уздымам вызваленчай барацьбы на Беларусі. Падчас паўстання ваяваў супраць імперскіх войскаў на Віленшчыне і Ковеншчыне. Атрымаў ад паўстанцкага ўрада званне палкоўніка. У траўні 1863 г. Андрыёлі стаў сведкам смерці ў баі Людвіка Нарбута – аднаго з галоўных кіраўнікоў беларуска-літоўскіх інсургентаў. Праз некалькі год ён адлюструе гэтую падзею ва ўласнай творчасці, на карціне "Смерць Людвіка Нарбута пад Дубічамі" У верасні, калі паўстанне ўжо амаль захлынецца ў крыві, жандары схопяць Міхала ў С-Пецярбурзе. Але яму ўдасца ўцячы з турмы і з'ехаць за мяжу.

На эміграцыі (Парыж, Лондан) Андрыёлі жыў нядоўга. У 1866 г. ён вярнуўся ў Расійскую імперыю, і неўзабаве быў сасланы ўладамі ў Вятку. Там ён стаў настаўнікам жывапісу для двух братоў, будучых знакамітых рускіх жывапісцаў: Віктара і Апалінарыя Вясняцовых, скіраваў іх да гістарычнай тэматыкі. Пасля заканчэння тэрміну высылкі жыць на Беларусі Міхалу Андрыёлі было забаронена, і ён атабарыўся ў Варшаве, дзе займаўся ілюстраваннем польскіх часопісаў. Некалькі год працаваў у Парыжы. Памёр у Налэнчове, непадалёк ад польскай сталіцы.

Міхал Эльвіра Андрыёлі пакінуў вялікую творчую спадчыну. Большасць ягоных твораў адлюстроўваюць гістарычнае мінулае Літвы-Беларусі. Найбольш знакамітыя з іх – "Смерць Кейстута", "Сутычка ліцвінаў з крыжакамі", "Хрышчэнне язычнікаў", згаданая ўжо вышэй "Смерць Людвіка Нарбута пад Дубічамі"... Блізкія сяброўскія стасункі мастака з Ф. Багушэвічам, які ваяваў з ім у адным атрадзе, спрычыніліся да напісання пазней партрэта паэта. Акрамя гэтага Міхал Эльвіра Андрыёлі вядомы як выдатны ілюстратар твораў А. Міцкевіча, Ю. Крашэўскага, У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі.

***УВАГА! Прысвечаную М. Андрыёлі перадачу "Радыё Рацыя" з аўтарскага цыкла Уладзіміра Арлова "Галерэя Кліо" можна скапіраваць у фармаце mp3 з "Беларускае Палічкі"