

Скульптар, дзеяч рэвалюцыйнага руху. Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і ў Вільні. Іншыя крыніцы месцам народзінаў Дмахоўскага называюць маёнткі Забалацце Дзісненскага павета або Заблуддзе Браслаўскага павета. У 1828 г. скончыў прыродазнаўчы факультэт Віленскага універсітэта. Удзельнічаў у вызваленчым паўстанні 1830-1831 гг. Пасля задушэння супраціву эміграваў у Францыю, дзе браў удзел у падрыхтоўцы новага ўзброенага выступлення (партызанскай экспедыцыі Заліўскага). У межах згаданай экспедыцыі здзейсніў у 1833 г. няўдалую спробу прабіцца з атрадам на Беларусь і аднавіць барацьбу з імперскімі ўладамі. Пазней пасяліўся пад імем Эмерыка Сандэрса ў Аўстра-Венгрыі, але быў арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць і цягам 1834–1841 гг. знаходзіўся ў зняволенні. Пасля вызвалення выехаў у Парыж, дзе ўдасканальваў сваё майстэрства скульптара. У 1851–1861 гг. жыў у ЗША, пад псеўданімам Генры Д. Сандэрса набыў сабе славу выдатнага скульптара. Выканаў па замове адмыслова для будынка Кангрэса бюсты Дж. Вашынгтона, Т. Джэферсана, Б. Франкліна, Т. Касцюшкі. З 1861 г. на Радзіме. Займаўся скульптурным мастацтвам (найбольш значныя творы — помнікі Ул. Сыракомлю, Б. Радзівіл), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863 г. Калі яно пачалося — быў прызначаны камісарам Дзісненскага павета, неўзабаве стаў камандзірам атрада інсургентаў. Загінуў у баі з карнікамі ля в. Парэчча Барысаўскага павета.