Назад

Уладзіслаў Юльянавіч Малахоўскі 1827–1900
Уладзіслаў Малахоўскі. Партрэт

Удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў, блізкі памочік Каліноўскага. Нарадзіўся ў маёнтку Маце на Кобрыншчыне. Скончыў Свіслацкую гімназію і Пецярбугскі інстытут інжынераў шляхоў зносін. З лета 1863 г. ў складзе віленскага рэвалюцыйнага цэнтра. Пэўны час (з перапынкам) з'яўляўся паўстанцкім начальнікам Вільні. Наладжваў кантакты з рускімі рэвалюцыянерамі. У жніўні 1863 г. змушаны на нелегальным становішчы выехаць у Пецярбург, затым у Кёнігсберг (цеперашні Калініград), дзе, будучы прадстаўніком Каліноўскага, клапаціўся пра зброю для інсургентаў, займаўся выданнем газеты "Głos z Litwy". З 1866 г. жыў у Англіі пад прозвішчам Леон Варнэрке. Праславіўся вынаходніцтвам у галіне фатаграфіі. Менавіта ён сканструяваў апарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам "Кодака". На працягу 1880-х год некалькі разоў наведваў Расію, браў удзел у заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага імператарскага тэхнічнага таварыства. Вёў паспяховую камерцыйную дзейнасць. Напрыканцы жыцця пераехаў у швейцарскую Жэневу. У 1898 г. абвінавачаны ў выкарыстанні фальшывых грошай. Скончыў жыццё самагубствам.