

Вайсковец, інжынер, аматар гісторыі, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага. Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і ў в. Балванішкі (цяпер – в. Зялёны Бор) на Ашмяншчыне. Паводле некаторых іншых звестак – у Вільні. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, Мікалаеўскай інжынернай вучэльні (С-Пецярбург). Яшчэ ў юнацтве вёў актыўную рэвалюцыйную агітацыю сярод сялянаў. Калі паліцыя пачала ягоны пераслед, малады патрыёт накіраваўся ў італьянскую Геную, у Вайсковую школу, адчыненую Гарыбальдзі. Аднак неўзабаве Мінейка вярнуўся на радзіму. Падчас узброеных выступленняў Зыгмунт ваяваў у родных мясцінах, узначальваў паўстанцкую вайсковую арганізацыю ашмянскага павета. Але ўжо ў чэрвені ягоны атрад быў разбіты царскімі карнікамі, а сам ён патрапіў у рукі жандараў. Напачатку Мінейку прыгаварылі да павешання, але з нейкіх прычынаў імперскія ўлады праявілі "міласэрнасць" (хутчэй за ўсё, таму паспрыялі сувязі й грошы родных Зыгмунта), і смяротнае пакаранне было замененае на 12 год катаргі. Аднак па дарозе ў Сібір Мінейку ўдалося падмануць канваіраў і пад імем памерлага таварыша, асуджанага толькі на пасяленне ў Томску, застацца ў гэтым горадзе. А праз два гады Зыгмунт увогуле ўцёк з Сібіры і выехаў за мяжу.
У 1868 г. ён скончыў Акадэмію Генеральнага штаба ў Парыжы, але перакананні не дазволілі маладому афіцэру выяваць на баку французскай каланіяльнай арміі супраць алжырцаў. У выніку яго накіравалі ў яшчэ асманскую Балгарыю для будаўніцтва чыгунак. Пасля шматлікіх пераездаў, у 1893 г., Мінейка разам з жонкай-грэчанкай трывала пасяліўся ў Афінах, дзе кіраваў дэпартаментам публічных работ, выступаў з артыкуламі ў мясцовай перыёдыцы. Наладжаная ім археалагічная экспедыцыя нечакана мела сенсацыйныя вынікі: адшуканы Храм Зеўса ў Дадоне, пры якім знаходзіўся другі па значнасці пасля дэльфійскага аракул. Падчас Балканскай вайны 1912-1913 гг. Зыгмунт удзельнічаў у баях за Крыт. Менавіта ён арганізаваў захоп турэцкай крэпасці Яміна – адну з найбуйнейшых перамог грэкаў. Гэтая аперацыя прынесла нашаму суайчынніку вялікую славу і званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.
***УВАГА! Прысвечаную З. Мінейку перадачу "Радыё Рацыя" з аўтарскага цыкла Уладзіміра Арлова "Галерэя Кліо" можна скапіраваць у фармаце mp3 з "Беларускае Палічкі"