Назад

Генадзь Кісялёў

Здарэнне з Яськам-гаспадаром

Адозва гэта сапраўды нейкая дзіўная. Адам Станкевіч

Там, дзе няма сапраўдных фактаў, гісторык не мае права выносіць нейкай з'яве свой прысуд, але ён можа выстаўляць уласныя меркаванні, гіпотэзы, не прэтэндуючы на канчатковую ісціну. Ул. Сыракомля

У артыкуле "Прадвесне беларускага нацыянальнага Адраджэння" ("Роднае слова", 1993, №8) Уладзімір Казбярук, справядліва адзначыўшы недастатковую вывучанасць беларускай публіцыстыкі 60-х гадоў мінулага стагоддзя, звязанай з паўстаннем Каліноўскага, узняў пытанне пра цікавы дакумент гэтага цыкла — "Пісьмо ад Яська-гаспадара да мужыкоў зямлі польскай". Гэтая беларуская адозва падчас паўстання была выдадзена асобнай лістоўкай з пячаткай друкарні Нацыянальнага ўрада. Вось яе поўны тэкст (пераводзім з лацінкі на кірыліцу, збольшага ўніфікуючы арфаграфію, але захоўваючы асаблівасці мовы):

ПІСЬМО АД ЯСЬКА ГАСПАДАРА С-ПАД ВІЛЬНІ ДА МУЖЫКОЎ ЗЯМЛІ ПОЛЬСКАЙ

Дзяцюкі!

Калі Бог даў мне розум, то я вам буду радзіць, як рабіці трэба, каб было па справядлівасці і па праўдзе, а калі вы маеце розум, то мяне паслухайце.

Як толька запамятаюць нашыя бацькі, маскаль жыў адно ашуканствам і нячыстаю сілаю. Пакасаваў ён усё добрае, а ўстанавіў што адно можа выдумаць чартоўская хітрасць. Былі малыя падаткі, а ён, горла яго нясытае, устанавіў вялікія, якіх няма на цалюськам свеце; былі прывілеі Каралёў Польскіх, а цяпер гдзе яны? Сыноў нашых бяруць у рэкруты да і гоняць чорт ведае гдзе, каб прападалі марне як сабакі. Народ гіне, не мае чым пражыці, рвуць як могуць, нігдзе не найдзеш ніякай справядлівасці, скасавалі нашу Уніяцку Веру, адарвалі нас сілаю ад праўдзівага Бога, уагналі ў вечнае патэнпене. Пад Севастополём, калі Пранцуз прыняволіў Маскаля даці нам вольнасць, то ён адно ашуканствам займаўся, прашло шэсць лет і мы ніякай вольнасці і ў очы не бачылі. Цяпер, калі Ронд Польскі аб'явіў, што зямлю мужыкоў паньскіх і казённых аддае на вечнасць мужыкам, а хто не мае зямлі і пойдзе да паўстаня, той дастане найменш тры моргі, то цар маскоўскі выдаў маніфест, што мужык мусіць плаціць кожны рок вялікія грошы за сваю зямлю, што Ронд Польскі ім ужэ аддаў.

Дзяцюкі! калі цяпер Ронд Польскі, падняўшы паўстане проціў маскаля, дае нам зямлю, справядлівую вольнасць і Веру нашых Бацькоў, калі Пранцуз, Англічанін і цэлы свет ідзе нам памагаці, калі як шырока зямля наша, народ грамадою, хто зэ стрэльбаю, а хто с касою, ідзе на адвечнага нашага непрыяцеля, маскаля паганаго, калі маскаль ад нашых кос агнём уцякае, чы ж мы, Дзяцюкі, сідзеці будзем? мы, хто жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі а векаў вечных. Трэба нарэсьці і нам прыйці да таго розуму, што адно сілою дай касою даб'емся справядлівай вольнасці і веры нашых дзядоў і прадзедаў.

Даволі, Даяцюкі, ужэ ждаці, настаў ужэ час, Божый час! хто за Рондам Польскім, таму праўдзіва Вольнасць, хто проціў яго, таму вечна няволя на гэтам, і вечнае патэнпене на тамтам свеце! Выберайце што каму лепшае.

Што да мяне, то я Вам, Дзяцюкі, кажу: бярэце за косы, гэта мая рада, а навекі расстанемся а маскалём паганым, з яго здзерствам, з яго сызмаю, з яго рэкрутчынаю, з яго сабачымі памерамі і аброкамі.

Ясько гаспадар с-пад Вільні

Вось такі дайшоў да нас дакументальны помнік таго бурлівага часу. Як бачым, псеўданім і стыль Каліноўскага, здаецца, яго энергічная, экспрэсіўная, вобразная, лаканічная мова з асобнымі паланізмамі, любімыя ім "дзецюкі", але ёсць нешта, што насцярожвае, — ці атаясамліваў дзе яшчэ наш герой-рэвалюцыянер так бесцырымонна беларусаў а палякамі?

Сказаць, што гісторыкі "утойваюць" гэты дакумент. мабыць, наўрад ці правільна. У розныя часы гаворка пра "Пісьмо..." усчыналася. Паспрабуем пазначыць, прыпомніць тут некаторыя вехі тайнай і яўнай гісторыі "Пісьма...".

Яшчэ ў 1867 годзе адозва была перадрукавана вядомым тагачасным дзеячам А. Гілерам у кнізе "Паўстанне польскага народа" (Парыж) побач а славутымі "Пісьмамі з-пад шыбеніцы". Развітальныя лісты Каліноўскага змешчаны ў дадатку да гэтай кнігі пад №11, "Пісьмо ад Яська..." усутыч пад №10. Ніякага каментарыя не зроблена, толькі падрабязна апісана пячатка — якая на ёй выява і які надпіс. (Заўважце — ужо другі раз гаворым мы пра пячатку — няйначай гэта тая стрэльба, якая потым павінна выстраліць.) Хаця суседства гэтых двух дадаткаў нібы прамаўляла само за сябе — абодва мелі адзін і той жа подпіс — Яська-гаспадар з-пад Вільні. Ды і ў тэксце кнігі згадвалася беластоцкая беларуская друкарня, дзе друкаваліся газеткі для народа, як (цытуем) "Апавяданне Янка-гаспадара з-пад Вільні", "Гутарка"; іх рэдактарам, паводле Гілера, быў Каліноўскі. Прыведзеная Гілерам назва "Апавяданне Янка-гаспадара..." — хутчэй за ўсё вельмі прыблізная, нават апісальная — цалкам магла асацыіравацца з надрукаваным у дадатку "Пісьмом ад Яська...", Пры перадрукоўцы "Пісьма..." Гілерам прапушчана некалькі слоў, Ніякага прынцыповага значэння гэта не мела — пропуск, відаць, выпадковы. Слова "Даволі" у пачатку перадапошняга абзаца чамусьці заменена на сінанімічнае "Годзі". Апошнюю акалічнасць растлумачыць больш складана.

Новая цікавасць да "Пісьма...", як і да іншых дакументаў паўстання 1863 года, з'явілася на пачатку нашага стагоддзя. Найперш у віленскім (у тым ліку беларускім) асяроддзі.

Як мы даведаліся а нядаўняга артыкула В. Шалькевіча ("Беларусь", 1993, №5), у 1911 годзе копію з арыгінала (друкаванага экземпляра?) "Пісьма...", які знаходзіўся ў рэдакцыі "Нашай нівы", зрабіў В. Ластоўскі.

Да пяцідзесяцігоддзя паўстання (1913) у Вільні выйшлі мемуары Я. Гейштара. У заўвагах да першага тома пра К. Каліноўскага, у прыватнасці, гаварылася:

"...хацеў прывесці ў рух народныя масы і выдаваў у тайнай друкарні Нацыянальнага ўрада на беларускай мове газетку пад назвай "Мужыцкая праўда" (некалькі нумароў яе — бясконца рэдкіх — мае музей графа Мураўёва ў Вільні), а таксама адозвы на гэтай жа мове, як, напрыклад, "Пісьмо ад Яська Гаспадара с-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай".

У 1914 годзе вядомы знаўца крыніц па гісторыі паўстання 1863 года Станіслаў Зялінскі, кіраўнік бібліятэкі Польскага нацыянальнага музея ў Раперсвілі (Швейцарыя), вельмі багатай на зборы паўстанцкай дакументацыі, успомніў "Пісьмо..." у публікацыі "Спроба бібліяграфіі тайнай прасы 1861–1864 гг." (варшаўскі часопіс "Ксёнжка", №4–5). Наступны пасаж з артыкула паказвае, як мала быў тады яшчэ вывучаны беларускі падпольны друк перыяду паўстання. Усё звалена ў адну кучу, даследчык ніяк не можа звесці канцы з канцамі. Цытуем:

"Гутарка двух суседаў" з'яўляецца, як мяркую, трэцім нумарам брашуры, якія выходзілі пад рознымі назвамі, як "Мужыцкая праўда", "Гутарка старога дзеда", і друкаваліся лацінскім шрыфтам на беларускай гаворцы. Праўда, "Глос Вольны" (польская лонданская газета 1863 г. — Г. К.) у пятым нумары паведамляе, што выйшаў 6-ты нумар выданейка "Мужыцкая праўда", які пачынаецца са слоў "Дзяцюкі", аднак той лісток ("Мужыцкая праўда" — Г. К.), наколькі мне вядома, не нумараваны, як не мае нумарацыі другая лістоўка, што падпадае пад катэгорыю гэтых гутарак, а менавіта "Пісьмо ад Яська Гаспадара". "Виленский вестник" у №35 за 1863 год, паведамляючы аб асуджэнні двух грамадзян на 6 гадоў катаргі за распаўсюджванне нелегальнай літаратуры, называе "Мужыцкую праўду" брашурай, а не газеткай. Дакладных звестак аб гэтых брашурах, над якімі працавалі ў ліку іншых Канстанцін Каліноўскі і Браніслаў Шварцэ, я не знайшоў..."

— прызнаецца карпатлівы даследчык. Доўгі шлях да высвятлення сапраўднай карціны публіцыстычнай спадчыны паўстання чакаў наперадзе гісторыкаў польскіх, расійскіх, беларускіх, літоўскіх.

Факсіміле "Пісьма..." паводле друкаванага экземпляра са згаданага музея ў Раперсвілі прывёў у свой час у сваёй вядомай кнізе "Год 1863" польскі гісторык Ю. Грабец. Адозва прадстаўлена тут, так бы мовіць, жыўцом як каларытная памятка паўстання. Пытання пра аўтарства Грабец не ўзнімаў. У нашай акадэмічнай бібліятэцы ёсць другое выданне гэтай кнігі (Познань, 1922). Ясную, чытэльную рэпрадукцыю нашай адозвы бачым на старонцы 345. Якраз гэтым выданнем карыстаўся У. Ігнатоўскі, працуючы над знакамітай сваёй "Гісторыяй Беларусі ў XIX і пачатку XX стагоддзя". У "Гісторыі..." Ігнатоўскага прыведзены некаторыя ілюстрацыі з кнігі Грабца (гэта ўдаецца ўстанавіць непасрэдным, так бы мовіць, візуальным супастаўленнем дзвюх кніг), у тым ліку факсіміле "Пісьма...". Ігнатоўскі даў да гэтай ілюстрацыі подпіс "Адозва Каліноўскага", спецыяльна на гэтым дакуменце гісторык не спыняўся.

У гэты час экземпляр "Пісьма ад Яська..." быў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы. Паводле гэтага паасобніка апісала "Пісьмо..." бібліёграф Ю. Бібіла ў "Летапісе беларускага друку. Ч. 2. Паасобныя выданні на беларускай мове. 1835—1916 гг." (Менск, 1929). Адозва апісана на псеўданім "Яська-гаспадар", пытанне аб аўтарстве ў кнізе не ставілася. Аднак у анатацыі пільная Ю. Бібіла зноў жа спецыяльна пазначыла: "На адозве Бел. Дзярж. Бібліятэкі пячатка: "Друкарня Нацыянальнага ўрада". Дададзім, што лістоўку з "Пісьмом..." можна бачыць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і цяпер (аддзел рэдкай кнігі, №09/5235). Ці той самы гэта экземпляр, які трымала ў руках Ю. Бібіла, цяжка сказаць. Поўнай пераемнасці паміж фондамі даваеннай і сённяшняй бібліятэкі ў сувязі з ваеннымі стратамі няма. Лістоўка разам з некалькімі нумарамі "Мужыцкай праўды" выяўлена сярод неапісаных фондаў бібліятэкі ў 1966 годзе (гл.: ЛіМ, 1966, 13 снеж.).

Даволі рана сталі з'яўляцца сумненні у аўтарстве Каліноўскага.

Яшчэ Адам Станкевіч, а быў ён дапытлівым даследчыкам, у кнізе "Кастусь Каліноўскі, "Мужыцкая праўда і Ідэя Незалежнасці Беларусі" (1933) пісаў на старонках 41–43:

"Польскія некаторыя гісторыкі, залічаючы К. Каліноўскага да палякаў, пераважна паклікаюцца на "Пісьмо Яські гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай", у якім аўтар заклікае беларусаў да паўстання разам з палякамі, бо "мы — кажа — жывемо на зямлі польскай, емо хлеб польскі, мы палякі з векоў вечных".

Адозва гэта сапраўды нейкая дзіўная.

Дух гэтай адозвы знаходзіцца ў яўнай супярэчнасці з усімі іншымі вышэйуспомненымі друкамі К. Каліноўскага ў сэнсе прадусім нацыянальным. Магчыма, што ён гэтак прамаўляў да беларусаў католікаў, — якія тады дзеля аднолькавасці рэлігіі з палякамі і дзеля агульнай цемнаты напэўна лічыліся палякамі і якіх палякі такімі ж лічылі, — каб іх вастрэй проціставіць маскалём. Мог такжа К. Каліноўскі назваць усіх беларусаў палякамі — і Беларусь з Літвой зямлёй польскай — у значэнні палітычным што да мінуўшчыны, што на землях тутэйшых панавала калісьці Польшча, каб сялянам прыпомніць, што маскаль тут нявечны, Але сказаць, што "мы ямо хлеб польскі", сказаць да сялян, з якімі Каліноўскі быў усей душой, якіх так высока цаніў працу, — гэта не ў дусе Каліноўскага. Ведаем, што беларускія друкі, каб заклікаць сялян да паўстання, выдавала такжа і буйная шляхта. Вось жа надта магчыма, што нехта з яе скарыстаў з папулярнасці Каліноўскага і зрабіў звычайны падлог, падшываючыся пад яго шырока сялянам вядомую мянушку: Яська гаспадар з-пад Вільні. Быць можа — дакладныя студыі над Каліноўскім, асабліва беларускіх гісторыкаў, выясняць і гэтую нявыразнасць, кідаючую цень як на нацыянальнасць, так і на беларускія і агульна краёвыя самастойніцкія ідэалы яго. Аднак паўтараем — тое ўсё, што мы ў гэтым сэнсе аб Каліноўскім сказалі, служыць нам дастатачным доказам і яго беларускіх палітычных самастойніцкіх ідэалаў.

Гэта ўсё так ясна ў гісторыі, што напр. віленскі праф. Ст. Касьцялкоўскі (рэцэнзія на кніжку аб паўстанні у Літве 1863 г. А. Янулайціса. Aten. Wil. №3–4, s, 587. Wilno, 1923), які апіраецца іменна на гэну адозву Каліноўскага, прыпісвае яму ідэалы агульна-польскія, а ўсёж-дыкі заве яго "sui generis1 сепаратыстам", свайго роду самастойнікам. А гэна самастойніцкае імкненьне Каліноўскага, імкненьне ў пэўнай меры аддзяліцца ад Польшчы між іншым пэўне ж апіралася і на яго беларускасці".

Прыведзены вялікі фрагмент з кнігі А. Станкевіча сведчыць аб яго здольнасці ўсебакова ахапіць прадмет гаворкі, аб яго дастаткова высокім майстэрстве аб'ектыўнага навуковага аналізу.

Дамо далей слова польскаму даследчыку Кшыштафу Канкалеўскаму, які ў выдатнай працы "Канстанцін Каліноўскі і яго творы", без ваганняў залічыўшы да творчага даробку Каліноўскага "Мужыцкую праўду", дадаваў:

"Затое можна пагадзіцца з тымі гісторыкамі, якія з вялікім скептызмам ставяцца да аўтарства адозвы пад назвай: "Пісьмо Яська Гаспадара спад Вільні да мужыкоў зямлі польскай", якая некаторымі прыпісваецца Каліноўскаму. Хаця адозва гэтая падпісана імем, якое ўжываў Каліноўскі, аднак яе змест цалкам адыходзіць ад поглядаў Каліноўскага і ад зместу "Мужыцкай праўды", а таксама напісанага незадоўга да смерці "Пісьма з-пад шыбеніцы". Невядома, ці не белыя або Дзюлеран (камісар варшаўскага Жонда ў Вільні. — Г. К.), ведаючы папулярнасць подпісу "Яська Гаспадар", выкарысталі яго ў гэтай адозве для сваіх мэтаў: (зб. "З гісторыі рэвалюцыйнага супрацоўніцтва палякаў і рускіх у другой палове XIX ст.". Вроцлаў, 1956, с. 195. На польскай мове).

Некалькі разоў выказваўся пра "Пісьмо..." вядомы гісторык А. П. Смірноў. Найбольш падрабязна ён спыняецца на гэтым пытанні ў сваім грунтоўным даследаванні пра "Мужыцкую праўду" (зб. "Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х годов". М., 1960, с. 21–22). Прасочым за ходам яго думкі (для сцісласці мы крыху скарачаем шматкроп'ем у квадратных дужках поўную назву дакумента, пра які сёння ўся наша гаворка):

"Што да сцвярджэнняў, быццам Каліноўскі быў аўтарам так званага "Пісьма Яські [...]", то іх трэба адхіліць. Змест гэтага пісьма, якое выйшла прыкладна вясной 1863 г., карэнным чынам адрозніваецца ад сёмага нумара "Мужыцкай праўды", абнародаванай у гэты ж час, па асноўным пытанні паўстання — аграрным, "Мужыцкая праўда" сцвярджае, што існуючы парадак павінен быць зменены ў адпаведнасці з інтарэсамі сялянства. Зусім інакш вырашаецца пытанне ў пісьме. Яно высоўвае патрабаванне перадачы сялянам, і да таго ж за выкуп, толькі той зямлі, якая знаходзіцца ў іх карыстанні на момант апублікавання маніфеста варшаўскага Жонда ад 22 студзеня 1863 г. Такім чынам, велізарныя зямельныя ўчасткі, захопленыя памешчыкамі ў сялян у перыяд падрыхтоўкі рэформы 1861 г., пакідаюцца ў эксплуататараў. Інтарэсы беззямельнага сялянства зусім абмінаюцца, калі не лічыць мізэрнай абяцанкі надзялення ўчасткамі ў 3 моргі2 пасля перамогі паўстання.

У пісьме і размовы няма аб пераўтварэнні існуючых парадкаў у адпаведнасці з жаданнямі сялянства, што яскрава выказана ў "Мужыцкай праўдзе".

Пісьмо, адрасаванае "мужыкам зямлі польскай", змяшчае сцверджанне, што ўсе жыхары Беларусі і Літвы з'яўляюцца "палякамі з векаў вечных". Гэта таксама супярэчыць поглядам групы Каліноўскага. Яна адрасавала свае адозвы "да народа зямлі літоўскай і беларускай" нават і тады, калі была вымушана прызнаць сваю залежнасць ад варшаўскага Жонда. Ставячы ў сваіх адозвах на першы план вырашэнне аграрнага пытання ў адпаведнасці з інтарэсамі сялянства, група Каліноўскага абараняла свабоду нацыянальнасцей і ніколі не называла беларусаў і літоўцаў палякамі. Вядома, што рэвалюцыйныя адозвы таго часу завяраліся пячаткай камітэта, які іх выпускаў. "Мужыцкая праўда" наогул не мела пячаткі, таму што не была афіцыйным органам Літоўскага правінцыяльнага камітэта. Органам гэтага камітэта быў "Сцяг свабоды". Пазней, у ходзе паўстання, Каліноўскі змацоўваў свае адозвы пячаткамі, Так, на загадзе аб уступленні яго на пасаду гродзенскага рэвалюцыйнага камісара стаіць пячатка з надпісам: "Урадавы камісар Гродзенскага ваяводства". Аднак "Пісьмо Яські [...]", якое выйшла ў той перыяд, калі Каліноўскі быў на Гродзеншчыне, мае пячатку не гродзенскага камісара, а друкарні Жонда Нарадовага. Гэтую адозву змацаваў сваім імем Жонд, а не Каліноўскі. Нарэшце, мы не можам прайсці міма таго факта, што ў "Мужыцкай праўдзе" №7, якая распаўсюджвалася неўзабаве пасля "Пісьма [...]", змяшчаюцца словы: "Доўга маўчаў я, не казаў вам нічога, бо хацеў разглядзецца добра да разабраць, што гэта дзеецца на свеце, штоб ужэ спавясціць вас па справядлівасці да сказаць... што нам цяпер трэба рабіць". У дадзеных словах змяшчаецца відавочнае ўказанне на тое, што аўтар "Мужыцкай праўды" не звяртаўся да народа ў якіх-небудзь адозвах.

Моўныя асаблівасці адозваў таксама сведчаць пра тое, што яны не належаць пяру аднаго аўтара.

Усё гэта прыводзіць да высновы, што "Пісьмо [...]" не з'яўляецца творам, які выйшаў з колаў рэвалюцыйнай дэмакратыі. Відавочна, папулярнасць "Яські" спрабавалі выкарыстаць члены так званай партыі "белых".

Вось такі ўсебаковы разгляд гэтага дакумента і пытання аб яго аўтэнтычнасці зрабіў А. П. Смірноў. Былі тут надзвычай трапныя і пераканаўчыя назіранні (здаецца, якраз Смірноў першы, ва ўсякім выпадку адным з першых, надаў прынцыповае значэнне пячатцы), прывабліваў сам даследчыцкі пафас гісторыка, універсалізм падыходаў, але некаторыя высунутыя ім палажэнні маглі выклікаць (дый сапраўды выклікалі) і пярэчанні.

У прыватнасці, як мы ўжо гаварылі, па сваёй мове і стылі "Пісьмо..." якраз вельмі блізкае да вядомых твораў Каліноўскага.

Можна таксама пагадзіцца з польскім гісторыкам Д. Файнгаўзам, які ў карпатлівым даследаванні "Канспіратыўная прэса Студзеньскага паўстання ў Літве і на Беларусі" ("Рочнік бялостоцкі", 1963, т. 4) выказаў думку, што ў сацыяльнай праграме "Пісьма ад Яська..." і "Мужыцкай праўды" №7 прынцыповай розніцы няма. Дададзім ад сябе, што якраз 3 моргі зямлі, як і ў "Пісьме...", абяцаў беззямельным паўстанцам Літоўскі правінцыяльны камітэт Каліноўскага ў сваім маніфесце аб пачатку паўстання, датаваным 1 лютага 1863 года новага стылю.

Д. Файнгаўз прывёў таксама вельмі важны новы архіўны матэрыял па гэтым пытанні.

У Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, паведамляе Файнгаўз, захоўваецца незавершаная рукапісная праца гісторыка-бібліёграфа С. Пісарскага пачатку XX стагоддзя "Польскі перыядычны друк 1861–1864 гадоў". Аснову працы складае каталог, у якім на сваім месцы згадваецца і "Пісьмо ад Яська...", а ў дадатку падаецца яго копія, аналагічная тэксту Гілера, і гаворыцца, што гэтае выданне рэдагаваў Каліноўскі і — тут Файнгаўз цытуе Пісарскага — "пададзены экземпляр з'яўляецца памяткай па Канстанціне Каліноўскім, яго рукой праўлены". Вось так — ні больш, ні менш — праўлены рукой самога Каліноўскага! Навуковая каштоўнасць гэтага сведчання ўзрастае, калі даведваемся (з прадмовы да зборніка "Падпольная прэса 1861–1864 гг.", частка 1. Вроцлаў — Варшава — Кракаў, 1966, с. V), што Станіслаў Пісарскі быў даволі блізкім сваяком (зяць сястры) А. Гілера, сам калекцыяніраваў тайную паўстанцкую прэсу і іншыя дакументы таго перыяду. А да Гілера ж — мы ведаем — нейкім чынам трапілі рэшткі творчай спадчыны Каліноўскага, якраз ён быў першым выдаўцом яго славутых "Пісьмаў з-пад шыбеніцы". Можа — прыходзіць у галаву думка, — наяўнасцю экземпляра з аўтарскай праўкай і тлумачыцца варыянтнасць прыведзенага Гілерам тэксту "Пісьма...", пра што мы гаварылі ў пачатку нашага артыкула (хаця, з другога боку, вядома, што Гілер часам адступаў і ад аўтографаў). Разам з тым нельга не адзначыць, што якраз адносна "Пісьма..." у каталогу Пісарскага вялікая прыкрая блытаніна, ён падае "Пісьмо..." як перыёдык, які нібыта выходзіў нерэгулярна ў 1862 і 1864 гадах (якраз 1863 год, якім і трэба датаваць "Пісьмо...", чамусьці прапушчаны). Між тым ніякіх звестак, нават намёкаў, каб "Пісьмо ад Яська..." мела нейкі працяг у часе, было перыядычным выданнем, сёння ў даследчыкаў няма. "Пісьмо..." мае ўсе прыкметы аднаразовай адозвы. Так што Пісарскі, мабыць, уяўляў сабе беларускі друк перыяду паўстання гэтаксама ж цьмяна, як і яго цёзка і сучаснік Станіслаў Зялінскі, пра што мы пісалі вышэй. Мог памыліцца ён і ў вызначэнні почырку Каліноўскага на экземпляры, якім карыстаўся. Сёння такі паасобнік невядомы. Калі б мы мелі такі экземпляр і графалагічная экспертыза пацвердзіла б прыналежнасць почырку Каліноўскаму, гэта была б іншая размова. А пакуль нам астаецца рупліва і абачліва ўзважваць усе акалічнасці. Вернемся да артыкула ў "Рочніку бялостоцкім".

Некаторыя пытанні Д. Файнгаўз вырашае ў духу А. Станкевіча.

"Больш складанай, — піша ён, — з'яўляецца справа з ужываннем аўтарам "Пісьма Яська Гаспадара" звароту: "мы, што жывемо на зямлі Польскай [...] Палякі з векаў вечных", у той час як Каліноўскі ў астатніх сваіх выданнях ужываў вызначэнне "народ Літвы і Беларусі". Можам, аднак, дапусціць, што ў дадзеным выпадку мелася на ўвазе больш моцная дэманстрацыя перад Еўропай і царскім урадам адзінства інтарэсаў з Польшчай, і слова "паляк" ужыта ў пераносным сэнсе, каб падкрэсліць, што ўвесь абшар, дзе разгортваецца паўстанне, з'яўляецца "польскім".

Наконт пячаткі Д. Файнгаўз прызнае, што "ўласна гэтая акалічнасць хіба найцяжэй паддаецца вытлумачэнню", Увогуле, на думку польскага вучонага, уся справа з "Пісьмом..." вымагае дадатковага вывучэння.

Такім чынам, не толькі ў беларускіх і рускіх даследчыкаў, але і ў іх польскіх калег ёсць большыя або меншыя сумненні ў аўтэнтычнасці гэтага дакумента. У вельмі ўзважаным рэдакцыйным артыкуле пра Каліноўскага ў аўтарытэтным "Польскім біяграфічным слоўніку" (1965) пра "Пісьмо ад Яська..." сказана:

"...друк, прыпісваны К[аліноўск]аму, выд[адзены], здаецца, "белымі" як акт супрацьрэвалюцыйнай прапаганды...".

Зазірнём таксама ў польскія бібліяграфіі. У спецыяльнай фундаментальнай бібліяграфіі Э. Казлоўскага, прысвечанай паўстанню 1863 года (Варшава, 1964), "Пісьмо..." апісана пад №4349 па першым слове загалоўка. Прыведзены загаловак, пачатак тэксту, подпіс. Далей адзначана:

"Без месца і года выдання. Друк Нацыянальнага ўрада, 8°, ненумараваных старонак 1". І ніжэй анатацыя адным словам: "К. Каліноўскі").

У другім выданні знакамітай "Польскай бібліяграфіі XIX стагоддзя" К. Эстрайхера (Кракаў, 1987, т. 14) гэтая адозва апісваецца на імя К. Каліноўскага як адзіны яго, не лічачы "Мужыцкай праўды", твор, які выйшаў асобным выданнем. Праўда, у анатацыі ўдакладняецца:

"Друк, прыпісваны К. Каліноўскаму".

Не можам абмінуць тут таксама палемічны артыкул маскоўскага вучонага М. В. Міско (беларуса па паходжанні) "Аб асвятленні характару паўстання 1863 года ў Літве і Беларусі ў некаторых работах савецкіх аўтараў" (зб. "Славянская историография". М., 1966). Наш зямляк з вялікім імпэтам — дзе справядліва, а дзе несправядліва — крытыкаваў тут працы савецкіх гісторыкаў, у першую чаргу А. П. Смірнова, за пэўныя нацяжкі ў ацэнцы характару беларуска-літоўскага паўстання і яго дзеячаў. Прыгадаў ён і дакумент, які нас цяпер цікавіць, прычым і сам не абышоўся без палемічнага перабольшання. Мяркуйце самі — цытую:

"Пісьмо "Да мужыкоў зямлі польскай" знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з усім, што было напісана або рэдагавана Каліноўскім — з "Мужыцкай праўдай", з яго загадамі і, у прыватнасці, з пісьмом "Да беларускага народа" (так званым "Пісьмом з-пад шыбеніцы"), якое ўжо напісана пасля арышту і не выклікае сумненняў у прыхільнікаў новых ацэнак".

Але мы ўжо бачылі, што адрозненні (прычым прынцыповыя) былі — іх заўважыў не толькі А. П. Смірноў, але і А. Станкевіч, К. Канкалеўскі і іншыя. Нельга не адзначыць, што ў далейшых сваіх разважаннях М. Міско, на жаль, дэманструе часам няўвагу да канкрэтнага матэрыялу, блытае "Пісьмы з-пад шыбеніцы" Каліноўскага з яго ж вядомай тлумачальнай запіскай ад 28 лютага 1864 года, адрасаванай царскім уладам. Гэта недаравальна для прафесійнага гісторыка, да таго ж не навічка ў праблематыцы паўстання (М. Міско — аўтар навукова-папулярнай манаграфіі "Польскае паўстанне 1863 года", М., 1962). Тым больш калі ён сурова папраўляе іншых.

Дзеля паўнаты карціны трэба сказаць, што некаторыя беларускія вучоныя і ў наш час лічаць "Пісьмо..." творам Каліноўскага. У прыватнасці, вядомы беларускі паэт і літаратуразнавец, што жыве ў Польшчы, А. Баршчэўскі пісаў у "Аглядзе публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага" ("Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1861 года", Беласток, с. 70):

"Мужыцкая праўда", займаючы ў яго (Каліноўскага. — Г. К.) публіцыстычных дасягненнях галоўнае месца, не з'яўляецца адзіным творам Каліноўскага. Яго публіцыстычна-літаратурная спадчына дапаўняецца "Пісьмом Яські гаспадара з-пад Вільні" і "Пісьмом з-пад шубеніцы"* напісаным напярэдадні смерці ў час прабывання ў віленскім астрозе".

Гэта ж думка ў больш сціслай форме паўтараецца і ў курсе гісторыі беларускай літаратуры XIX ст., апублікаваным А. Баршчэўскім у беластоцкай "Ніве". Працытуем зноў:

"Публіцыстычна-літаратурная спадчына Каліноўскага гэта: сем нумароў газеты "Мужыцкая праўда", "Пісьмо Яські гаспадара з-пад Вільні", "Пісьмо з-пад шубеніцы". (Ніва, 1972, 19 ліст.).

Пра выказаныя многімі даследчыкамі сумненні ў аўтэнтычнасці "Пісьма..." нідзе нават не ўспамінаецца. Трэба сказаць, што ў паважных і цікавых экскурсах Баршчэўскага ў каліноўсказнаўства сустракаюцца прыкрыя недагляды (як у першай, так і ў другой публікацыі Я. Гейштар паслядоўна блытаецца з А. Гілерам). Не ўзнікае пытанняў пра аўтарства і ў У. Казберука, які, праўда, спецыяльна гэтай праблемы не вывучаў.

Літаральна апошнім часам супраць прыпісвання Каліноўскаму "Пісьма ад Яська..." пераканана выступіў наш вядомы гісторык М. Біч у артыкуле аб нацыянальным і аграрным пытаннях у час паўстання 1863 года (Беларускі гістарычны часопіс, 1993, №3).

І ўсё ж для канчатковага вырашэння пытання зроблена яшчэ далёка не ўсё. На жаль, дагэтуль не высветлены толкам некаторыя важныя першачарговыя пытанні, звязаныя а "Пісьмом...", а менавіта дакладны час выдання гэтага дакумента і тэрыторыя, на якой ён пашыраўся.

У следчай справе аб гродзенскай паўстанцкай арганізацыі (ДГА Літвы, ф. 1248, воп. 2, спр. 917в) прыводзіцца такі выпадак.

У верасні 1863 года сяляне маёнтка Паўловічы Сакольскага павета (Беласточчына) перадалі царскім уладам паперы, знойдзеныя імі (нібыта яшчэ ў жніўні) у панскім садзе. Там былі асобныя дакументы паўстанцкай арганізацыі Сакольскага павета і сярод іх — друкаваны лісток з "Пісьмом ад Яська...".

Адпаведнае расследаванне ў Паўловічах у сувязі з гэтым царская ўлады праводзілі ў сакавіку 1864 года. Селянін Цімох Сцяжэўскі расказаў на допыце, што летась (г. зн. у 1863 годзе) на масленіцу ён сек дровы ў маёнтку, потым снедаў у чалядні. Дачка панскага фурмана Мар'яна Альшэўская (цытуем)

"показала мне печатный листок, говоря, что это мужик с-под Вильно пишет и стала потом читать его. Я просил ее из любопытства дать мне листок этот взять с собой в деревню, где — говорил я Марьяне, — найдутся грамотные и тоже прочтут".

Мар'яна сказала яму, што ўзяла лісток у панскіх пакоях, але ўсё ж дала яго Сцяжэўскаму. Потым яго нібыта забраў назад Мар'янін бацька-фурман. Царскія чыноўнікі у парадку следчага эксперымента прачыталі Сцяжэўскаму "Пісьмо ад Яська...", і той прызнаў, што гэта тое самае. Мар'яна на допыце сказала, што сапраўды перад вялікім пастом перадала Сцяжэўскаму друкаваны лісток, але ці гэты самы — не помніць.

Уся справа набыла нежартоўны абарот. Небарака-селянін за цікавасць да рэвалюцыйных адозваў атрымаў арыштанцкія роты, Мар'яна адседзела год у турме з наступнай высылкай пад нагляд паліцыі ва "унутраныя губерні" Расіі.

Трохі пазней я прывяду неаспрэчны аргумент за тое, што "Пісьмо..." не магло чытацца ў Паўловічах на зыходзе зімы або ранняй вясной 1863 года. "Пісьма..." папросту тады яшчэ не існавала. Калі удзельнікі гэтай падзеі дакладна вызначылі час, значыць размова можа ісці толькі пра "Мужыцкую праўду", якая ў Сакольскім павеце пашыралася вельмі інтэнсіўна і якую Сцяжэўскі мог свабодна, па многіх прыкметах, пераблытаць з "Пісьмом...". З прыведзеных дакументаў ясна толькі, што ў верасні 1863 года, калі адбылася перадача паўловіцкіх папер уладам, "Пісьмо..." было ўжо рэаліяй (знойдзены паперы нібыта нават раней — у жніўні).

Як мы бачылі вышэй, А. Смірноў датуе "Пісьмо..." "прыкладна вясной 1863 года" адначасова з сёмым нумарам "Мужыцкай праўды", нават крыху раней за яго. Д. Файнгаўз без дадатковай матывіроўкі адносіць з'яўленне "Пісьма..." да вясны — лета 1863 года, М. Міско — да лета 1863 года.

Цяпер прызнана, што сёмы нумар "Мужыцкай праўды" выйшаў у чэрвені 1863 года адначасна з вядомым "Прыказам... да народу зямлі Літоўскай і Беларускай".

Тады ж, а хутчэй за ўсё ўслед за імі, з'явілася і "Пісьмо ад Яська...". Мне бачыцца нейкі паралелізм, спрэчка паміж "Прыказам..." і "Пісьмом...". Спрэчка пра тое, як называць гэтую зямлю, абшар былога Вялікага Княства Літоўскага. Для нагляднасці пакажам гэта графічна.

ІІІ
"Прыказ... да народу зямлі Літоўскай і Беларускай""Пісьмо... да мужыкоў зямлі польскай. (або — "зямлі Польскай")**

"Зямлі Літоўскай і Беларускай. — сцвярджае першы. Не, чакайце, якой яшчэ гэта зямлі Літоўскай і Беларускай? "Зямлі Польскай"! — адгукаецца "Пісьмо...", Ці не з'яўляецца апошняе ў гэтым сэнсе якраз своеасаблівай папраўкай да "Прыказа..."?

"Прыказ..." змацаваны пячаткай Аддзела Літвы. Пячатка на "Пісьме..." з надпісам "Друкарня Нацыянальнага ўрада" неабвержна даводзіць, што дакумент мае сувязь а Варшавай, з'явіўся на свет у адной а друкарняў Нацыянальнага ўрада. Аб гэтым жа сведчыць і даволі высокі паліграфічны ўзровень выдання, выразнасць і разнастайнасць шрыфтоў, Іншыя беларускія выданні, якія друкаваліся ў Беластоку і іншых друкарнях Беларусі-Літвы, выглядалі ў гэтых адносінах бядней.

Гэтай пячаткай наогул варта заняцца больш пільна. Разгорнем выдадзены ў Польшчы (Вроцлаў — Варшава — Кракаў, 1968) вычарпальны зборнік "Дакументы Цэнтральнага нацыянальнага камітэта і Нацыянальнага ўрада: 1862–1864". Там ёсць спецыяльная табліца пячатак, якімі карысталіся ў гэты час паўстанцкія ўлады. Наша пячатка пад №10: увенчаны каронай шчыт з гербамі Польшчы, Літвы (Літвы-Беларусі) і Русі (Украіны) і ўжо добра знаёмы нам надпіс буйнымі літарамі па акружнасці: "Друкарня Нацыянальнага ўрада". Пячатка згадваецца ў прадмове да зборніка ў сувязі з так званым "чэрвеньскім" (але якраз не "чырвоным", а вельмі ўмеркаваным) урадам К. Маеўскага:

"Усе паперы, прызначаныя для масавага выдання, уключаючы і падпольную прэсу, змацоўваліся асобнай пячаткай друкарні Нацыянальнага ўрада...".

Радуемся высокаму ўзроўню працы польскіх археографаў. Усе дакументы, апублікаваныя ў зборніку, забяспечаны ўказаннем, якой яны змацаваны пячаткай. Пячатку 10-га ўзору, як аказалася, маюць 32 дакументы. Першы (за №130) датаваны 30 мая 1863 года новага стылю; апошні (№333) — 25 сакавіка 1864 года таксама новага стылю. Па месяцах яны, паводле маіх падлікаў, размяркоўваюцца так: май 1863 года — 1, чэрвень — 3, ліпень — 11, жнівень — 10, кастрычнік — 3, лістапад — 1, люты 1864 года — 1, сакавік — 2. Пік выкарыстання пячаткі прыходзіцца на ліпень — жнівень. Хутчэй за ўсё, тады і надрукавана наша "Пісьмо..." (мы помнім, што ў верасні 1863 года паўловіцкія сяляне на Сакольшчыне перадалі яго ўладам).

Такім чынам, "Пісьмо..." было запушчана ўлетку 1863 года варшаўскім Жондам, але гэта магло быць зроблена з удзелам або без удзелу Каліноўскага.

Дарэчы, падумаем, каму "Пісьмо..." адрасавана. Можа, сялянам карэннай Польшчы? Варшаўскі урад мог паспрабаваць перанесці ўдалы вопыт агітацыйнай працы Каліноўскага сярод сялян на іншыя рэгіёны. У парадку, так бы мовіць, своеасаблівага абмену вопытам. Чаму б хлопам з-пад Варшавы не паслухаць дасціпнага ды языкастага Яську з-пад Вільні? Мова ж не такая і далёкая, з польскай у яе нямала агульнага. Але гэта неяк адбілася б на змесце дакумента, "уніяцкая вера", што згадваецца ў "Пісьме...", закранала толькі беларусаў (хіба яшчэ ўкраінцаў). Так што па назве і некаторых дэталях гэта зварот да сялян усёй былой Рэчы Паспалітай, а па мове і некаторых іншых рэаліях зварот да мужыкоў-беларусаў (хоць, паўторым, непасрэдна ні Беларусь, ні беларусы ў адозве не называліся).

Цікавую гіпотэзу высоўвае ў сувязі з гэтым польскі гісторык В. Кардовіч у сваёй паважнай манаграфіі "Канстанцін Каліноўскі" (Варшава, 1955). На старонцы 186 знаходзім такую інтэрпрэтацыю: у загадкавым "Пісьме ад Яська..."

"...Каліноўскі звяртаўся, відавочна, да беларускіх сялян той часткі Гродзеншчыны, якая ў той час была далучана паўстанцкімі ўладамі да Каралеўства Польскага, і тым самым сапраўды да сялян Польшчы як дзяржаўнай цэласці".

І яшчэ:

"Да сялян Гродзеншчыны, а можа, і да польскіх сялян Літвы адносяцца такія выразы гэтай лістоўкі, як: "мы, што жывемо на зямлі польскай [...] з векаў вечных" і "хто за Рондам Польскім, таму праўдзівая вольнасць, хто проціў яго, таму вечна няволя на гэтам і вечнае патэнпене на тамтам свеце".

Тут трэба хаця б коратка прыгадаць тэрытарыяльныя спрэчкі паміж канспіратарамі Варшавы і Вільні. Як вядома, яшчэ ў лістападзе 1862 года віленскія падпольшчыкі вельмі бурна рэагавалі на перадачу Беластоцкай арганізацыі*** пад непасрэднае кіраўніцтва Варшавы. Раззлаваны Каліноўскі нават выгнаў у сувязі з гэтым прадстаўніка варшаўскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Вільні Дзюлерана з пасяджэння Літоўскага камітэта. Пасля пачатку паўстання Беласток вяртаецца пад эгіду Вільні, але паступова ледзь не ўся Гродзеншчына далучаецца да "Кароны" або "Каралеўства" (г. зн. Польшчы). Улетку 1863 года загадам з Варшавы ў адзін рэгіён у вайсковых адносінах аб'ядноўваюцца Аўгустоўская і Гродзенская губерні, Лідскі павет Віленскай губерні і Наваградскі павет Мінскай, Праўда, на чале быў пастаўлены ўраджэнец Беларусі Р. Траўгут, да таго ж гэты праект, здаецца, так і астаўся на паперы (зб. "Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861–1862 гг.", с. 178). Асабліва шчодра гатовыя былі раскідацца беларускай зямлёй "белыя", Я. Гейштар успамінаў (яго мемуары, т. 1, с. 252):

"За паўднёвыя паветы Гродзенскай губерні Віленскі Камітэт ("чырвоных". — Г. К.) вёў спрэчку з Нацыянальным урадам; апошні жадаў далучыць іх да Каралеўства, а літвіны настойвалі на цэласнасці Літвы. Першай нашай (беларуска-літоўскіх "белых". — Г. К.) справай было поўнае выкананне волі ўрада, калі нават пажадае забраць і ўсю Гродзенскую губерню, якая ляжыць паміж Вільняй і Варшавай і таму распараджэнні ўрада там могуць раней атрымлівацца з Варшавы. Бо мы лічылі сябе адзінай Польшчай, і размова ішла толькі пра аператыўнасць, пра веданне мясцовых умоў. Мы хацелі знішчаць той сепаратызм, які з'яўляецца адной з адвечных нашых правінаў і якім мы, літвіны, пераважна грашым".

Прынцыпова іншай, як мы ведаем, была пазіцыя Каліноўскага і яго аднадумцаў. І яна аставалася нязменнай. Памочнік Каліноўскага І. Ямант, паводле ўласных паказанняў, у жніўні 1863 года

"написал два обширных рапорта в Варшаву о состоянии литовского восстания и положении края. Объясняя в них исключительные условия Литвы, я оспаривал пользу в присоединении вое[водст]в Ковенского и Гродненского к управлению Царства" (зб. "Восстание в Литве н Белоруссии 1863—1864 гг.". М., 1965, с. 447).

Але гэта не значыць, што Каліноўскі не мог назваць Беларусь і Літву "польскай зямлёй". Мог — менавіта ў тым гістарычна-палітычным сэнсе, пра які пісалі А. Станкевіч і Д. Файнгаўз. Ды яшчэ, каб падкрэсліць іх "немаскоўскасць". У нядаўнім артыкуле "Каліноўскі знаёмы і незнаёмы" (Полымя, 1963, №6) я пісаў ужо пра блізкасць Каліноўскага і амаль усёй тагачаснай беларускай інтэлігенцыі да Польшчы, да польскіх культурна-палітычных традыцый. Калі карыстацца тэрміналогіяй маладога даследчыка М. Хаўстовіча (гл. аўтарэферат яго дысертацыі "Беларускі літаратурна-грамадскі рух у 30–40-я гады XIX стагоддзя". Мн., 1993), беларускі патрыятызм злучаўся ў Каліноўскага з патрыятызмам "літвінскім" і "рэчы-паспалітаўскім".

Выраз "польская зямля" дапасавальна да Літвы-Беларусі ёсць у маніфесце Літоўскага камітэта Каліноўскага ад 1 лютага 1863 года, які мы ўжо згадвалі. Прывядзём §2 гэтага маніфеста:

"Польскі Нацыянальны ўрад аддае аседлым сялянам, панскім і скарбовым, на вечныя часы ў поўнае ўладанне без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу, а ўсе распараджэнні маскоўскага ўрада адмяняе, таму што гэта зямля польская, а не маскоўская: (польскі тэкст ва ўжо згаданым зборніку "Дакументы ЦНК...", с. 502; пераклад на беларускую — у зб.: "Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі", Мн., 1940. Т. 2, с. 486).

Могуць сказаць, што Літоўскі камітэт быў калектыўным органам, што тэкст маніфеста выпрацоўваўся супольна усімі членамі, частка якіх не падзяляла радыкальных поглядаў Каліноўскага і г. д., але ўсё-такі перад намі факт, з якім мы не можам не лічыцца.

Але ў "Пісьме ад Яська..." сказана куды болей: "...мы, што жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі з векаў вечных". Селяніна ўвогуле нельга папракнуць хлебам, селянін заўсёды есць свой хлеб. А тут беларускаму селяніну-хлебаробу гавораць, што ён есць польскі хлеб. Ці не занадта ўжо гэта?! Вельмі падазрона, каб так мог напісаць Каліноўскі. Тут ёсць нейкі наўмысны выклік, супрацьстаўленне таму, што гаварылася ў "Прыказе... да народу зямлі Літоўскай і Беларускай".

І чаму раптам "Пісьмо ад Яська..." ідзе на Беларусь, няхай на заходнюю яе ўскраіну, праз Варшаву? Гэта можна было б зразумець, калі б у Каліноўскага ўлетку 1863 года не было сваіх друкарняў. Не, друкарні былі, у іх надрукаваны ў чэрвені 1863 года сёмы нумар "Мужыцкай праўды" і згаданы "Прыказ...", змацаваны пячаткай паўстанцкага Аддзела Літвы. Праз некаторы час Каліноўскі паслаў нават адзін з друкарскіх станкоў у Пецярбург, рускім рэвалюцыянерам-землявольцам.

Таму меркаванне пра тое, што Каліноўскі не меў адносін да ўзнікнення "Пісьма...", выглядае не такім ужо неабгрунтаваным.

Магчыма, мы маем справу з акцыяй варшаўскага паўстанцкага ўрада ў адказ на "сепаратысцкія" настроі і дзеянні Каліноўскага і яго аднадумцаў. Праз шчыльную заслону часу можна паспрабаваць убачыць і непасрэднага арганізатара-выканаўца гэтай акцыі. Ім мог быць чалавек, які ў 1858 годзе распісаўся ў знакамітым Альбоме А. Вярыгі-Дарэўскага як "Дзівак з-над Віліі". Вацлаў Пшыбыльскі — я пісаў аб ім у сувязі з Альбомам у кнізе "Героі і музы" (1982). Педагог і журналіст, цесна звязаны з гуртком віленскіх літаратараў, ён прыняў у 1863 годзе чынны ўдзел у паўстанні. Дзейнічаў ён у Варшаве, прычым яго становішча ў паўстанцкай арганізацыі прымушала яго пільна, вельмі пільна сачыць за падзеямі ў Літве і на Беларусі і адначасна дазваляла яму хутка здзейсніць любую друкарскую акцыю. Зрэшты, прывядзём кароткую даведку аб ім з паказальніка імёнаў да кнігі "Паказанні і запіскі аб польскім паўстанні 1863 года Оскара Авейдэ" (М., 1961). Падкрэслім дэталі, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу:

"Пшыбыльскі (Пржыбыльскі; Przybylski) Вацлаў (1828–1872) — віленскі настаўнік, журналіст, супрацоўнік газеты "Кур'ер віленьскі", прыхільнік "белых", у сакавіку—снежні 1863 сакратар па справах Літвы пры Нацыянальным урадзе, у чэрвені—жніўні і кастрычніку начальнік горада Варшавы, у чэрвені—верасні дырэктар Аддзела друку, з снежня 1863 да мая 1864 камісар Нацыянальнага ўрада за межамі Каралеўства Польскага, астаўся ў эміграцыі".

Польскія даведнікі дадаюць яшчэ і зусім дэтэктыўнае, што стасуецца ўжо да апошніх гадоў, да жыцця на эміграцыі:

"быў агентам турэцкай разведкі на Балканах".

Хоць гэта і нагадвае сваёй раптоўнасцю смелыя імправізацыі берыеўскіх следчых, але жыццё таксама някепскі імправізатар і нейкія рэальныя рысы характару, трэба думаць, адлюстроўвае і гэтая дэталь. Словам — чаго ж вам болей! Як прыхільніка "белых" і сакратара па справах Літвы пры Нацыянальным урадзе яго, зразумела ж, не магла не трывожыць "сепаратысцкая" дзейнасць Каліноўскага. А будучы дырэктарам Аддзела друку, ён якраз загадваў усімі друкарнямі Нацыянальнага ўрада. Можна эфектна ўсклікнуць нават: гэта ж у яго была пячатка з надпісам "Друкарня Нацыянальнага ўрада"! (Праўда, не ўтойваю: тэхнікі я не ведаю, магчыма, пячатак было некалькі — у кожнай друкарні свая, хоць і ідэнтычная іншым. Але што ўсе друкарні, а з імі і пячаткі былі пад яго рукой — гэта факт.) Дык ці не прывабілі Пшыбыльскага публіцыстычныя лаўры Каліноўскага, ці не адважыўся "Дзівак з-над Віліі" на нейкі момант зрабіцца "Яськам з-пад Вільні"? Беларуская мова як ураджэнцу Вільні яму была не чужая, дададзім сюды немалы журналісцкі вопыт. Але магчымы і такі варыянт: Пшыбыльскі арганізатар, а непасрэдны выканаўца — беларускі паэт Фелікс Ражанскі, паплечнік Каліноўскага па гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Аб магчымым дачыненні Ражанскага да "Пісьма ад Яська..." я выказаў гіпотэзу яшчэ ў першай сваёй кнізе "Сейбіты вечнага" (1963, с. 72). Аўтар беларускіх паўстанцкіх песень, дзе не адзін раз успаміналася і "Польшча наша маць святая", Ражанскі як удзельнік выдання "Мужыцкай праўды" меў нават нейкае права на знакаміты псеўданім, якім падпісвалася газета. Выказвалася меркаванне (ЭЛіМБел. Т. 4, с. 226) аб прыналежнасці яму аўтарства беларускай "Песні на божы час" (выйшла асобнай лістоўкай), дзе пад "божым часам" разумелася паўстанне за нацыянальнае і сацыяльнае разняволенне. Гэты характэрны выраз ёсць і ў "Пісьме ад Яська...". Параўнаем:

"Песнь...""Пісьмо..." (варыянт лістоўкі)"Пісьмо..." (варыянт А. Гілера)
Божый час, божый час
Завярнуўся для нас;
Мужык вольна стаў спяваці,
Годзі, годзі прападаці.
Даволі, Дзяцюкі, ужэ ждаці, настаў ужэ час, Божый час!..Годзі, Дзяцюкі, ужэ ждаці, настаў час Божый!..

Пэўны час Ражанскі знаходзіўся пад магутным уплывам Каліноўскага. У чэрвені 1863 года Каліноўскі, як вядома, вярнуўся з Гродзеншчыны ў Вільню. Сёмы нумар "Мужыцкай праўды" і "Прыказ... да народу зямлі Літоўскай і Беларускай" належаць да першых вынікаў яго дзейнасці на віленскім грунце пасля вяртання. Канкрэтных звестак пра Ражанскага ў нас менш. Прыблізна ў гэты ж час, калі Каліноўскі пакінуў Гродзеншчыну, Ражанскі з ваўкавыскімі паўстанцамі далучыўся да галоўнага атрада Гродзенскага ваяводства на чале з А. Духінскім і В. Урублеўскім. Далейшыя сляды яго губляюцца. Вядома толькі, што пасля ён туляўся на эміграцыі (быў жывы яшчэ ў 1903 годзе, напісаў успаміны, на жаль, кароткія). А ў цэлым Гродзеншчына, як мы бачылі, усё больш падпадала пад прамую залежнасць ад Варшавы і ў нейкі момант Ражанскі мог трапіць у поле прыцягнення Пшыбыльскага, нават апынуцца недзе побач з ім у той жа Варшаве...

Зразумела, усё гэта толькі хісткія гіпотэзы. На большае нестае пакуль што фактаў. У любым выпадку, "Пісьмо ад Яська..." сведчыць яшчэ раз, як нялёгка прабівала дарогу ў XIX стагоддзі беларуская нацыянальная ідэя, як нялёгка, у пакутах і муках, беларускае "аддзіралася" ад польскага. У гэтым высокім сэнсе, па вялікім рахунку, "Пісьмо..." магло належаць і Каліноўскаму. Як — у такім выпадку — адно з паражэнняў, адно з адступленняў вялікага нашага рэвалюцыянера на яго слаўным, надзвычай важным для беларускага народа шляху.

Магчыма і такое: "Пісьмо..." напісана ў сваёй аснове Каліноўскім і потым папраўлена ў Варшаве.

Цяпер канчатковы вынік нашага маленькага даследавання, так бы мовіць, summa summarum3. Згодна з планамі Інстытута літаратуры я рыхтую зараз збор твораў Каліноўскага. Там мяркуецца змясціць і "Пісьмо ад Яська...". Але не ў галоўнай частцы, а ў раздзеле dubia4 — твораў, аўтарства якіх канчаткова не высветлена, твораў, якая прыпісваюцца Каліноўскаму.

Так або інакш "Пісьмо..." было фактам біяграфіі Каліноўскага — ён мусіў неяк рэагаваць на з'яўленне свайго "двайніка" — "Яські-гаспадара" варшаўскай рэдакцыі. Таму звесткі пра гэты эпізод варта ўключыць і ў Летапіс жыцця і дзейнасці нашага рэвалюцыянера, напрыклад, у такой форме:

"Улетку 1863 года (чэрвень—жнівень). У Варшаве (?) у адной з друкарняў Нацыянальнага ўрада выдадзена "Пісьмо ад Яська-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай" супярэчлівага зместу. Акалічнасці гэтага выдання не высветлены. Удзел Каліноўскага многімі гісторыкамі аспрэчваецца. Магчыма падробка".


[*] У такой форме часам пісаў слова "шыбеніца" Каліноўскі. Уплыў польскай, а магчыма дыялектнае беларускае з родных мясцін Каліноўскага (заходнія ўскраіны Беларусі).
[**] Загаловак надрукаваны вялікімі літарамі.
[***] Паводле О. Авейдэ, Беластоцкая арганізацыя мела статус ваяводства, куды ўваходзілі Беластоцкі, Брэсцкі, Бельскі, Кобрынскі і Пружанскі паветы (з6. "Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861–1862 гг.". М., 1964, с. 509). Чамусьці прапушчаны Сакольскі павет.
[1] Sui generis — свайго роду (лац.). Выслоўе часцей выкарыстоўваецца для падкрэслення ўнікальнасці, непаўторнасці пэўнай з'явы.
[2] Морг — зямельная мера. У Беларусі XIX ст. была роўная прыблізна 0,7 Га.
[3] Summa summarum — сума сумаў (лац.). Канчатковы вынік.
[4] Dubia — сумнеўнае (лац.). Звычайна гэтак пазначаюцца творы, аўтарства якіх небясспрэчна прыпісваецца пэўнай асобе пры адсутнасці дакладнага пацвярджэння.

Заўвагі, пазначаныя лічбамі, Кузменкі Зміцера

Публікацыя паводле: Полымя. – 1994, №6
Матэрыял даслаў: bibliograf