
Палітыка расійскіх улад па фармаванню новай культурнай прасторы пасля паўстання 1863 г.
Задушэнне паўстання 1863 г. і рэпрэсіі, якія абрынуліся на ягоных удзельнікаў, фактычна перапынілі культурнае жыццё беларуска-літоўскіх земляў. Поруч з эканамічнымі і палітычнымі мерамі, якія прадпрымаў царскі ўрад для выкаранення "духа вольнасці" ў краі ішлі і рэпрэсіі ў галіне культуры. Забарона выкарыстання польскай мовы ва ўсіх выпадках, апрача касцёла і прыватнага, хатняга ўжытку; высылка з краю дзеячаў культуры, найперш акцёраў і музыкантаў, якія мелі месцам сталага жыхарства польскія губерні; разгром Віленскага музея старажытнасцяў, жорсткія цэнзурныя правілы і г. д. — усё гэта павінна было прывесці да стагнацыі культурнага жыцця. Але адны рэпрэсіўныя дзеянні не маглі дапамагчы дасягнуць мэты, якую ставілі расійскія ўлады: зрабіць беларуска-літоўскія губерні арганічнай часткай імперыі, уключыць іх у круг уплываў рускай культуры і праваслаўя. "Было б у вышэйшай ступені абразліва для рускага нацыянальнага пачуцця, калі б са спыненнем польскай разумовай прадукцыйнасці разлеглы Паўночна-Заходні край, званы намі рускім, не даў ні наймалой прыкметы рускага разумовага жыцця. Нельга дапусціць, каб усе ў губерні маўчалі з той хвіліны, як забаронена польская мова. Гэта ганебнае маўчанне кампраметавала б нас", — пісаў да намесніка міністра адукацыі Дзялянава папячыцель Віленскай навучальнай акругі І. П. Карнілаў у 1867 г1. Менавіта апошні быў натхняльнікам, ідэолагам і "канструктарам" новай мадэлі культурнага жыцця, якая мусіла быць сфармавана ў г. зв. "Паўночна-Заходнім краі". Аналіз ягоных праектаў і прапаноў ягоных паплечнікаў і аднадумцаў, а таксама дзеянні ўлад у дадзенай сферы паказваюць, што справа ішла не толькі аб русіфікацыі, але аб змяненні самой інстытуцыянальнай пабудовы культуры, яе зместу, сацыяльнай арыентаванасці, колькасных паказчыках. Перамены павінны былі адбыцца ва ўсіх сферах культуры, але кардынальныя ў тых, якія да паўстання былі найбольш тут развітыя — адукацыя, друкаванае слова, тэатральнае мастацтва.
Адукацыя адной з першых адчула на сабе новыя павевы ў палітыцы ўлад. Напярэдадні паўстання беларуска-літоўскія землі па колькасці навучальных установаў, якасці выкладання значна апярэджвалі цэнтральныя расійскія губерні. Адзінае адставанне было ў вышэйшай адукацыі — пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта, а затым Горы-Горацкай акадэміі вышэйшых навучальных установаў тут не існавала. Кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі мела ў адлеглых планах стварэнне тут універсітэта, але толькі тады, калі будзе ўпэўнена ў поўнай інтэграцыі краю ў імперыю2. Згодна з планамі кіраўніцтва акругі гімназіі належала скараціць — і па іх колькасці, і па наяўнасці ў іх вучняў. "Вялікая колькасць гімназій прыносіла шкоду, — пісаў І. П. Карнілаў М. М. Мураўёву, — ... мелі антыўрадавы накірунак"3. Ужо напярэдадні паўстання шэраг гімназій — у Маладзечне, Цельшах і Наваградку, былі закрыты ці пераўладкаваны ў семінарыі і дваранскія інстытуты. Праўда, дзве апошнія зноў пачалі дзейнічаць у 1865 г., але і склад настаўнікаў, і праграмы ў іх змяніліся. За тры пасляпаўстанцкія гады ў 11 гімназіях, якія дзейнічалі на абшары Віленскай навучальнай акругі, назіралася актыўная дынаміка ў веравызнанні вучняў: колькасць праваслаўных у іх павялічылася на трэць, пры тым, што агульная колькасць вучняў скарацілася больш чым напалову4. Стасунак да гімназій акрэсліваўся агульным накірункам палітыкі ўрада ў губернях пасля паўстання 1863 г.: адкінуўшы пошукі сацыяльнага саюзніка ў асяроддзі мясцовай шляхты, улады ўзялі курс на супрацьпастаўленне каталіцкай паланізаванай шляхты і праваслаўнага беларускага сялянства, якое разглядалася ў рэчышчы ўвараўскай формулы як частка рускага народа. Такім чынам, структура адукацыі мусіла быць зменена на карысць навучальных установаў для ніжэйшых варстваў грамадства. Зразумела, што дапускаць сялянства да гімназій і ўніверсітэтаў ніхто не збіраўся. Іншая справа, што шляхта мусіла быць менш адукаванай, пры абмежаваным доступе ў невялікія гімназіі абіраць рэальныя вучылішчы, семінарыі і г. д. Сялянства ж належала "падцягнуць" у адукацыйным сэнсе, каб абапірацца на яго і эканамічна, і палітычна. Клопат аб адукацыі сялянства ўрад стаў выказваць яшчэ да паўстання ў сувязі з падрыхтоўкай скасавання прыгоннага права. Выпускаючы з-пад апекі памешчыкаў велізарную масу прыгонных, трэба было забяспечыць магчымасць уключэння іх у прававое поле, у фінансавыя справы, у рынкавыя стасункі. Таму менавіта, ужо ў канцы 1850-х гг. для сялян масава пачынаюць стварацца школы рознага тыпу і падпарадкавання. У 1867 г. усе яны былі падпарадкаваны Міністэрству дзяржаўных маёмасцяў. Адначасова змянялася структура яўрэйскай адукацыі. Пасля рэформы 1844 г., калі дзяржава прымусіла яўрэйскую грамаду адправіць сваіх дзяцей у спецыяльна адкрытыя дзяржаўныя школы для навучання агульным прадметам і рускай мове, а асабліва пасля дазволу іўдзеям паступаць на дзяржаўную службу, лічылася, што належыць зрабіць наступны крок: пазбавіць іўдзеяў асобнай сістэмы выкладання. Яўрэйскія дзеці павінны былі наведваць навучальныя ўстановы разам з хрысціянамі, і толькі для выкладання рэлігіі і асноўных традыцый заставаліся навучальныя ўстановы, якія ўтрымлівала за ўласныя грошы яўрэйская грамада.
У навучальных установах усіх тыпаў кардынальна змяняліся выкладчыцкія кадры. Па г. зв. "мураўёўскаму набору" на Беларусь паехалі чыноўнікі і настаўнікі з унутраных губерняў Расіі. Гэта былі людзі рознага характару, не бракавала сярод іх дасведчаных, высокамаральных прафесіяналаў, але ў асноўнай масе гэта былі няўдачнікі, незапатрабаваныя на месцы жыхарства з-за нізкіх маральных якасцяў або дрэнных здольнасцяў. "... Карнілаў на кожнага чыноўніка ў Віленскай навучальнай акрузе, на кожнага службоўца на ўскраінах, глядзеў, няйначай, як на палітычную адзінку, як на ваяра-байца — глядзеў не таму, што ўсе яны павінны займацца палітыкай, як нейкай спецыяльнасцю, а зыходзячы з таго разумнага, патрыятычнага погляду, што кожны рускі чалавек на ўскраінах, які сумленна служыць свайму Гасудару і Радзіме, тым самым, ужо служыць і справе агульнадзяржаўнай палітыкі... У тым жа сэнсе разумеў ён і працу педагогаў у навуковых установах акругі...", — пісаў А. Жыркевіч у нарысе, прысвечаным разгляду сітуацыі ў краі ў другой палове XIX ст5. Каб прыцягнуць настаўнікаў у Беларусь і Літву, з 1867 г. да акладу была зроблена надбаўка ў 50%6. Рускія настаўнікі, якія ехалі з цэнтральных губерняў, мусілі на новым месцы жыць толькі за дзяржаўныя грошы: ніякіх дадатковых заробкаў, найперш, прыватных урокаў, яны не мелі. Мясцовая грамада, а ў першую чаргу, шляхта, не хацела прымаць іх у свой круг. Нават 50% надбаўка не магла кампенсаваць гэтае становішча. Апрача таго, на настаўніка, паводле ідэяў папячыцеля навучальнай акругі, ускладаўся абавязак займацца прапагандысцкай, навуковай, папулярызатарскай дзейнасцю — і ўсё за тую ж дзяржаўную зарплату. Таму менавіта, уладам прыходзілася прымаць на працу амаль кожнага педагога з цэнтральных губерняў, які выказваў жаданне тут працаваць, заплюшчваючы вочы на якасць такіх кадраў. "Пасля Мураўёва Паўночна-Заходні край пазапаўнялі ... разнастайныя няўдачнікі, авантурнікі. Закрываючы сцягам праваслаўя і рускага паходжання сваё разумовае ўбоства і часта нават сумнеўнае мінулае, гэтыя шукальнікі шчасця лёгка атрымлівалі месцы, дамагаліся іншым разам высокага становішча. Падобная непераборлівасць, непатрабавальнасць пры прызначэнні службоўцаў хутка ўкараніліся і захоўваліся ў нашым краі цэлыя трыццаць гадоў". — Пісала ў сваіх "Віленскіх лістах" мемуарыстка і публіцыстка Алена Дубельт-Зеланд7. Гэта, несумненна, адбівалася на ўзроўні навучання і іміджы дзяржаўных навучальных установаў.
Разам са структурай і кадравым складам навучальных установаў кардынальна змяняўся змест навучання. Гэта, найперш, датычыла дысцыплін гуманітарнага цыклу, якія мелі найбольшую ідэалагічную скіраванасць. "Руская адукацыя мацней за рускі штых"8 — пад гэтым карнілаўскім дэвізам ішоў перагляд праграм, падрыхтоўка падручнікаў і напаўненне школьных бібліятэк. Асаблівая ўвага ў гэтым была нададзена сялянскай адукацыі. Чаму не шляхецкай? Думаецца, што з накірункам навучання шляхецкіх дзяцей усё было высветлена яшчэ ў час, калі кіраўніком Віленскай навучальнай акругі быў М. Навасільцаў. Русіфікацыя шляхты праз гімназіі, як аказалася, не дае чаканага плёну. Сям'я, касцёл, шляхецкае асяроддзе надалей падтрымлівалі вальнадумства і варожасць да расійскіх уладаў, рэчпаспалітаўскі патрыятызм і літвінска-польскую самасвядомасць. Сялянства ж, якое доўгі час заставалася па-за абсягам дзяржаўнай сістэмы навучання, ва ўяўленні чыноўнікаў ад асветы было ўдзячнай глебай для пасеву імперскай ідэалогіі і расійскага патрыятызму. Спецыфікай такой ідэалагічнай апрацоўкі з'яўлялася канфесійнае і рэлігійнае выхаванне. Беларускае сялянства, у большасці сваёй новаправаслаўнае, павінна было, на думку І. П. Карнілава і ягоных паплечнікаў, выхоўвацца ў духу "рускім, праваслаўным", што зробіць яго вернападданым, а значыць — апірышчам для дзейнасці ўлад.
"Народ, які неаднаразова пераходзіў з праваслаўя ў лацінства і наадварот, які не ўмее па-праваслаўнаму пажагнацца, мае патрэбу ў самых элементарных тлумачэннях пра хрысціянскія і грамадзянскія абавязкі, у простых тлумачэннях малітваў, запаведзяў, таемстваў, Евангелля, святаў, прадметаў і абрадаў, якія можна ўбачыць і якія адбываюцца ў царкве, і інш."9 |
На 1867 г. у Віленскай навучальнай акрузе было 1046 народных вучылішчы, у якіх навучалася 36718 чалавек, царкоўна-прыходскіх у гарадах і мястэчках — 101, 208 вясковых школ, якія заснавала Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў10. Для настаўнікаў гэтых школ створаны былі лепшыя, у параўнанні з іншымі губернямі ўмовы: апрача зарплаты ў 150 руб. вясковы настаўнік атрымліваў плату натурай (зерне, або г. зв. "прыварачныя" — да 50 руб), давалася зямля пад хатнюю гаспадарку і гарод, бясплатная кватэра і ацяпленне11. Для выхавання сялян стаўка рабілася не толькі на школы, але і на ўзмацненне пазіцый праваслаўнай царквы. Адной са значных акцый у гэтым накірунку, апрача павелічэння колькасці святароў, выдання і распаўсюджвання праваслаўнай духоўнай літаратуры, рамонту цэркваў і аднаўлення іх інтэр'еру, была масавая пабудова новых праваслаўных храмаў спачатку па індывідуальных, а пасля па тыпавых праектах — г. зв. "мураўёвак", дзеля чаго ў губернскіх цэнтрах засноўваліся царкоўна-будаўнічыя камітэты.
Магчыма, пачынанні І. П. Карнілава, падтрыманыя М. М. Мураўёвым, далі б свой плён. Але энергічная праца па пераўладкаванню сістэмы асветы спачатку затармазілася — з прыходам новага папячыцеля, а затым проста застыла. У далейшым асвета ў краі павольна развівалася адпаведна з тэндэнцыямі, якія вызначаліся ўрадам для ўсёй імперыі, не спакушаючыся на званне перадавой і не імкнучыся да інавацый. Фактычна, па ўзроўню адукаванасці, дзякуючы дзеянням ураду, Беларусь і Літва "дагналі" ўласна рускія губерні і нават пачалі адставаць ад цэнтральных расійскіх рэгіёнаў. "Прышчэпка" расійскай асветы на мясцовае адукацыйнае "дрэва" не дала арыгінальнага плёну ў выглядзе росквіту педагагічнай думкі, рэвалюцыйных методык ці новых тыпаў навучальных установаў. Разам з тым, у ствараемым урадам новым культурным полі яна стала важным кампанентам, паколькі адпавядала мэтам уніфікацыі краю, дастасавання яго да агульнарасійскіх стандартаў.
Поруч з пераўладкаваннем асветы для стварэння новага культурнага асяроддзя павінна была, па меркаванні І. П. Карнілава, падтрыманым яго начальствам, а таксама генерал-губернатарам, развівацца навуковая дзейнасць. Падкрэслім, што сярод безлічы навуковых накірункаў абрана было некалькі, у якія ўкладваліся сілы і фінансавыя сродкі. Акцэнт рабіўся на гуманітарную сферу, пры тым абраны былі краязнаўства, гісторыя праваслаўя, этналогія і фалькларыстыка. Усе астатнія галіны ведаў, уключаючы натуральныя, эканамічныя, біялагічныя і матэматычныя навукі, як можна лічыць па ступені зацікаўленасці імі ўлад, развіваць было на Беларусі непатрэбна. Такая выбіральнасць тлумачылася мэтамі, якія ставіліся перад дадзенай сферай чалавечай дзейнасці ўрадам: па-першае, паказаць, што з рэпрэсіямі супраць рэчпаспалітаўскіх патрыётаў і вынішчэннем ці выдаленнем з краю вялікай колькасці адукаваных асоб, якімі былі шляхцічы, край нічога не страціў, а развіваецца інтэлектуальна пад "бацькоўскім кіраваннем" расійскага манарха; па-другое, зрабіць усе магчымыя высілкі, каб даказаць, што гэты край спакон веку рускі і праваслаўны, "сапсаваны" польскім засіллем. Незалежна ад мэтаў, якія ставіліся ўрадам, менавіта другая палова XIX ст. дала найбольшы плён у вывучэнні і захаванні традыцыйнай беларускай культуры. Праўда, інтэрпрэтацыя сабранага адбывалася з пазіцый заходне-русізма, што дасёння перашкаджае этнолагам і гісторыкам у асэнсаванні нашай спадчыны. Не паўтараючы ўжо не раз апісанае і прааналізаванае ў айчыннай гістарыяграфіі, адзначым толькі, што дзеянні ўлад па стварэнню дадзенай дзялянкі на новым культурным полі адзначалася амаль поўным ігнараваннем даробку, які назапашаны быў мясцовымі ўраджэнцамі ў першай палове ХІХ ст. і ў папярэднія часы. Націск рабіўся на тым, каб знайсці і падкрэсліць агульнае ў гісторыка-культурнай спадчыне беларусаў і рускіх, а не пазначаць адметнасці. Апрача таго, цалкам выкінута была з разгляду гісторыя ардадамінантнай культуры — культура шляхты, каталіцкага святарства і інш. А калі пры публікацыі крыніц, музеефікацыі і інш. усё ж такі нельга было абмінуць згадкі аб дзейнасці на культурным полі мясцовых нобіляў ці каталіцкіх святароў, рабіліся тэндэнцыйныя каментары і заўвагі. Добрым прыкладам гэтаму могуць служыць "Акты Віленскай археаграфічнай камісіі", асабліва першыя тамы. "Камісія па прынятай ёю праграме для разбору старажытных актаў, разглядаючы іх па судах, мае на мэце тры галоўныя задачы: 1. Сабраць матэрыялы для высвятлення элемента праваслаўя ў Паўночна-Заходнім краі. Элемент гэты так быў падаўлены тут варожым яму каталіцтвам, і ўсё, што несла на сябе адбітак праваслаўя ў тутэйшым краі, або нагадвала аб ім, так было згладжана, схавана, што толькі адны старажытныя акты могуць кінуць яркае святло на варожыя памкненні каталіцтва і прабіцца праз цемру, якая дагэтуль хавала праўду", — пісалася ў прадмове да другога тома. Меркавалася, што ў выданні будуць змяшчацца прывілеі і фундушы на праваслаўныя храмы, звесткі аб праваслаўных цэрквах, у тым ліку, аб іх будынках, а таксама і аб уніяцкіх цэрквах, якія вырашана было лічыць праваслаўнымі. У першы том увайшло 40 падобных дакументаў, у другі — 55, у трэцім было больш за 20012. Падобным чынам пераўладкаваны быў і Віленскі музей старажытнасцяў, створаны Тышкевічамі. Нагадаем, што канцэпцыя новых музейных экспазіцый, якую сфармаваў М. М. Мураўёў, павінна была прадстаўляць Беларусь як стараправаслаўны рускі край. Таму менавіта са збораў былі выдалены музейныя прадметы, якія звязаныя былі з каталіцтвам, гісторыяй Рэчы Паспалітай, а таксама тыя, якія наўпрост не былі звязаны з мінулым г. зв. Паўночна-Заходняга краю. У такім накірунку музейная дзейнасць развівалася і надалей. Першую скрыпку ў музейнай справе адыгрывалі створаныя неўзабаве царкоўна-гістарычныя музеі, на пошукі праваслаўнай даўніны скіраваны былі настаўнікі, чыноўнікі, святары. Такім чынам навуковая дзейнасць, і найперш, папулярызацыя навуковых ведаў працавала амаль выключна на ўрадавыя мэты і была скіравана на ўмацаванне ідэалагічнага зместу новай культурнай прасторы, якую стваралі ўлады.
Друкаванае слова ў Беларусі і Літве мела даўнія, трывалыя традыцыі. Па ступені свайго развіцця, інстытуцыянальнай пабудове ў першай палове ХІХ ст. гэтая галіна культуры была больш развітая, чым у цэнтральных губернях імперыі, саступаючы толькі сталіцам. Але з-за жорсткага цэнзурнага нагляду і адміністратыўных і паліцэйскіх акцый, што рэгулярна ладзіліся супраць друкарняў, перыядычных выданняў, кнігарняў і г. д. у сярэдзіне стагоддзя яна паступова сыходзіць на агульнаімперскі ўзровень. Калі папярэдняя цэнзура — дазвол на друкаванне кніг — была ўжо добра засвоена царскай адміністрацыяй, дык наступная — забарона і выключэнне з ужытку таго, што ўжо надрукавана — толькі пачала ўваходзіць у шэраг звычайных метадаў. Менавіта пасля паўстання 1863 г. наступнай цэнзуры паддадзены былі публічныя бібліятэкі, мэтай якой было выдаленне з ужытку не столькі забароненых выданняў (яны сюды проста не траплялі), колькі польскамоўных. Найбольш радыкальна быў перагледжаны кнігазбор пры Віленскім музеі старажытнасцяў. Пасля перагляду яго фонду збор далучылі да Публічнай бібліятэкі, якая была адкрыта па ініцыятыве М. Мураўёва. "Яна (бібліятэка — С. К.-С.) павінна служыць найперш для чытання публікай рускіх кніг і для навуковых прац, якія скіраваны ў большасці на вывучэнне заходніх губерняў і Царства Польскага", — акрэсліваў мэту стварэння бібліятэкі генерал-губернатар13. Адзначым пры гэтым, што працы, прысвечаныя дакладным навукам, былі перададзены ў кнігазбор Віленскай абсерваторыі, які не меў публічнага характару. Да 1864 г. на беларускіх землях рабіліся спробы арганізаваць публічныя бібліятэкі ці адкрыць для агульнага ўжытку вялікія прыватныя кнігазборы. У 1830 г. была заснавана публічная бібліятэка ў Гродне14, але яна фактычна не дзейнічала, бо першы бібліятэкар праз некалькі месяцаў далучыўся да паўстання, а затым кнігі знаходзіліся ў непрыстасаваным памяшканні, у шафах, бібліятэка не атрымлівала дзяржаўных субсідый, а даходы ад чытачоў былі мізэрнымі. У 1866 г. І. П. Карнілаў звяртаўся да міністра асветы з прапановай вылучыць грошы на губернскія і ўездныя публічныя бібліятэкі, але сродкаў не знайшлося15. Каб усё ж такі забяспечыць перафармаванне кніжнай справы ў адпаведнае мэтам улад рэчышча, было вырашана павялічыць фонды бібліятэк навучальных установаў, а таксама звярнуцца да расійскай грамадскасці з прапановай аказаць дабрачынную дапамогу дасылкай рускіх кніг у навучальную акругу. Рэпертуар гэтых кніг, асабліва кніг для сялян, быў вызначаны наступным чынам.
"Кнігі па сваім змесце павінны служыць той мэце, якую мы тут хочам дасягнуць, а менавіта распаўсюджанню праваслаўна-хрысціянскага вучэння і ўзнікнення ў народзе свядомасці, што ён — рускі. Разнастайных кніг, часопісаў, газет для сялян цяпер не патрэбна, належыць спыніць выбар на невялікай колькасці найбольш патрэбных кніг і распаўсюджваць іх у як мага большай колькасці. Вось наш каталог: "Евангелле", "Малітваслоў", "Псалтыр", "Свяшчэнная гісторыя", "Буквар царкоўны грамадзянскі", кніжка пад назваю "Добрае чытанне для праваслаўных", брашурка кн. Львова аб Расіі, а таксама "Масква, Кіеў і Варшава" і яшчэ кніга для чытання, выдадзеная пры Віленскай навучальнай акрузе, і "Заходне-рускі каляндар"... Усё гэта народ купляе з ахвотаю са спецыяльна ўладкаваных дзеля гэтай мэты кніжных складаў"16. |
Ужо ў 1867 г. у вёсках і гарадах было адкрыта 158 кніжных складаў17. Па настойлівых просьбах І. П. Карнілава і хадайніцтвах М. Мураўёва на Беларусь масава пачалі паступаць рускамоўныя кнігі з цэнтральных губерняў Расіі, ахвяраваныя прыватнымі асобамі і навучальнымі ўстановамі. Пасля забароны польскай мовы як мовы зносін у заходніх губернях на рускую мову пераводзіліся не толькі шыльды, афішы і іншыя надпісы публічнага ўжытку. Забаронена было польскае друкаванае слова, а ў друкарнях нішчыліся польскія шрыфты. Цалкам рускамоўнымі становяцца газеты. "Чытаць "Московския Ведомости" зрабілася ў нас такою ж неабходнасцю, як выконваць свае службовыя абавязкі. Не забудуся ніколі, што па ўказанням гэтай газеты, якая апярэдзіла віленскіх дзеячаў, "Віленскі Веснік", што друкаваўся дагэтуль у двух слупках: па па-польску і па па-руску, стаў з 1-га студзеня 1864 года выходзіць выключна па па-руску", — згадваў А. Масолаў18. Вынікі пераўладкавання кніжнай справы акрэслілі надалей характар бібліятэчных фондаў, а таксама асартымент кнігарняў, ды і ў значнай ступені прыватных кнігазбораў. Адзначым пры тым, што адначасова з прасоўваннем на беларуска-літоўскія землі рускага друкаванага слова нішчыліся, ці вывозіліся кнігазборы, у якіх дамінавалі польскамоўныя і лацінамоўныя кнігі. Гэта адбывалася шляхам вывазу бібліятэк з канфіскаваных маёнткаў, перагляду кляштарных і манастырскіх бібліятэк закрытых каталіцкіх і ўніяцкіх асяродкаў, рэвізіі кнігазбораў навучальных установаў і г. д.
Яшчэ адным важным сектарам культурнага жыцця "Паўночна-Заходняга краю" з'яўляўся тэатр. Тэатральнае мастацтва на той час было найбольш дэмакратычным, паколькі мела камерцыйны характар. Пасля рэформы, якую правёў у 1844-1847 гг. віленскі генерал-губернатар Ф. Я. Міркавіч, тут дзейнічалі дырэкцыйныя тэатры з манапольным правам на выступленні ў губерні і дзвюма сцэнічнымі мовамі — рускай і польскай. Пры тым дзьвюхмоўнасць была ў значнай ступені дэкларатыўнай, бо найбольш змястоўную частку рэпертуару складалі спектаклі на польскай мове, а па-руску ішлі малазначныя п'есы — вадэвілі, кароткія камедыі і г. д. Пасля забароны публічнага ўжывання польскай мовы былая тэатральная традыцыя была цалкам разбурана, паколькі належала не проста замяніць мову паказаў, а цалкам пераглядзець рэпертуар, а таксама акцёрскі склад. У той час яшчэ дзейнічала сістэма амплуа, акцёры імкнуліся назапасіць сцэнічны вопыт шляхам ігры ў найбольш папулярных п'есах. Такіх акцёраў цанілі антрэпрэнёры і ахвотна запрашалі ў свае трупы. Пасля забароны польскай мовы многія акцёры аказаліся незапатрабаванымі — у іх багажы проста не было роляў рускага рэпертуару, ці яны былі нязначнымі і не давалі падставы для залічэння ў новыя рускія трупы. Тэатр цяпер павінен быў нанова фармаваць акцёрскія кадры, шукаць новых антрэпрэнёраў, змяняць бібліятэку, гардэроб і г. д. Такая велізарная праца магла быць выканана толькі пры фінансавай і адміністратыўнай падтрымцы ўлад. Першы пастаянны рускі тэатр на заходніх землях Беларусі быў створаны ў сталіцы краю – Вільні ў снежні 1864 г. Фармаваннем трупы займаўся вядомы ў той час артыст Санкт-Пецярбургскага Імператарскага Александрынскага тэатра Павел Васільеў. У студзені 1865 г. было прынята спецыяльнае "Палажэнне аб тэатры", якое вызначала парадак яго дзейнасці, а затым — "Правілы для артыстаў Віленскага тэатра". Згодна ім тэатр трапляў у поўную залежнасць ад улад, якія кантралявалі як склад акцёрскага калектыву, так і рэпертуар. Папячыцелямі тэатра ў Вільні былі прызначаны князь Шахаўскі-Страшнёў і граф Ажароўскі. Рэпертуар Віленскага тэатра быў прызнаны ўзорным — правінцыяльныя тэатры павінны былі арыентавацца на Вільню ў падборы п'ес для паказаў. Віленскі рускі тэатр пачаў свае выступленні 6 снежня 1864 г. У другой палове XIX ст. інстытут тэатральнай дырэкцыі, які быў створаны ў час рэформы Міркавіча, запрацаваў на поўную моц. Магчымасці дырэкцыі грунтаваліся, між іншым, на дзяржаўнай субсідыі ў падтрымку рускай сцэны. Такая субсідыя прадугледжвалася для ўсіх губернскіх цэнтраў, дзе мелася руская сцэна. Так, да прыкладу, у Гродне штогод на гэтыя мэты ўлады асігнавалі 1000 руб. Гэтыя грошы належала выдаваць на бягучы рамонт тэатра, асвятленне і іншыя патрэбы тэатра, але ў першую чаргу — на падтрымку антрэпрэнёраў і іншых працаўнікоў тэатра, якія будуць прапагандаваць рускую культуру. Субсідыя з’яўлялася прынадай, на якую спакушаліся антрэпрэнёры нават з далёкіх ад заходніх губерняў гарадоў, часам за яе атрыманне ішла спрэчка. Так, да прыкладу, у 1873 г. з прапановай сваіх паслуг у гродзенскую дырэкцыю звярнуліся два антрэпрэнёры — Шчэрбаў з Магілёва і Даніловіч з Мінска. Абодвух найбольш цікавіла сума субсідый. Міністэрствам унутраных справаў для Гродзенскай губерні было вылучана 1000 рублёў, але 400 з іх выдалі на арганізацыю аматарскага паказу рускай п'есы ў Беластоку. Магілёўскі антрэпрэнёр запрасіў 700 рублёў, а Даніловіч згадзіўся на 600, што і вырашыла справу19.
Акцёраў, якія не толькі ведалі б рускую мову, але былі знаёмы з рускамоўным рэпертуарам, у першае дзесяцігоддзе пасля паўстання было на захадзе Беларусі мала. Становішча абцяжарвалася яшчэ і тым, што акцёры, якія мелі месцам сталага жыхарства польскія губерні, былі высланы з краю. Рускія трупы, якія прыязджалі сюды, не маглі разлічваць на добры прыём у публікі: мясцовая шляхта першыя гады пасля паўстання фактычна байкатавала паказы, а пасля наведвала неахвотна. "Публіка нашая, — пісаў рэцэнзент у "Гродненских губернских ведомостях", — складае для нас поўную загадку. Даюць якую-небудзь французскую лухту — тэатр поўны, а калі ставяцца на сцэну камедыі Астроўскага… — ложы пустыя, крэслы занятыя меней чым напалову! ... Дзіўна і незразумела"20. Адзначым, між тым, што менавіта з тых часоў пачынаецца рэгулярнае рэцэнзаванне спектакляў у мясцовых "Губернских ведомостях", з'яўляюцца анонсы на спектаклі, паведамленні аб прыездзе гастралёраў і іншыя публікацыі, якія датычаць тэатра. У дапаўстанцкія часы падобных публікацый у мясцовай прэсе не было. Такая ўвага да тэатра можа тлумачыцца некалькімі прычынамі. Магчыма, у Беларусі з'явіліся нарэшце сапраўдныя аматары тэатральнага мастацтва, здольныя пісаць рэцэнзіі на спектаклі на рускай мове. Аднак, пэўна, больш слушным будзе лічыць, што асвятленне тэатральнага жыцця ў афіцыйных выданнях з'яўлялася, так бы мовіць, дзяржаўным заказам. Паколькі ўлады імкнуліся "прывіць" рускі тэатр на мясцовае "культурнае дрэва", яны маглі таксама даручыць асвятленне яго дзейнасці, прытым з найлепшага боку, каму-небудзь з чыноўнікаў ці рускіх інтэлігентаў, якія мелі літаратурныя здольнасці. Ва ўсякім выпадку, параўноўваючы рапарты гродзенскіх губернатараў у Пецярбург аб мастацкім узроўні паказаў з зацемкамі ў "Гродненских губернских ведомостях", можна заўважыць, што ацэнкі ў першых з названых крыніц зусім не такія добразычлівыя, як тыя, што былі прызначаны для публікі.
Руская сцэна зацвердзілася ў заходніх губернях толькі ў канцы 1870-х гг., але і ў гэты час нельга было гаварыць аб перамозе рускай культуры на сцэне. Наймацнейшай трупай быў калектыў Віленскага тэатра, а вось Гродна не магло пахваліцца сталай высокамастацкай трупай. Зборы былі мізэрнымі, паколькі попыт на рускі тэатр тут быў абмежаваны. Часцей за ўсё гродзенская адміністрацыя заключала дамову з віленскім тэатрам на некаторую колькасць паказаў у год. Заходнія губерні сталі ў гэты час своеасаблівым "палігонам", дзе набіраліся вопыту пачынаючыя артысты, каб затым працягнуць кар'еру ў сталіцах ці г. зв. "вялікай тэатральнай правінцыі" — цэнтральных губернях Расіі.
Першыя гады пасля паўстання дзейнасць урада па распаўсюджанні рускай культуры ішла мэтанакіравана і актыўна. Але пасля адыходу Мураўёва і асабліва Карнілава яна паступова пачынае замаруджвацца. Гэта звязана было і з тым, што пачынае змяняцца агульная пазіцыя ўлад у стасунку да палякаў і каталіцызму. Канцэпцыя выцяснення і вынішчэння паступова замяняецца пазіцыяй цярпімасці і пільнага кантролю.
Ці здолелі расійскія ўлады дасягнуць мэты, ці пусціла моцныя карэнні на захадзе Беларусі руская культура, ці было створана новае культурнае асяроддзе? На нашую думку, трапна акрэсліла сітуацыю сучасніца падзей, публіцыстка і пісьменніца Алена Дубельт-Зеланд. Дазволім сабе прывесці даволі разлеглую цытату з яе твора.
"Рускі, які быў у Вільні, Коўне дваццаць гадоў таму назад, не пазнае зараз гэтых гарадоў. На вуліцах, у кандытарскіх, крамах паўсюль чуецца вылучна руская гаворка. Вакол, куды ні азірнешся, рускія твары. Рэдка, рэдка прагучыць польская фраза, яшчэ радзей прамільгне прыгожая тыповая фізіяномія радавітага паляка. Прыслуга, чорнарабочыя, увесь дробны люд, які не разумеў яшчэ ў 70-х гадах па-руску, зараз выдатна размаўляе. У вялікіх гарадах рускія крамы, бібліятэкі, тэатр; а мноства цэркваў перапоўнена па святах вернікамі, якія моляцца. Словам, тая жа Вільня, калі б не старадаўні характар вузенькіх вуліц, не гатычныя вежкі касцёлаў, не мноства габрэяў, рабіла б уражанне зусім рускага горада. Але куды жа, аднак, дзявалася панаваўшае тут яшчэ не так даўно польскае грамадства? Яно знікла, пахаваўшыся па сваіх радавых гнёздах. Кружок жа меней радавітых ці збяднелых палякаў, прымушаных займацца гандлёвымі зваротамі, служыць у прыватных установах, жыве зусім адасобленым замкнёным жыццём, не паказваючыся, за самымі нікчэмнымі выключэннямі, ні ў тэатры, ні ў клубах, старанна пазбягаючы усялякіх грамадскіх месцаў і забаў. Рускія і палякі адной ступені развіцця, адукацыі, людзі адной і той жа культуры жывуць гадамі побач, сцяна ля сцяны, застаючыся такімі жа чужымі адзін аднаму, як калі б падзялялі іх тысячы вёрст. І падобная з'ява нікога не дзівіць тут, не штурхае на сумныя разважанні, але лічыцца як бы звычайнай"21. |
Культурная прастора, якую імкнуліся стварыць на захадзе Беларусі расійскія ўлады, не змагла, не гледзячы на ўсе намаганні, выцесніць існуючыя тут традыцыі. Адмежаванне ад істотнай часткі культурнай спадчыны, якая існавала ў заходніх губернях — літвінства, мясцовага патрыятызму, вялізарнай скібы гістарычнай памяці і г. д. — рабілі яе ў значнай ступені чужой, маргінальнай, не здольнай глыбока ўкарэніцца ў мясцовую глебу. Гэта выразна праявілася ў час Першай сусветнай вайны і асабліва ў міжваеннае дваццацігоддзе. Хваля бежанства "змыла" тую варству, якая з'яўлялася спажыўцом і генератарам рускай культуры ў заходняй частцы Беларусі. Пасля 1921 г. на гэтых землях ужо не ідзе гаворка аб супрацьстаянні рускай і польскай культуры, актуалізуецца іншае супрацьстаянне — беларускай і польскай. За паўстагоддзя, якія былі дадзены царскаму ўраду гісторыяй, каб стварыць тут "Паўночна-Заходні край", расійскую глыбінку, гэтыя мэты так і не былі дасягнуты.
[1] Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьёвскую эпоху. — СПб, 1901. С. 146.
[2] Тамсама. С. 143.
[3] Тамсама. С. 99.
[4] Тамсама. С. 100.
[5] Жиркевич А. В. Сонное царство великих начинаний (К столетнему юбилею дня рождения Ивана Петровича Корнилова). — Вильна, 1911. С. 99.
[6] Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьёвскую эпоху. — СПб, 1901. С. 135, 138.
[7] Зеланд-Дубельт. Е. Е. Зеланд-Дубельт. Литовские письма. — Вильна, 1901. С. 55.
[8] Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьёвскую эпоху. — СПб, 1901. С. 149.
[9] Тамсама. С. 145.
[10] Тамсама. С. 155.
[11] Тамсама. С. 124.
[12] Акты Виленской археографической комиссии. Т. 2. Акты Брестского земского суда. — Вильна, 1867. С. IV.
[13] Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьёвскую эпоху. — СПб, 1901. С. 195.
[14] Галоўная кніжніца Прынямоння: да 180-годдзя з дня заснавання ДУК "Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага". — Гродна, 2010. С. 6.
[15] Русское дело в Северо-Западном крае. Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в Муравьёвскую эпоху. — СПб, 1901. С. 186.
[16] Тамсама. С. 67.
[17] Тамсама. С. 143.
[18] Мосолов А. Н. Виленские очерки. 1863-1865 (Муравьёвское время). — СПб, 1898. С. 105.
[19] НГАБ у г. Гродна, ф. 1, воп. 7, спр. 1016, арк. 4–20.
[20] Пашкин Ю. А. Русский драматический театр в Белоруссии ХІХ века. — Минск, 1980. С. 47.
[21] Зеланд-Дубельт. Е. Е. Зеланд-Дубельт. Литовские письма. — Вильна, 1901. С. 36.