
Праваслаўныя святары ў студзеньскім паўстанні
Мы не шмат ведаем пра ўдзел праваслаўнага кліру ў студзеньскім паўстанні. Адзінкавыя паведамленні мемуарыстаў або згадкі ў вусных паданнях, некалькі прозвішчаў у манаграфіі кс. Жыскара (Агасфера)2 "Тунка". І гэта ўсё. Цікавячыся гэтай тэмай, я звярнуўся да дырэктара Віленскага дзяржаўнага архіва пана В. Студніцкага3 па неабходную інфармацыю і доступ [у архіў] для азнаямлення з даўнімі актамі віленскага генерал-губернатара часоў паўстання. Просьба мая была прынятая надзвычай зычліва.
З алфавітных спісаў следчай камісіі і вайсковага аўдытарыята высветлілася, што колькасць праваслаўных святароў, так або іначай звязаных з паўстаннем на тэрыторыі былых Літвы і Беларусі (колішніх Віленскай, Ковенскай, Гародзенскай, Менскай, Віцебскай, Магілёўскай і часткі Аўгустоўскай губерняў), складае 14 чалавек.
Перш за ўсё неабходна сказаць, што было б памылкай тлумачыць удзел гэтых святароў у паўстанні нейкай традыцыйнай сімпатыяй праваслаўнага кліру да Польшчы. Традыцый гэтых ужо не было. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Масква паспяшалася б ліквідаваць такога кшталту настроі. Канчаткова давершыла справу суворая русіфікатарская рука Сямашкі4 ў час скасавання Уніі.
Разам з тым, з усёй упэўненасцю можна сцвярджаць, што гэты, зрэшты, слабы ўдзел праваслаўнага святарства ў паўстанні быў водгуллем скасавання Уніі 22 гадамі раней. Бо там былі або сыны ўніяцкіх ксяндзоў, або самі былыя ўніяцкія святары, у сем'ях якіх яшчэ жылі польскія традыцыі, а ў хатах панавала польская мова. Доказам гэтага ёсць тое, што жонкі і дочкі некаторых святароў былі каталічкамі (а сыны — праваслаўнымі). Гэта вынік шлюбаў уніятаў з лаціністкамі, пры якіх нашчадкі хрысціліся ў царкве ці касцёле ў залежнасці ад полу бацькоў. Паколькі пры скасаванні Уніі ў праваслаўныя залічвалі толькі ўніятаў, таму часта сустракаліся праваслаўныя сем'і з колішніх уніяцкіх, дзе кабеты ці мужчыны былі лацінскімі католікамі. Штопраўда, існавала прадпісанне Сямашкі, каб навернутыя з уніяцтва праваслаўныя святары пастараліся далучыць да праваслаўя сваіх жонак і дачок-каталічак. Аднак, як падаецца, указанне гэтае строга не выконвалася. У той час як даўнія праваслаўныя святары […]5 станавіцца не маглі з увагі на каноны царквы. Зрэшты, і самі клірыкі на следстве прызнавалі, што каталіцкасць у іхніх сем'ях ёсць перажыткам колішняй Уніі.
На жаль, у дачыненні да большай часткі святароў захавалася мала судовых дакументаў, якія б давалі мажлівасць дасканалага вывучэння справы. Часткова гэта можа тлумачыцца тым, што адданне пад вайсковы суд за ўдзел у паўстанні праваслаўнага святара выклікала непажаданае хваляванне сярод новадалучаных праваслаўных. Акрамя гэтага закон патрабаваў, каб перад адданнем пад суд святар папярэдне быў асуджаны царкоўным судом, і толькі пасля выключэння з духоўнага саслоўя ён мог быць выданы суду свецкаму. Прытым справа мусіла разглядацца ў Сінодзе ў Санкт-Пецярбургу. А паколькі настроі там былі не заўжды прыхільныя да Мураўёва, гэта магло быць нявыгадна Вільні. З гэтай прычыны падобныя справы стараліся вырашыць на месцы, ужываючы ў паразуменні з духоўнымі ўладамі менш адчувальныя пакаранні адміністрацыйна — без аддання пад суд.
Таму слядамі гэтых спраў засталіся адно кароткія нататкі ў спісах следчай камісіі. Пералік святароў адкрывае а. Мароз Мікалай, 43 год, сын праваслаўнага святара (імаверна, уніята), жанаты. Меў дачку Параскеву. Выхаванец віленскай (т. зв. "літоўскай") праваслаўнай духоўнай семінарыі6, якую не скончыў. Настаяцель царквы ў Лапаціне7 Пінскага павета. Абвінавачаны ў тым, што ў адну з нядзель пасля набажэнства выклікаў да сябе на кватэру 8 шляхціцаў (праваслаўных з ваколіцы Каўбы8), прачытаў ім адозву Нацыянальнага ўрада, якая заклікала народ да зброі, і намаўляў шляхту далучацца да паўстанцкіх атрадаў. Калі ж шляхта на гэта не згадзілася, сказаў: "за гэта можа быць куля ў лоб". Потым прачытаў адозву свайму дзяку Пракаповічу і на заўвагу апошняга, што, калі прыйдуць паўстанцы, ён уцячэ ў лес, а. Мароз адказаў: "няма чаго баяцца паўстанцаў, я і сябе і вас здолею абараніць". Пагалоскі пра дзеянні а. Мароза дайшлі да ведама свяшчэнніка Страховіча з Мясяцічаў9, які, маючы з Марозам нейкі канфлікт, данёс пра яго паліцыі.
Спачатку следства вялося з удзелам прадстаўніка царквы і ставілася да абвінавачанага, здаецца, досыць прыхільна. Пабачыўшы гэта, Страховіч напісаў у следчую камісію ананімку, пагражаючы, што калі так будзе далей, [яму] прыйдзецца звярнуцца з гэтай справай да Мураўёва.
Адметна, што Менская праваслаўная кансісторыя не бачыла падстаў аддаваць а. Мароза пад свецкі суд. Яго збіраліся часова адхіліць ад абавязкаў і змясціць у адзін з манастыроў Расіі да часу, пакуль абдумаецца. Такое рашэнне не задавальняла Мураўёва, які звярнуўся ў Сінод з патрабаваннем пазбавіць а. Мароза духоўнага сану і адправіць у манастыр на ўсё жыццё. Сінод, нягледзячы на тое, што ўжо меў іншае заключэнне з Менска і ведаў куды хіліць Мураўёў, прыняў рашэнне годнае Пілата. Бо спярша загадаў а. Мароза зачыніць у манастыры ў Суздалі10, аддаўшы пад юрысдыкцыю Расейскай кансісторыі ва Ўладзіміры (Расея). А ўрэшце — пазбавіў абвінавачанага духоўнага сану і перадаў у распараджэнне Мураўёва, які тут жа загадаў аддаць няшчаснага святара пад палявы суд. Прысуд — 10 гадоў катаргі.
Пра далейшы лёс а. Мароза вядома ад кс. Жыскара: пасля частковага адбыцця пакарання ён быў трыманы разам з каталіцкімі ксяндзамі ў Тунцы11, а пазней пакінуты ў Сібіры на пасяленні. Постаць а. Мароза, праваслаўнага святара і польскага патрыёта, мусіць быць ушанаваная для нашчадкаў хаця б сціплымі таблічкамі ў віленскай праваслаўнай семінарыі і ў лапацінскай царкве (пінскай епархіі). Сумнеўна, ці адважыцца на тое расейская праваслаўная іерархія.
А. Лойка Мікалай12 (былы ўніяцкі ксёндз), протаіерэй, былы дэкан (дабрачынны) Ігуменскага дэканата, святар з Грабёнкі13 таго ж павета Менскай губерні. Абвінавачаны ў тым, што 22 красавіка 1863 г. на патрабаванне атрада паўстанцаў прачытаў сялянам у царкве маніфест аб паўстанні (не зрабіўшы пасля адыходу атрада ніякіх тлумачэнняў); добраахвотна перадаў гэтаму ж атраду правіянт; забараняў сялянам браць удзел у затрыманні паўстанцаў (бо, як ён казаў, урад мае для гэтага досыць узброеных жаўнераў, а селянін — безабаронны, і паўстанец можа яго забіць або скалечыць). Меўся намаўляць свайго сына Міканора (праваслаўнага) да ўступлення ў паўстанцкі атрад.
Характэрнымі ёсць пабочныя абвінавачанні, а менавіта: прапаноўваў сялянам узяць на парукі звязанага з паўстаннем абшарніка Весіка; у хаце і са шляхтай размаўляў па-польску, а з сялянамі — па-сялянску (беларуску); пад так званай расай насіў сутану каталіцкага святара; забараняў называць сябе "бацюшкам", або "свяшчэннікам", але толькі "ксяндзом" ці "панам"; трымаў у сябе 46 пячатак колішніх уніяцкіх цэркваў свайго дэканата, замест таго, каб адаслаць іх у кансісторыю для знішчэння.
Выпадак з прачытаннем маніфеста а. Лойка тлумачыў не без долі гумару: "калі б на маім месцы быў адзін афіцэр або сам генерал, дык таксама са страху перад паўстанцамі выканаў бы іхні загад".
І ў гэтай справе праваслаўная кансісторыя таксама не палічыла магчымым аддаць а. Лойку ваеннаму суду, вырашыўшы адхіліць яго ад духоўнай дзейнасці і накіраваць у манастыр Менскай ап. да часу перамены настрояў абвінавачанага. З такім рашэннем не пагадзіўся Мураўёў, прадставіўшы ў Сінод прапанову аб пазбаўленні а. Лойкі духоўнага сану і пажыццёвым зняволенні ў адным з манастыроў Расеі.
[Гэтым разам] з прапановай Мураўёва — ці з увагі на выпадак з а. Марозам, ці таму, што зорка Мураўёва ў Пецярбургу пачала блякнуць — Сінод не згадзіўся, але пастанавіў часова адхіліць а. Лойку ад абавязкаў і да часу выпраўлення выслаць у Калугу [ў манастыр]. Далейшы ягоны лёс невядомы.
А. Дымінскі Тэадозій, дыякан, манах манастыра ў Супраслі14 Гародзенскай губерні (былы кляштар базыльянаў). У чым палягаў ягоны ўдзел у паўстанні, сказаць цяжка, паколькі ніякіх дакументаў па гэтай справе не захавалася. Існуе толькі кароткая згадка ў спісах, што ягоныя дакументы адасланыя мітрапаліту (Сямашку) для звальнення.
Там мусіла быць нейкае цяжкае [з пункту гледжання ўладаў] злачынства, паколькі кс. Жыскар згадвае пра Дымінскага ў ліку ксяндзоў, зняволеных у Тунцы (пераведзеных з катаргі). Пазней а. Дымінскі быў пакінуты на жыхарства ў Сібіры15.
А. Скабалановіч (імя ў спісах не пазначанае), настаяцель царквы ў Нарачы16 Вілейскага павета. Разам са сваімі дочкамі-каталічкамі Юзэфай і Людвікай абвінавачаны ў падтрыманні сувязі з паўстанцамі і дастаўцы ім правіянту. Сумеснае рашэнне Мураўёва і Сямашкі сапраўды д'ябальскае. Былога а. Скабалановіча выдалілі з парафіі і перавялі іераманахам у Жыровіцкі манастыр (іначай кажучы, асудзілі на беднасць і немагчымасць утрымліваць сям'ю). Дачок жа разам з маці Юліяй, якая ў злачынстве не ўдзельнічала, выселілі ў Гомельскі павет пад нагляд паліцыі. Відавочна, у гэтым выпадку Мураўёў і Сямашка спрабавалі прымусіць пані Скабалановіч з дочкамі прыняць праваслаўе.
А. Янушкевіч Юзаф, 82-гадовы стары, святар царквы ў Хаценчыцах17 Вілейскага павета (4 сыны праваслаўныя і 2 дачкі-каталічкі). Абвінавачаны ў тым, што прымаў і хаваў паўстанцаў. Справу ўзняў псаломшчык а. Янушкевіча — Патомскі, які, сабраўшы сялян, уварваўся ў дом святара і зрабіў вобшук, знайшоўшы там схаванага паўстанца Андрэя Кацэлу18. Бедны стары святар так раз'юшыўся, што некалькі разоў ударыў псаломшчыка па твары. Рашэнне Мураўёва: а. Янушкевіча выдаліць з парафіі па старасці, а справу каталіцкай веры дачок перадаць праваслаўным духоўным уладам. Псаломшчыка — узнагародзіць.
На гэтым праваслаўныя святары, пакараныя ў сувязі з паўстаннем, заканчваюцца. Шэраг іншых, а менавіта: Баліцкі Ігнат (Вілейскі павет), Катлінскі Аляксей (Барысаўскі павет Менскай губерні), Брадоўскі Павел (Полацкі павет Віцебскай губерні), Высоцкі Антон (Аршанскі павет), Скальскі Юльян (Вілейскі павет), Слупскі Ян19 (Магілёўская губерня), Манькоўскі Пётр (Барысаўскі павет Менскай губерні), Карнажыцкі Васіль (Віцебская губерня) і Міхалоўскі Юзаф (Магілёўская губерня) — хоць і былі прыцягнутыя да адказнасці за істотны ўдзел у паўстанні, але ці ў выніку таго, што абвінавачанне было беспадстаўным, ці таму, што абвінавачаныя знайшлі спосаб абараніцца, былі апраўданыя.
Да гэтага ж перыяду адносіцца і справа святара Каўганкіна Мікалая (расейца) з Віцебскай губерні, абвінавачанага ў падробцы подпісу валасных уладаў на фальшывым прашэнні каталіцкіх сялян адной з вёсак аб прыняцці праваслаўя. Суд пастанавіў прашэнне ў прысутнасці зацікаўленых асоб знішчыць, а справу Каўганкіна перадаць на разгляд духоўным уладам.
Акрамя гэтага ў спісах згадваецца вялікая колькасць спраў на асоб — выхадцаў з праваслаўнага ды уніяцкага святарства — якія былі абвінавачаны ва ўдзеле ў паўстанні і асуджаны на катаргу, зняволенне ці высылку.
P. J.
Пераклад з польскай.
Ад перакладчыка
Янка Пазняк — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, адзін з заснавальнікаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Верагодны аўтар артыкула. Разам з тым, шэраг акалічнасцяў, а ў прыватнасці, тое, што тэкст пра праваслаўных святароў у паўстанні 1863–1864 гг. у Беларусі напісаны выключна з польскацэнтрычных пазіцыяў, выклікае пэўныя сумневы ў аўтарстве актыўнага ўдзельніка беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, які неаднойчы зведваў жорсткі пераслед з боку ўладаў міжваеннай Польшчы. Мажліва, артыкул напісаны іншым чалавекам з такім жа імем і прозвішчам.
Публікуецца ў перакладзе на беларускую з неабходнымі заўвагамі і каментарамі.
Зміцер Кузменка.