Назад

Віктар Шукеловіч

Марыя і Канстанцін

Самая значная асоба ХІХ стагоддзя ў нашай гісторыі – Канстанцін Каліноўскі. Змагар, незвычайна адораны і ініцыятыўны чалавек, ён сапраўднай каметай уляцеў у застылую беларускую рэчаіснасць і пакінуў незагаслы след.

Абранніцай Кастуся Каліноўскага была Марыя Ямант, ураджэнка Вільні. Бацька яе – Тадэвуш Ямант – меў чын надворнага саветніка, таму мог даць сваім дзецям добрую адукацыю. Марыя валодала некалькімі замежнымі мовамі, закончыла прыватны пансіён, які даў ёй грунтоўныя веды ў галіне гісторыі і літаратуры.

Пазнаёміліся Канстанцін і Марыля у пачатку 1861 года ў Вільні на кватэры Ямантаў. Звёў іх разам брат Марыі – Юзаф. Ён на два гады пазней за Кастуся паступіў у Пецярбургскі універсітэт, належаў да кіраўнічай групоўкі студэнцкага зямляцтва "Агул", куды ўваходзіла ўніверсітэцкая моладзь з Літвы, Беларусі, Польшчы і Украіны. Юзаф вылучаўся сярод сваіх аднагодкаў і рэвалюцыйнымі поглядамі, чым звярнуў на сябе ўвагу Канстанціна Каліноўскага. Яны глыбока паважалі адзін аднаго, што перарасло потым у моцнае сяброўства. Калі на пачатку 1861 года Каліноўскі паехаў на радзіму, каб узяць удзел у рэвалюцыйным руху, Юзаф, не скончыўшы яшчэ вучобу, кідае ўсё і кіруецца за сябрам. Каліноўскаму не было дзе спыніцца ў Вільні, і ён з ахвотаю адгукнуўся на прапанову сябра пажыць у яго. Тут ён і сустрэўся з Марыяй, першы раз яго вочы спаткаліся з яе позіркам і, напэўна, заіскрыліся. Гэта было каханне з першага позірку, якое асвятляла ўсё іх пазасталае жыццё.

Усе дзеці сям'і Ямантаў (чатыры браты і столькі ж сясцёр) былі адданымі літвінскімі патрыётамі, прымалі чынны ўдзел у паўстанні, за што потым паплаціліся шматгадовай высылкай у Сібір. Бацькі, хоць самі знаходзіліся ў баку ад паўстання, але ведалі пра заняткі дзяцей і падтрымлівалі іх. Марыю і Канстанціна лучыла адданасць агульным інтарэсам, аднолькавыя мары пра народнае шчасце, за якое яны былі гатовы аддаць жыццё.

Па прыездзе ў Вільню Каліноўскі спрабаваў легалізавацца, уладкаваўшыся на працу ў адміністрацыю віленскага губернатара Назімава, каб потым спакойна распачаць дзейнасць па стварэнні канспіратыўных групаў. Відаць, Каліноўскі хацеў застацца ў Вільні не толькі з-за патрэб рэвалюцыйнай барацьбы, але і з-за Марыі, якую б ён змог кожны дзень бачыць. Каханне прымушала яго шукаць прычыны, якія б давалі магчымасць быць непадалёк ад сваёй мілай. Аднак атрымаць месца, нават зважаючы на пратэкцыі сяброў, Кастусю не ўдалося. Каханыя вымушаны былі разлучыцца, бо Канстанцін паехаў да бацькоў у Гродзенскую губерню. Расстанне ж толькі гартавала іх пачуцці. Каліноўскі часта наведваўся ў Вільню і, відаць, не толькі па справах паўстання. Там ён кожны раз бачыўся з Марыяй, сапраўды не мог нацешыцца сваёю прысухаю. Канстанцін і Марыя не дазвалялі вонкі паказвацца пачуццям, але ў іх жарсці бушавалі. Заручыны адбыліся ці ў канцы 1861, ці ў самым пачатку 1862 года. На іх прысутнічалі бацькі абодвух нарачоных. Жаніх падараваў сваёй выбранай пярсцёнак, а ўсім яе родным мусіў зрабіць каштоўныя прэзенты.

3 чэрвеня 1863 года на кватэры Ямантаў паўстала адна з галоўных канспіратыўных явак Каліноўскага. Па сутнасці, ён жыў там, сустракаўся з паплечнікамі па барацьбе, праводзіў нарады з кіраўнікамі рэвалюцыйнага ўрада. Усе сёстры Ямант – Людвіка, Марыя, Алена, непаўналетняя Схаластыка, названая ў гонар маці, – далучыліся да дзейнасці нелегальнага жаночага рэвалюцыйнага камітэта Вільні. Сталыя жанчыны і зусім маладыя дзяўчаты захоўвалі і распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, збіралі сродкі, правіянт і зброю для інсургентаў, хавалі паўстанцкія друкарні, разносілі пошту, перадавалі арыштаваным ежу, бялізну. Жанчыны былі пасвячоныя ва ўсе таямніцы паўстання, але захавалі іх у гадзіну самых ліхіх выпрабаванняў і панеслі з сабою ў магілу. Марыля і Канстанцін з галавой былі ў справе свайго жыцця.

Магчыма, нашы героі ўжо хутка пабраліся б, але на іх шляху лёс паставіў перашкоду – нечаканы арышт Кастуся ў самым пачатку 1864 года. Арыштавана была і Марыя. Гэтыя падзеі апісала Людвіка Радзевіч, сястра Марыі: "Аднойчы раніцай я была разбуджана весткай, што ноччу зграя жандармаў нечакана з'явілася ў доме маіх бацькоў і пасля пільнага вобыску ўсіх, хто быў там, пачынаючы ад брата Юзафа, арыштавалі, а дом апячаталі. Забралі бацьку і маці, людзей паджылых, вядомых і паважаных у горадзе, тры сястры: Марыю, Алену і Схаластыку (яшчэ непаўнагадовую), а таксама служанку Карусю". Канстанцін як натура высакародная адводзіў падазрэнне з сям'і Ямантаў, як толькі мог, але выбавіць каханую і яе сям'ю яму не ўдалося. Застаецца толькі ўяўляць, які боль ён перажываў у тыя хвіліны.Трагізм для закаханых заключаўся яшчэ і ў тым, што яны былі пасаджаны за краты ў суседнія будынкі. Каліноўскі знаходзіўся ў мурах былога дамініканскага кляштара, а Марыя была зняволена ў былым кляштары місіянераў. Дзве турмы выходзілі вокнамі на адзін турэмны двор. Напэўна, нашы героі не раз выглядвалі ў вузкія аконцы, каб хоць адным вокам зірнуць на месца зняволення дарагога чалавека. Іх не пакідала надзея: а раптам пашчасціць пабачыць дарагія мне вочы! Але Святы Валянцін, апякун усіх закаханых, не пакінуў маладую пару сам-насам з бядою, а накіраваў да іх з місіяй сваю пасланніцу. Ёй стала цётка Марыі з боку маці – Ядвіга Макрыцкая, шляхцянка з Ашмянскага павету "Жанчына элегантная, немаладая, адукаваная, у сціплым, без прэтэнзій на асаблівую вытанчанасць, адзенні – яна, дзякуючы цудоўным манерам і добраму выхаванню, заўсёды знаходзіла магчымасці пракладваць шляхі там, дзе іншыя не маглі падступіцца. Яе сэрца заўсёды рвалася на дапамогу гэтым асуджаным людзям, нават тым, з якімі яна была ледзь знаёмая", – так характарызуе яе Людвіка Радзевіч. Яна цудам, там, дзе іншых напаткаў бы пераслед, змагла дабіцца спаткання з Каліноўскім, а потым і з Марыяй. Крышку пазней Ядвіга Макрыцкая шляхам хабару і подкупаў наладзіла нават перапіску між нарачонымі. Праз яе Канстанцін змог дасылаць Марыі невялікія лісты. Яны сапраўды былі важнай падтрымкай, былі глытком жывой вады для знявечанай душы Марыі.

Каліноўскі перадаў свой апошні запавет роднаму народу і роднаму краю – "Лісты з-пад шыбеніцы" – праз Ядвігу Макрыцкую на волю. "Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – пісаў Каліноўскі перад халодным дыханнем смерці, – ды не жаль згінуць за тваю праўду". Дэталяў перапіскі між Марыяй і Канстанцінам мы не ведаем і, мусіць, ніколі пра іх не даведаемся. Да нас дайшоў адзіны вершаваны ліст, адрасаваны Каліноўскім да Марыі:

Марыська чарнабрэва, галубка мая.
Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло, – прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала
.

Незвычайным болем і тугою па страчаным каханні напоўнены гзтыя радкі. Сапраўды, Каліноўскі і Марыя самі сябе і ўласнае шчасце прынеслі на алтар беларушчыны. Праз жорсткія выпрабаванні спрабавалі яны пранесці сваё шчасце, але, відаць, ім было наканавана іншае. За шматлікімі турботамі Канстанцін і Марыя не мелі часу на мілошчы, на пацалункі, на праявы пяшчоты. Яны змагаліся за справядлівасць, і за гэта іх чакала жорсткая расправа.

Каліноўскі хоча ў сваім пасланні хоць трошку суцешыць Марыю, якая ўжо ведала пра яго прысуд. Ён пераконвае каханую ўспрыняць яго смерць як волю лёсу і разам з гэтым гаворыць, што іх духоўнай сувязі ніхто не ў сілах разарваць:

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прымі цяжкую кару Прадвечнага волю.
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адазвуся.

Гэты ліст стаў першым узорам інтымнай лірыкі ў новай беларускай літаратуры і змяшчае ў сабе незвычайную сілу пачуцця, прыгажосці і велічы.

Кастусь Каліноўскі нават у гэтым развітальным вершы перш за ўсё застаецца грамадзянінам і ад свайго асабістага пачуцця выходзіць на больш шырокія абсягі. Да сённяшняга дня гэты верш зачароўвае незвычайна гарманічным сплавам шчымлівых, лірычных радкоў, звернутых да любай, і палымянай прамовы, якая ўпэўнівае нас у будучай шчаслівай долі абяздоленага люду:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві у шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.

22 сакавіка 1864 года Кастуся Каліноўскага раніцою прывялі на Лукішскую плошчу ў Вільні, каб здзейсніць нялюдскі прыгавор. Так распавядае пра гэту падзею І. Цікоцін: "Я не адважыўся пайсці паглядзець на гэта ўзрушальнае відовішча, але тыя, хто там быў, расказвалі, што Каліноўскі быў бландзін, з рэзкімі, хоць і досыць выразнымі рысамі твару; ішоў на пакаранне смелаю хадою, стаў прама да шыбеніцы і падчас чытання прысуду, 4дзе яго назвалі дваранінам, гучна прамовіў: "Дваранаў няма, мы ўсе роўныя". Унутранае яго хваляванне выбівалася вонкі толькі ў тым, што ён як бы машынальна абводзіў навакольны натоўп вачыма, а можа, ён адшукваў там кагосьці са сваіх сутаварышаў, жадаючы даць зразумець яму якім-небудзь знакам, што таямніцу пра іх нясе ён з сабою ў магілу..." Так з годнасцю і адвагай сустракаў смерць у 26 год адзін з найлепшых сыноў Беларусі, які, валодаючы незвычайнымі якасцямі характару, стаўся сапраўдным Месіяй, вызваліцелем для беларускага народа.

Марыю не выпусцілі з астрога паглядзець на апошнія хвіліны таго, каму яна была абяцана пры сведчанні людзей і Бога. Летам гэтага ж года яе разам з усёй сям'ёй вышлюць у Сібір. Нямоглых бацькоў і дзяўчат селяць асобна ад брата Юзафа, дапамога якога была ў тых неспрыяльных умовах вельмі патрэбнай. 10 доўгіх гадоў насіла Марыя жалобу па Кастусю, свядома адмаўляючыся ад магчымасці стварыць сям'ю. Нялёгка прыйшлося дзяўчыне, шмат бед і фізічных выпрабаванняў знесла яна, але не паквапілася на мужчынскую сілу ў гаспадарцы, свята захоўвала памяць пра свайго суджанага. Толькі ў 1874 годзе Марыля па вяртанні на радзіму, пасля смерці сваіх бацькоў і сястры Алены з мужам, дае згоду на шлюб з былым ссыльным Войцехам Дмалеўскім. Але памяць пра гады жыцця, прысвечаныя барацьбе і Канстанціну Каліноўскаму, ніколі не пакідала Марыю.

Некаторыя людзі даводзяць, што ўсе падзеі, пачуцці, фантазіі, што некалі мелі месца на зямлі, бясследна не знікаюць, а знаходзяцца вакол нас. Хто ведае, можа, сапраўды да гэтага часу ходзіць непрыкметная сярод нас цень прыгожага і няшчаснага кахання Канстанціна і Марыі.

Публікацыя паводле: Новы час. – 2004, №11(40)