Спявак, танцмайстар, фатограф, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху. Італьянец па паходжанні, нарадзіўся ў іспанскай Барселоне ў тэатральнай сям'і. Разам з бацькамі, якія з опернымі трупамі вандравалі па ўсёй Еўропе, Ахіла ў дзяцінстве й юнацтве аб'ездзіў Францыю, Германію, Швейцарыю ды іншыя краіны. Вучыўся ў Лазанскім універсітэце. З 1842 г. – у Вільні. Выкладаў спевы ў Дваранскім інстытуце, сам выступаў як спявак. Блізка пасябраваў са Станіславам Манюшкам, часцяком бываў у яго ў Мінску, выконваў творы вядомага кампазітара, браў удзел у першай пастаноўцы ягонай оперы "Галька" ў 1848 г. Дарэчы, Джузепе Ахіла Эльміра нават пераклаў лібрэта оперы на італьянскую, і менавіта паводле гэтага перакладу "Гальку" ў 1905 г. паставіць Ла-Скала. У рэпертуары Банольдзі быў таксама шэраг песняў на словы Я. Чачота.
У 1862 г. Банольдзі разам з Каліноўскім увайшоў у склад ЛПК. У віленскай фотамайстэрні італьянца рыхтаваліся падпольныя выданні патрыётаў. Дарэчы, менавіта тут былі зроблены абодва вядомыя фотаздымкі К. Каліноўскага. Неўзабаве пасля выбуху паўстання ўлады выслалі Банольдзі з краіны. Зрэшты, ёсць і другая версія, паводле якой Ахіла ў лютым 1863-га быў зняволены ў сутарэннях старажытнага замка ў Троках, але сябры дапамаглі яму, наладзіўшы дзёрзкія ўцёкі... Гэтак ці іначай, але ён стаў прадстаўніком віленскага паўстанцкага цэнтра за мяжой, яму былі давераны так званыя "літоўскія сумы" – замежныя фінансавыя сродкі паўстанцаў, на якія мелася закупляцца зброя й амуніцыя.
Пасля паразы паўстання Банольдзі займаўся фатаграфіяй у Парыжы, але па-ранейшаму заставаўся верным сваім перакананням. Падчас Парыжскай камуны 1871 г., ён служыў капітанам у злучэннях В. Урублеўскага. Сканаў ад ран.
***УВАГА! Прысвечаную А. Банольдзі перадачу "Радыё Рацыя" з аўтарскага цыкла Уладзіміра Арлова "Галерэя Кліо" можна скапіраваць у фармаце mp3 з "Беларускае Палічкі"