Год 1863. Смяротныя прысуды
Раздзел 1. Уводзіны
§2.
Указ Сената ад 9(21) жніўня на выпадак абвяшчэння ваеннага палажэння*.
Указ Я. Імп. Вялікасці Самадзержцы Усерасейскага з Правячага Сенату віленскаму губернскаму ўраду. (падпісаны імператарам 5(17) жніўня).
Па Указу Я. І. В. Правячы Сенат слухаў (слушали*) заключэнне Ўпраўляючага міністэрствам юстыцыі, тайнага саветніка і кавалера Дзмітрыя Мікалаевіча Зямяціна3 ад 9 жніўня т. г. за №3941 наступнага зместу: з нагоды стала ўзрастаючых у Заходніх губ*. беспарадкаў Яго Імп. Высокасці благаўгодна было загадаць — скласці ў Камітэце міністраў прадпісанні на выпадак неабходнасці абвяшчэння ваеннага становішча ў памянёных губернях.
У выкананне Найвышэйшае волі, улічваючы існуючыя пастанаўленні, што датычацца правоў, наданых галоўнакамандуючым* войскамі ў згаданых мясцовасцях, абвешчаных на ваенным становішчы, Камітэт палічыў за неабходнае пры абвяшчэнні ваеннага становішча ў якіх бы то ні было мясцовасцях губерняў віцебскай, магілёўскай і менскай прызначыць у іх часовых Ваенных губернатараў, з падначаленнем ім у пэўнай ступені губернатараў цывільных.
Арт. 2. Дазваляць генерал-губернатарам абвяшчаць ваеннае становішча ў тых мясцовасцях, дзе палічаць патрэбным, уласнай уладай, не пытаючыся на тое Найвышэйшага дазволу. Для мясцовасцей, абвешчаных на ваенным становішчы, маюць ужывацца наступныя палажэнні, выкананне якіх даручаецца генерал-губернатарам і часовым Ваенным губернатарам.
[…]
Пункт 3-ці. Усе жыхары і службоўцы ваенныя і паліцэйскія падлягаюць ваеннаму суду.
Пункт 4-ы. У мясцовасці, абвешчанай на ваенным становішчы, усе без выключэння абвінавачванні: у здрадзе, бунце, яўным непаслушэнстве ваенным і цывільным уладам, а таксама закліку іншых да гэтых злачынстваў, хаця б у выніку таго і не здарылася забурэння; у гвалце, разбоі, забойстве, рабунку і падпале — разглядаюцца ваенным судом, які асуджае вінаватых на падставе палявых ваенна-крымінальных законаў.
Пункт 5-ы. Галоўны начальнік краю зацвярджае прысуды ваенных судоў і прадпісвае іх выкананне.
Пункт 6-ы. Галоўны начальнік краю, абвешчанага на ваенным становішчы, прызначае ваеннага начальніка паводле свайго меркавання.
§3.
Права судзіць ваенным судом за злачынствы, здзейсненыя да абвяшчэння ваеннага становішча, наданае генерал-губернатарам 31 жніўня (11 верасня) 1861 г*.
Упраўляючы міністэрствам унутраных спраў даводзіць да ведама віленскага генерал-губернатара ген.-ад'ютанта Назімава*.
Ваша Высокаправасхадзіцельства паведамілі 7(19) жніўня генерал-ад'ютанту Мілюціну, што сілаю Найвышэйшага загаду, абвешчанага статс-сакратаром Танеевым 6(18) траўня 1856 г., Вам наданае права прызначаць следства і суд паводле парадку, устаноўленага для ваеннага судаводства, над усімі асобамі, без розніцы званняў, калі ўзнікне патрэба неадкладнага аднаўлення законнасці. Дзеля падаўлення беспарадкаў, што ўзнікаюць з палітычнымі мэтамі, Ваша Высокаправасхадзіцельства прасілі Найвышэйшага дазволу на правядзенне згаданага суда цягам 24 гадзінаў з наданнем Вам улады канчатковага зацвярджэння (канфірмацыі) гэткіх спраў і неадкладнага выканання канфірмацый.
Параўнаўшы дадзенае Вашае прадстаўленне з існуючай практыкай, Камітэт міністраў заўважыў, што Яго Імператарскай Вялікасці 5 жніўня*. благаўгодна было зацвердзіць прадпісанні для абвяшчэння ваеннага становішча ў некаторых мясцовасцях заходняга краю, у якіх галоўным начальнікам надаецца права, між іншым, зацвярджаць прысуды ваенных судоў і прадпісваць іх прывядзенне ў выкананне. Прытым, што тычыцца парадку абвяшчэння ваеннага становішча, Яго Імператарскай Вялікасці благаўгодна было дазволіць генерал-губернатарам самім, не пытаючыся Найвышэйшага дазволу, абвяшчаць ваеннае становішча ў тых мясцовасцях, дзе палічаць патрэбным.
Гасудар Імператар, прыняўшы пад увагу гэткае заключэнне Камітэта, Найвысока загадаў прыняць да выканання інструкцыю: "калі галоўны начальнік краю з нагоды ўзніклых беспарадкаў палічыць патрэбным абвясціць якую-кольвек мясцовасць на ваенным становішчы, то асобы, што сталіся таму прычынай і былі галоўнымі віноўнікамі гэтага абвяшчэння, не павінны ўнікаць усёй суровасці ваеннага становішча, таму іх належыць судзіць паводле Палявога Крымінальнага Улажэння і прыводзіць прысуды ў выкананне без адкладу..."*.
§4.
Выпіска з імператарскага рэскрыпта ад 14(26) студзеня 1863 г*. аб ваенных судах.
Пункт 1-ы рэскрыпта: З ліку асобаў, узятых са зброяй у руках пры аказанні супраціву вайсковай сіле або цывільным уладам, пры нападзе на вайскоўцаў або мірных жыхароў, камандзіраў і галоўных завадатараў неадкладна судзіць ваенным судом паводле Палявога Крымінальнага Улажэння, з тым, каб прысуды пасля зацвярджэння мясцовымі губернатарамі, а дзе іх няма — начальнікамі дывізіяў, размешчаных у губернях, выконваліся на месцах злачынства.
2. Для вызначэння ступені віны астатніх асобаў, як узятых са зброяй у руках, так і абвінавачаных у дапамозе мяцежнікам, дастаўцы ім зброі і спосабаў харчавання, перахоўванні вінаватых, ствараць паводле майго прызначэння асобыя камісіі, пасля папярэдняга разгляду якіх, згодна з Вашым зацвярджэннем, аддаваць найбольш вінаватыя асобы — пад ваенны суд паводле Палявога Крымінальнага Улажэння, а на астатніх накладаць адміністрацыйныя пакаранні паводле Вашага меркавання. Прысуды ж ваенна-судовых камісіяў па справах гэтага роду прадстаўляць для канчатковае Вашае канфірмацыі.
3. Калі ў ліку мяцежнікаў акажуцца эмісары, што прыбылі з мэтай узбуджэння і распаўсюджання мяцяжу, дык з імі абысціся на падставе згаданых прадпісанняў, гэта значыць аддаваць пад ваенна-палявы суд, і прысуды ваенна-судовых камісіяў пасля канфірмацыі ваеннымі губернатарамі і начальнікамі дывізій выконваць неадкладна.
4. У тых выпадках, калі будуць прызначаны асобныя атрады для дзеяння супраць значных шаек мяцежнікаў, надаваць начальнікам гэтых атрадаў па Вашаму бліжэйшаму меркаванню тыя самыя правы, датычныя канфірмацыі і выканання прысудаў, якія надаюцца ваенным губернатарам і начальнікам дывізіяў.
§5.
Цыркуляр камандуючага Віленскай ваеннай акругай і віленскага, ковенскага і менскага ваеннага генерал-губернатара №35 ад 16(28) лютага 1863 г. аб справах ваеннага становішча*.
У выніку пашырэння ваеннага становішча на губ. віленскую, гарадзенскую і ковенскую, згодна з указам ад 9 лютага* 1861 г., гарадская і земская паліцыя ў справах, датычных захавання ўрадавага парадку і грамадскай бяспекі, падначальваецца ваенным начальнікам гарадоў і паветаў.
Адсюль вынікаюць абавязкі:
1) Гарадская і земская паліцыя па справах гэтага роду з усім звяртаецца да ваенных начальнікаў і, пасля атрымання ад апошніх дазволу, дзейнічае паводле іх указанняў.
2) Ваенныя начальнікі, калі ўзнікае патрэба ў эканоміі часу і ў прымяненні ў надзвычайных выпадках пэўных захадаў для ўтрымання парадку і спакою, дзейнічаюць без прамаруджвання паводле свайго меркавання і ў паразуменні з начальнікамі паліцыі, адначасова паведамляючы пра выпадак і свае распараджэнні ў Штаб Віленскага Ваеннага Суду, Начальніку губерні і камандуючаму войскамі ў раёне губерні (двум апошнім — для ведама), адзначаючы ў рапарце (прадстаўленні), хто і за якім нумарам праінфармаваны.
3) Усе сведчанні па справах ваеннага становішча, разам з распараджэннямі, накіраванымі на падаўленне беспарадкаў палітычнага характару, канцэнтруюцца ў Штабе войскаў Віленскай ваеннай акругі, адкуль за подпісам маім або Начальніка Штабу выходзяць усялякія распарадчыя паперы. Згодна з дадзеным прынцыпам, у важных выпадках данясенні альбо дэпешы належыць адрасаваць, пераважна, мне як камандуючаму войскамі. Даўні жа парадак адрасавання генерал-губернатару, у цэлым, у справах ваеннага становішча касуецца*, паколькі, у выніку распаўсюджання гэткага парадку, паперы, пераходзячы з аднаго ведамства ў другое, прыводзяць да прыпынення распараджэнняў і, агаляючы* непажаданыя здарэнні і запытанні ваеннай адміністрацыі, вельмі кепска адбіваюцца на наступствах распараджэнняў.
4) Справы аб палітычных беспарадках па гарачых слядах вяршыць у скарочанай форме, з мажлівай паспешнасцю ў правядзенні дазнанняў, і прадстаўляць іх шляхам прадпісаным з наступнымі дадаткамі: першасным фактам* абвінавачання; паказаннямі* абвінавачанага, сведак; і, калі будуць, пратаколам* вобшуку і рэчавымі доказамі*. Дазнанні тыя прадстаўляць: для Віленскай* губерні — у Віленскую следчую камісію, Найвысока зацверджаную пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Весяліцкага; для Гарадзенскай* губерні — у Гародню, Ваеннаму губернатару (з найбліжэйшых ваколіц) і ў Беласток, Начальніку 2-й дывізіі пяхоты; для Ковенскай* губерні — у Коўна, Ваеннаму губернатару (з найбліжэйшых ваколіц), а для астатніх паветаў — Начальніку 1-й дывізіі пяхоты; для Менскай* губерні — Начальніку 3-й дывізіі пяхоты. Што тычыцца арыштаваных асобаў — чакаць рашэння тых уладаў, якім будуць прадстаўлены справы або факты.
Урадавыя грашовыя выдаткі, скарыстаныя на дастаўку злачынцаў ці сведак на следства, роўна як і на раз'езды следчых — фіксаваць у ведамасцях і ведамасці гэтыя далучаць да спраў, адначасова адзначаючы, якой маёмасцю валодае злачынца, і колькі наяўных грошай пры ім.
Паводле меркавання згаданых начальнікаў, вышэйапісаныя дазнанні могуць быць праведзены ў поўнай форме следства, калі тое палічыцца патрэбным. Надалей, у залежнасці ад важкасці злачынства, на падставе вядомага Найвышэйшага рэскрыпта*, устанаўліваецца ваенна-палявы суд, акрамя асобаў 2-й катэгорыі*, справы якіх прадстаўляць у штаб Віленскай Ваеннай Акругі для дакладу пра іх мне.
Пры устанаўленні палявога суда і разглядзе ў ім спраў, а таксама і канфірмацыі гэтых спраў кіравацца: а) Ваенна-крымінальным уставам, кнігай 2-й, артыкуламі 776–779, 831–833; Найвышэйшым рэскрыптам ад 14 мінулага студзеня і выданымі пасля правіламі і распараджэннямі па дадзеным прадмеце; б) Уставай аб крымінальных і папраўчых пакараннях*, артыкуламі 520, 523, 524, 526, 528, 531, 533, 607–612, 615; канфіскацыю маёмасці ў акрэсленых выпадках праводзіць на аснове асобых правілаў з папярэднім паведамленнем аб тым уладам; г)4 завершаныя справы пасля іх канфірмацыі прадстаўляць у Аўдытарскі Дэпартамент Ваеннага Міністэрства на падставе артыкула 830-га кнігі 2-й Ваенна-Крымінальнага Устава, а копіі канфірмацыяў, сілай артыкула 829-га той жа кнігі і Устава, прадстаўляць Ваеннаму Міністру для найпадданейшага дакладу аб іх Імператару, згодна з патрабаваннем Ваеннага Міністра ад 14 снежня 1861 г. за №6226; адначасова дастаўляць тыя ж копіі Міністру ўнутраных спраў, шэфу жандараў, і тым міністэрствам, якім будзе падначалены падсудны, і мне.
5) Пракурорамі палявога суда на аснове загада па ваенным ведамстве ад 3 верасня 1862 г. за №243 могуць быць прызначаны службоўцы-аўдытары: у Вільні — Обер-Аўдытар 2-й Гвардзейскай дывізіі пяхоты, калежскі асэсар Мацярэеў і Аўдытар Віленскага Ардананс-хауза, калежскі асэсар Фёдараў; у Гародні — Обер-Аўдытар 2-й дывізіі пяхоты, калежскі асэсар Худзякоў; у горадзе Беластоку і паветах — Аўдытар 2-га стралковага батальёна, губернскі сакратар Яланскі; у Коўне — Обер-Аўдытар 1-й дывізіі пяхоты, калежскі асэсар Салонін, у паветах — Обер-Аўдытар 1-й кавалерыйскай дывізіі, надворны саветнік Пірхоменка; у Менскай губерні — Обер-Аўдытар 3-й дывізіі пяхоты, калежскі асэсар Грыгор'еў.
Аб усіх следчых справах на палітычных злачынцаў прадстаўляць у Штаб Віленскай ваеннай акругі штомесячныя справаздачы ў форме "стацейных спіскаў" аб падсудных; што тычыцца спраў астатніх, справаздачы павінны прадстаўляцца ўладам паводле ўсталяванага раней парадку.
Генерал-ад'ютант Назімаў.
Начальнік штаба, генерал-маёр Цымерман.
§6.
Падзел паўстанцаў на катэгорыі.
(Правілы, зацверджаныя імператарам 11(23) траўня 1863 г.)
Гасудар імператар, прымаючы пад увагу тое, што аднаўленне спакою ў губернях, заражаных бунтам, залежыць не ад непасрэднага дзеяння вайсковай сілы, але і ад своечасовага прымянення мераў для суровага, але справядлівага пакарання вінаватых, асабліва пасля заканчэння тэрміну, дараванага Найвышэйшым маніфестам ад 31 сакавіка аб памілаванні тых з іх, якія добраахвотна складуць зброю, зрабіў ласку канчаткова ўстанавіць як дапаўненне і вытлумачэнне Найвышэйшага рэскрыпта (гл. Уводзіны. §4), выданага на імя генерал-ад'ютанта Назімава 14 студзеня бягучага года, больш дэталёва акрэсленыя правілы аб парадку накладання караў на мяцежнікаў, узятых са зброяй у руках ці арыштаваных паводле абвінавачання ў саўдзеле ў забурэннях.
З гэтай мэтай Яго Імператарская Вялікасць зрабіў ласку Найвысока загадаць: усіх палонных, што былі ўзятыя са зброяй у руках, і бралі меншы або большы ўдзел у мяцяжы, ці іншых палітычных злачынцаў, якія былі затрыманыя па гэткаму ж абвінавачанню, падзяліць на 5 наступных катэгорый:
1. Камандзіры шаек; дэзерціры, уцякаючыя з нашых войскаў і добраахвотна ўступаючыя ў шэрагі бунтаўшчыкоў; эмісары, прыбылыя з замежжа з мэтай падбухторвання да бунту; саўдзельнікі гэтага, абвяшчаючыя падбухторваючыя адозвы; члены так званых цэнтральных Камітэтаў Ураду, кіруючыя мяцяжом; асобы, як-кольвек не звязаныя з бунтоўнымі бандамі, але вінаватыя ў здзейсненых у некаторых мясцовасцях забойствах і здзеках з нашых службоўцаў ці безабаронных жыхароў, якія засталіся вернымі свайму абавязку;
2. Узятыя са зброяй у руках або ўзятыя і без зброі, аднак, выкрытыя як яўныя саўдзельнікі мяцяжу ці падбухторвання да яго, асобы, што, дзякуючы сваёй адукаванасці і грамадскім становішчам, маглі мець і мелі шкодны ўплыў на масы народу. Сюды адносяцца заможныя абшарнікі, асобы духоўнага стану, гандляры, лекары, настаўнікі, службоўцы і да т. п. Да гэтай жа катэгорыі павінны быць залічаны і асобы, якія, хаця і не маглі мець асаблівага ўплыву на пашырэнне бунту, але істотна садзейнічалі яго развіццю, роўна як і тыя, хто ў дачыненні да ўраду не толькі асабліва абавязаны былі не парушыць прынесенай імі вернападданіцкай прысягі, але і быць у гэтым прыкладам для іншых, напр., адстаўныя службоўцы, афіцэры, шарагоўцы.
3. Узятыя са зброяй у руках або нават і без зброі, аднак, яўна прымаўшыя ўдзел у бунце асобы, якія па свайму становішчу, асабліва з-за недастатковага разумовага развіцця ці юнага ўзросту, не маглі мець дзейснага ўплыву на распаўсюджванне бунту і былі ў большай ці меншай ступені схіленыя прыкладам і падбухторваннем іншых. Сюды адносяцца сяляне, бедныя рамеснікі, калі толькі яны, з прычыны выключнай вагі свайго ўдзелу ў мяцяжы, не будуць залічаны да адной з папярэдніх катэгорый, а таксама асобы, што, хоць і належаць да вышэйшых слаёў грамадства, але не дасягнулі паўналетняга ўзросту, усталяванага Ваенна-крымінальным уставам (17 год), напр., выхаванцы гімназіяў і розных школ, альбо асобы, якія па сваёй адукаванасці стаяць не вышэй за просты народ, што нярэдка здараецца ў асяроддзі т. зв. "шляхты"* заходніх губерняў.
4. Асобы, затрыманыя па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з мяцежнікамі з прычыны таго, што давалі ім у сябе сховішча, забяспечвалі грашыма, харчаваннем ці сродкамі перасоўвання; ведалі, але не даносілі ўладам пра сходкі мяцежніцкіх шаек, склады зброі, пораху і да т. п., альбо з-за іншых акалічнасцяў, узбуджаючых падазрэнне ў іх больш-менш актыўным удзеле ў мяцяжы; і нарэшце:
5. Асобы, якія, хаця і бралі ўдзел у бунце, але з'явіліся да ўладаў з пакаяннем, аддалі або склалі зброю і добраахвотна пакінулі шайкі да 1 траўня бягучага года, і не здзейснілі іншага крымінальнага злачынства.
Што датычыцца сродкаў і парадку накладання пакарання на ўсіх вышэйзгаданых асобаў, то прымяняць наступныя правілы:
1. Тых з асоб 1-й катэгорыі, віна якіх будзе выяўлена без правядзення папярэдняга следства, аддаць неадкладна "па паімцы" ваенна-палявому суду, прысуды якога мае канчаткова канфірмаваць мясцовы ваенны Начальнік (ваенны губернатар, начальнік дывізіі ці генерал, часова прызначаны камандуючым войскамі у губерні) або тыя з камандзіраў атрадаў, якія будуць мець на тое паўнамоцтвы ад памянёных асоб.
2. У тых выпадках, калі мясцовы Начальнік перад адданнем вінаватых суду палічыць неабходным правядзенне следства праз арганізаваную на месцы следчую камісію, прызнаных пасля разгляду следчай справы вінаватымі асобаў 1-й катэгорыі неадкладна аддаваць ваенна-палявому суду, не чакаючы завяршэння справы іншых, пакідаючы таксама мясцоваму Ваеннаму Начальніку права канчатковае канфірмацыі выракаў палявых судоў і прывядзення іх у выкананне.
3. Судзячы злачынцаў 1-й катэгорыі, ваенна-палявыя суды, а таксама начальнікі, што канфірмуюць справы, абавязаны пастанаўляць прысуды па суровасці ваенна-палявых законаў; пры наяўнасці ж акалічнасцяў, змяншаючых віну злачынцаў, ваенныя начальнікі, не даючы ў гэтым выпадку палёгкі вінаватым, звяртаюцца з прадстаўленнем да Камандуючага Ваеннай акругай, падрабязна падаючы акалічнасць, якая, паводле іх меркавання, дае злачынцам пэўнае права на літасць.
4. Злачынцы другой катэгорыі, пасля папярэдняга разгляду іх віны следчай камісіяй, а таксама з распараджэння мясцовых ваенных начальнікаў, аддаюцца ваенна-палявому суду.
5. Ваенна-палявыя суды пры вынясенні выракаў злачынцам другой катэгорыі, у тых выпадках, калі з-за суровасці ваенна-палявых законаў вінаватыя за здзейсненыя імі злачынствы будуць падлягаць смяротнаму пакаранню, могуць замяняць падсудным гэтую кару, у залежнасці ад маштабу віны, прысудам на пазбаўленне ўсіх саслоўных правоў і высылку на акрэслены тэрмін катаргі, згодна з артыкулам 21-м Уставы аб крымінальных і папраўчых пакараннях, або на пасяленне ў Сібір. Прысуды гэтых судоў прадстаўляюцца для канчатковай канфірмацыі камандуючаму войскамі ваеннай акругі.
[…]*
11. Ваенна-палявыя суды, пры разглядзе спраў злачынцаў усіх катэгорыяў, кіруюцца скарочанымі формамі судаводства, усталяванымі ў раздз. IV кн. 2-й Ваенна-крымінальнага Устава, не дапускаючы, аднак, прысутнасці ў судзе пабочных гледачоў, і без удзелу абаронцаў і пракурораў.
Заўвага ад рэдакцыі. Прыведзеныя правілы вядомыя па шматлікіх літаграфічных і адзінкавых рукапісных копіях, а таксама па перадруку цыркуляра па кіеўскай ваеннай акрузе ў кнізе Цылава "Сборник распоряжений... Муравьева", Вільня, 1866 г.
Тэкст копіяў, часта з арфаграфічнымі памылкамі, мае па-рознаму складзены загаловак гэтага дакумента. Найчасцей сустракаецца ў актах следчай камісіі: "Найвысока зацверджаныя 11 траўня правілы аб парадку накладання караў* на мяцежнікаў, узятых са зброяй у руках, або арыштаваных як абвінавачаных ва ўдзеле ў забурэнні". У папцы Жыркевіча месцяцца аж 3 копіі гэтых правілаў на аркушах 22–25, 26–29 і 32–35, адна з якіх названа "суджэнне ўзятых у палон польскіх паўстанцаў".
Прыведзеныя правілы аб падзеле паўстанцаў і эмісараў на катэгорыі, перш чым быць зацверджанымі 11(23) траўня 1863 г., у першыя дні кіравання Мураўёва, ужо былі часткова распрацаваныя Назімавым, пра што сведчаць два цыркулярных распараджэння, адпаведна, ад 24 красавіка ст. ст. 1863 г., №411 (гл. папка Жыркевіча, арк. 20) і ад 25 красавіка (ст. ст.) 1863 г., №486 (папка Жыркевіча, арк. 21).
ШТАБ КАМАНДУЮЧАГА ВОЙСКАМІ В. В. А.
і віленскага, гарадзенскага, ковенскага і менскага генерал-губернатара
ЧАСТКА ОБЕР-АЎДЫТАРА
№411
24 красавіка (6 траўня) 1863 г.
Як дапаўненне да майго цыркулярнага распараджэння ад 16 прамінулага лютага за №35, прадпісваю:
1. Правадыроў шаек і завадатараў мяцяжы, узятых са зброяй у руках, а таксама іншых важных злачынцаў судзіць ваенным судом паводле палявых крымінальных законаў у дваццаць чатыры гадзіны і іх прысуды выконваць неадкладна, дакладна на падставе Найвышэйшага рэскрыпта ад 14 прамінулага студзеня, і, па мажлівасці, на месцы злачынства.
2. Начальнікі, надзеленыя ўладай зацвярджэння гэткіх спраў, зацвярджаюць выракі ваенных судоў без змены, таму што паўнамоцтвы даравання вінаватым і змякчэння пакарання, на падставе арт. 631 кн. 2-й Ваенна-крымінальнага Устава, пакінуты толькі галоўнакамандуючаму Армііяй.
3. Абшарнікаў і іншых асобаў прывілеяванага саслоўя адносіць да катэгорыі правадыроў шаек і завадатараў бунту, калі будуць злоўлены са зброяй у руках пры пераследзе вайсковымі камандамі, паколькі асобы гэтыя, дзеля свайго становішча і ўплыву на іншых злачынцаў, не могуць быць пастаўлены нароўні з астатнімі пры вызначэнні іх віны.
Падпісаў генерал-ад'ютант Назімаў.
Адпаведна арыгіналу
Начальнік Штаба Генерал-маёр (без подпісу)
Цыркуляр ген.-ад. Назімава №486 ад 25 красавіка 1863 г.
Частка обер-аўдытара.
Аб справе эмісараў.
На загад камандуючага войскамі і як вытлумачэнне 3-га пункта Найвышэйшага рэскрыпта ад 14 прамінулага студзеня на імя генер.-ад. Назімава (гл. Уводзіны. §4), паведамляю як указанне да выканання, што да катэгорыі правадыроў шаек і ініцыятараў бунту належыць адносіць эмісараў, прыбылых з мэтай узбуджэння і пашырэння забурэння, а таксама мясцовых жыхароў (без розніцы саслоўя), якія ў справе падбухторвання прымаюць на сябе абавязкі падобныя да эмісараў. Усіх гэтых асобаў судзіць ваенным судом паводле палявых крымінальных законаў у дваццаць чатыры гадзіны, прысуды выконваць неадкладна і, па магчымасці, на месцах злачынства, згодна з пунктам 2-м акружнога прадпісання ад 24 красавіка за №411, г. зн. зацвярджаць выракі ваенных судоў без зменаў.
Начальнік Штаба генерал-маёр Цымерман.
Обер-аўдытар Эмільянаў.
§7.
Ці атрымаў Мураўёў у параўнанні з Назімавым выключныя дыктатарскія правы?
Па дакументах, пададзеных намі ў папярэдніх параграфах гэтага раздзела, можна пераканацца што папярэднік Мураўёва, ген.-ад'ютант Назімаў, з'яўляючыся адначасова, як тое стала практыкавалася ў забраным краі, генерал-губернатарам і камандуючым ваеннай акругай, ужо атрымаў дыктатарскую ўладу з правам вырашаць пытанні жыцця або смерці над усім насельніцтвам, нават цывільным, сваёй сатрапіі, імгненна абвяшчаць ваеннае становішча, дзе толькі яму спадабаецца, сілай указа сената ад 9(21) жніўня 1861 г.
Калі мы вывучым усе сабраныя ў папярэдніх параграфах дакументы, дык пераканаемся, што на паперы, г. зн. паводле указаў, рэскрыптаў, прававых прадпісанняў, улада ў Назімава і Мураўёва была раўназначная і ў абодвух — дыктатарская.
Большую ўладу Мураўёў атрымаў толькі ў дачыненні да падначаленых яму войскаў, таму што адначасна з прызначэннем Найвышэйшым загадам па ваенным ведамстве ад 1(12) траўня "віленскім ваенным губернатарам і генерал-губернатарам гарадзенскім, ковенскім і менскім, а таксама Камандуючым Войскамі віленскай ваеннай акругі з наданымі гэтаму званню правамі", быў надзелены ўладай камандуючага асобным корпусам у ваенны час*.
Гэтая ўлада ў дачыненні да войска, як у тым можна пераканацца па артыкулах, што акрэсліваюць правы і абавязкі камандуючага асобным корпусам у час вайны (артыкулы 1412–1428, Звод ваенных пастаноў, выданы ў 1859 г., ч. I, кн. II — арганізацыя войскаў і іх упраўленне), амаль ідэнтычная кампетэнцыі галоўнакамандуючага арміяй; тое ж тычыцца і судовай улады ў ваеннай сферы.
Мураўёў пры разглядзе ваенна-судовых спраў карыстаўся артыкулам 442, верагодна, на падставе арт. 1426* (цыт. выш.). Паводле Ваенна-крымінальнага устава (збор ваенных законаў, частка V, кніга 2-я), арт. 442 гаворыць: У вырашэнні ваенна-судовых спраў галоўнакамандуючаму арміяй надаюцца наступныя правы:
1) Галоўнакамандуючы канчаткова зацвярджае прысуды на смерць, пазбаўленне званняў і грамадзянскіх правоў ў судовых справах на: шарагоўцаў, обер-афіцэраў, штаб-афіцэраў і палкоўнікаў, а таксама на грамадзянскіх службоўцаў адпаведных рангаў, якія знаходзяцца на службе ў войску.
2) Выракі галоўнакамандуючага на гэтых чыноў выконваюцца па яго загаду. Пра выкананне выракаў галоўнакамандуючы адначасова паведамляе Імператару, прадстаўляючы змест кожнай справы і копію сваёй канфірмацыі.
3) Прысуды па ваенна-судовых справах на генералаў і службоўцаў адпаведных ім рангаў галоўнакамандуючы накіроўвае з усім справаводствам і ўласным меркаваннем ваеннаму міністру для ўнясення на разгляд генерал-аўдытарыята.
4) Галоўнакамандуючы мае права дараваць вінаватым і змяншаць пакаранне, накладзенае судовым выракам, але гэтае не датычыцца асобаў, якія былі аддадзены пад суд ці асуджаны незалежнай ад галоўнакамандуючага ўладай.
"Назімаў, — піша І. А. Нікоцін* (Из записок Ивана Акимовича Никотина. Пецярбург, 1905 г., 268 стар. — гл. стар. 143), адзін з выбітных супрацоўнікаў Назімава і (у далейшым) Мураўёва, — усе неабходныя сродкі для паспяховай барацьбы з крамолай меў пад рукой. Дарэмна некаторыя мяркуюць, што гр. М. М. Мураўёў быў надзелены якімісь асаблівымі паўнамоцтвамі пры прызначэнні яго ў паўночна-заходні край, акрамя правоў "камандуючага асобнага корпуса ў час вайны", усе іншыя правы ўжо былі нададзены генерал-ад'ютанту Ул. І. Назімаву..."
Аднак жа ў цыркуляры Назімава ад 16(28) лютага 1861 г. (гл. у §5), у пункце 4-м, у якім згадваюцца розныя прававыя артыкулы, знаходзім між іншымі артыкулы 831–833 другой часткі Ваенна-крымінальнага устава.
Дык вось, артыкулы гэтыя з'яўляюцца зместам раздзела (V-га) п. н. Аб уладзе ў ваенны час Галоўнакамандуючага арміяй і камандуючага асобным корпусам ў вырашэнні спраў. Арт. 831. У губернях і абласцях, у якіх абвешчана ваеннае становішча, Галоўнакамандуючаму надаецца [права]:
1) Зацвярджаць выракі ваенных судоў і прызначаць іх выкананне на падставе артыкула 442 той жа кнігі і часткі Устава.
2) Дараваць вінаватым і змякчаць пакаранне, прызначанае судом.
Артыкулы 832–833 гавораць аб кампетэнцыі начальнікаў асобнага корпуса і начальнікаў атрадаў, адасобленых ад арміі, наконт зацвярджэння смяротных прысудаў на вайскоўцаў і службоўцаў розных рангаў ніжэйшых за палкоўніка.
Назімаў не меў права канчатковае канфірмацыі выракаў на палкоўніка і вышэй, а таксама службоўцаў адпаведных рангаў, Мураўёў жа меў (сілаю цыт. вышэй арт. 442) права канфірмацыі смяротных прысудаў на палкоўнікаў, але не вышэй. Як бачым, розніца неістотная*, і для нас не мае значэння, таму што на Літве сярод асуджаных на смерць за ўдзел у паўстанні не было ніводнага афіцэра вышэй рангам за капітана.
Тэрытарыяльна ўлада Мураўёва сягала на большы абшар, чым улада Назімава, ахопліваючы нават б. аўгустоўскую губ., але пашырэнне ўлады на большую тэрыторыю не мела ніякага ўплыву на яе ўнутраную кампетэнцыю і моц.
Назімаў у 1861-м годзе аказаўся папярэднікам Мураўёва ў сваім жаданні выдаліць з дыяцэзіі біскупа Красінскага, аб якім даносіў міністру ўнутраных спраў за №1129 ад 17(29) кастрычніка 1861 г.: " ...загадзя засведчыўшы, што імкненне да дасягнення грамадскага спакою з захаваннем годнасці ўраду не зашкодзіць мне ў крайнім выпадку ўжыць меру выдалення адсюль біскупа Красінскага... "*, але атрымаў ад міністра датаваны 31 кастрычніка ст. ст. 1861 г. супакойваючы адказ за №1218, што "пастараемся пераканаць яго (біскупа) ў абавязковасці дзейнасці згодна з Вашымі відамі і распараджэннямі".
Валоданне ў роўнай ступені дыктатарскімі паўнамоцтвамі не заўсёды ідзе поруч з аднолькава суровым з іх карыстаннем. Тыя самыя паўнамоцтвы мелі і Назімаў, і Мураўёў, аднак, пра першага паўстала легенда як пра чалавека ліберальнага і зычлівага да палякаў, а другі застаўся ў гісторыі з прыдомкам "Вешальнік".
Што да Назімава, дык насуперак пануючай легендзе, якая прадстаўляе выяву ягняці, мы можам сцвярджаць, што і ён таксама быў ваўком у авечай шкуры, і што толькі палітычныя варункі і прыстасоўванне да ветру, які дзьмуў з Пецярбурга, не дазволілі яму адкрыцца і паказаць уласцівую яму натуру, бо слушна заўважыў Герцэн, што ў кожным расейцы ёсць нешта ад Мураўёва і Аракчэева.
Для Назімава характэрна (гэта збліжае яго з тыпам расейскіх жандараў, гл. ніжэй §8, пра палкоўніка Лосева), што ў той самы час, калі літаральна цалаваўся з палякамі і ўдаваў з сябе сябра (нават лічыўся такім), ён дамогся ў першыя месяцы свайго кіравання сакрэтнага імператарскага указа (дадзенага віленскаму ген.-губернатару 6(18) траўня 1856 г., г. зн. праз некалькі тыдняў пасля скасавання ваеннага становішча 29 сакавіка т. г.), што дазваляў вырашаць судовыя справы цягам 24 гадзін, на ўзор ваенных судоў, "для задушэння беспарадкаў, узнікаючых з палітычнымі мэтамі".
Заслугоўвае ўвагі тое, што піша пра Назімава адзін з найбліжэйшых яго супрацоўнікаў, падпалкоўнік А. С. Паўлаў, начальнік асобага аддзела канцылярыі генерал-губернатара для палітычных спраў. У сваіх успамінах, надрукаваных п. н. "Владимир Иванович Назимов" (Русская Старина, 1885 г., люты і наст. мес.), Паўлаў на дакументальнай аснове абараняе свайго колішняга начальніка ад выстаўленых яму Мураўёвым і іншымі папрокаў у слабасці і даводзіць, што Назімаў праводзіў трывалую антыпольскую палітыку, але на кожным кроку сустракаў супрацьдзеянне і перашкоды з боку ўрадавых колаў у сталіцы.
Вось некалькі прыкладаў*:
У 1862 г. распараджэнне Назімава аб спыненні па палітычных прычынах шляхецкіх выбараў у Менску было прызнанае міністрам унутраных спраў самавольным і шкодным. Імператар, аднак, прызнаў правату Назімава. Але для атрымання гэтага адабрэння да імператара, які на той час знаходзіўся ў Маскве, быў пасланы са спецыяльным рапартам падпалкоўнік Паўлаў.
Ужо ў 1862 г. Назімаў папярэдзіў галоўнае ўпраўленне чыгунак аб "загадкавай" дзейнасці галоўнага таварыства чыгунак, якое прымала на працу пераважна іншаземцаў і палякаў, нядобразычлівых да Расеі; чыгуначныя майстэрні, патрабуючыя значнага сканцэнтравання працоўнага люду, змясціла не ў Гародні, а ў Лапах, на памежжы з Каралеўствам, а значную чыгуначную станцыю — у мясцовасці Парэчча, за 30 вёрстаў ад Гародні. Паводле Назімава, які ўжо тады прадбачыў збройнае паўстанне, была стратэгічная скіраванасць у размяшчэння "вагонбурга" воддаль ад губернскага горада і месца значнай дыслакацыі войскаў.
Назімаў звяртаў увагу цэнтральных уладаў на "недарэчнасць" змяшчэння на чыгуначных станцыях ад Беластока аж да Пскова польскіх надпісаў і бачыў у гэтым палітычную скіраванасць. Калі ген.-ад'ютант Чэўкін5 пакінуў без увагі меркаванні Назімава, апошні не здаўся і звярнуўся тэлеграмай ад 16(28) студзеня да шэфа жандараў кн. Даўгарукава з просьбай аб падтрымцы, але гэтаксама безвынікова.
Яшчэ за два гады да паўстання Назімаў засцерагаў міністра ўнутраных спраў і шэфа жандараў (11(23) лістапада 1861 г. за №№1304 і 1305) ад чужаземнай каланізацыі т. зв. Заходняга краю, бо пад выглядам нямецкіх і аўстрыйскіх падданых тут пасяляліся палякі з прускай часткі былой Рэчы Паспалітай і Галіцыі. Але гэтая засцярога таксама засталася без увагі, а ў №35 за 1862 г. афіцыйнай "Северной Почты" было апублікаванае Найвысока зацверджанае меркаванне Дзяржаўнага Савета аб праве пасялення чужаземцаў у Расейскай дзяржаве і ўезду іх у межы дзяржавы на падставе толькі пасведчанняў расейскіх службаў за мяжой.
Яшчэ да супрацоўніцтва Карнілава і Мураўёва куратар віленскай навучальнай акругі Шырынскі-Шыхматаў распачаў адкрыццё расейскіх вясковых школ, а Назімаў пры дапамозе земскай паліцыі зачыняў закладзеныя жыхарамі школы польскія. Але як бы ў адказ на цыркуляр генерал-губернатара, што загадваў паліцыі, каб мясцовыя жыхары не адчынялі школ, у органе міністэрства ўнутраных спраў "Северная Почта" з'явілася карэспандэнцыя, натхнёная, падобна, гр. Старжынскім, у якой выказвалася пахвала і ставілася ў прыклад для пераймання дзейнасць асоб, што адчынілі ў дзісненскім павеце ў сваіх маёнтках школы і займаліся навучаннем.
Відавочна, што з'яўленне ва ўрадавым органе міністэрства ўнутраных спраў гэткай карэспандэнцыі дэзарыентавала мясцовыя ўлады.
Паўлаў прыводзіць вышэйзгаданыя прыклады, каб паказаць "перыяд страшэнна цяжкага становішча" Ул. І. Назімава як генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю, якога Пецярбург нібы дэзавуіраваў. Нікоцін* таксама сцвярджае, быццам Пецярбург быў настроены гэтак, што некаторыя высокапастаўленыя асобы глядзелі на падзеі, якія адбываліся ў краі, вачыма гр. Старжыцкага і іншых паборнікаў польскай справы. Намаганні Ул. І. Назімава, што тычыліся неабходнасці ўжывання суровых мераў, не толькі не знаходзілі падтрымкі, але выклікалі адтуль не зусім прыемныя ўказанні*.
Нават Мураўёў, непрыхільны да Назімава, прызнае, што той цалкам справядліва "быў у найвышэйшай ступені незадаволены пецярбургскімі ўладамі, а асабліва міністрам унутраных спраў, якому шматразова пісаў аб неабходнасці змены палітыкі саступак і так званай законнасці" (Sic!) (Муравьев. Записки… Русская Старина — 1882, лістапад — стар. 401).
Па Мураўёву (loc. cit. стар. 390), "палітыка, што зыходзіла з Пецярбурга, галоўным чынам, ад міністра ўнутраных спраў, шэфа жандараў і міністра замежных спраў, не давала яму (г. зн. Назімаву) магчымасці дзейнічаць цвёрда і рашуча, бо два першых дбалі толькі пра тое, каб пагадзіцца з палякамі і схіліць іх да павагі інтарэсаў Расеі пры дапамозе розных саступак, што яшчэ больш узнімалі ў палякаў упэўненасць у поспеху, а апошні, падзяляючы тактыку Валуева, кн. Даўгарукава і Веляпольскага (які падчас апошняга знаходжання ў сталіцы валодаў надзвычай высокім аўтарытэтам у членаў урада), да таго ж апасаўся пагроз Заходніх дзяржаў, што настойліва дамагаліся прызнання Польшчы ў межах 1772 г.
Імператар вагаўся, хаця і адчуваў неабходнасць рашучых мер...*
Нарэшце, імператар перастаў вагацца ў магчымасці ўжывання рашучых захадаў. Але гэтая перамена ў настроях імператара і саноўнага Пецярбурга наступіла толькі тады, калі ўжо дакладна можна было не апасацца інтэрвенцыі заходніх дзяржаў з-за польскага пытання.
Страх перад еўрапейскай інтэрвенцыяй быў тым ланцугом і тормазам, якім з Пецярбурга трымалі на лейцы віленскага правіцеля. А яго можна было трымаць моцна, бо той "дыктатар" меў уладу — не "ад сябе", не "з Божае ласкі" і не "па волі народа", а толькі — з ласкі і волі цара, які мог у любую хвіліну звольніць свайго слугу з дыктатарскай пасады.
Страх перад магчымасцю адстаўкі быў прычынай слабасці і непаслядоўнасці палітыкі Назімава. Мураўёў аказаўся мацнейшым і паслядоўнейшым не толькі дзеля таго, што быў больш бязлітасным за Назімава, але, перадусім, дзеля таго, што мог сабе дазволіць большую жорсткасць, бо ў яго праўленне Пецярбург ужо не стрымліваўся страхам перад еўрапейскай інтэрвенцыяй.
§8.
Для падаўлення паўстання не хапіла драконаўскіх законаў
Здавалася б, што прымяненне расейскага ваенна-крымінальнага ўстава да палітычных злачынцаў — паўстанцаў і членаў арганізацыі — давала расейскаму ўраду дастатковыя гарантыі пакарання вінаватых "па ўсёй строгасці ваенных законаў". Напісаны крывёй расейскі ваенны устаў настолькі жорстка стаяў на ахове цэласнасці дзяржавы, а таксама недатыкальнасці асобы і велічы манарха, што нават прадпісваў духоўным асобам парушаць таямніцу споведзі з мэтай выкрыцця злых намераў у дачыненні да здароўя ці годнасці імператара або ўчынення бунту ці здрады*.
Заканадаўца выявіў большае дбанне аб захаванні дзяржаўнай і службовай таямніц, чым таямніцы споведзі, што сведчыць аб поўным падпарадкаванні рэлігіі дзяржаўнаму інтарэсу, нават у справах сумлення.
Паміма гэтага, "Ваенна-крымінальны устаў" ужо ад паўстання 1830-31 гг. змяшчаў дзве меры прымянення пакаранняў: у дачыненні да расейскіх падданых увогуле і жыхароў памежных губерняў; маёмасць першых у выпадку асуджэння на смерць пераходзіла да законных спадкаемцаў, як пасля натуральнай смерці, другіх жа — падлягала канфіскацыі ў выпадку пакарання смерцю за "бунт ці ўдзел у ім..."*
Расейскія ўлады палічылі, аднак, прымяненне згаданага Устава ў забраным краі без далейшых змен недастатковым. Насуперак арт. 3 (В. К. У., частка 2-я)*, меркаванне Дзяржаўнага Савета, зацверджанае імператарам 11(23) сакавіка 1863 г., пашырала дзейнасць ваенна-палявых судоў на асоб жаночага полу, замешаных у палітычных злачынствах (гл. Цылаў, стар. 83 — женщины).
Ваенна-крымінальны Устаў не выключаў, а нават прадугледжваў удзел адваката і пракурора ў высвятленні віны падсуднага.
Яшчэ ў цыркуляры ад 16(28) лютага 1863 г. ген. ад. Назімава былі прызнаны абавязковымі артыкулы 766–799 вытворчасці ваеннага суда, з якіх артыкулы 766, 769, 770, 775 і 776 прадугледжвалі ўдзел у справе абаронцы і нават (арт. 772) адкрытасць працэсу*.
Аднак у Найвысока зацверджаных 11(23) траўня Правілах, што падавалі канчаткова ўсталяваны падзел польскіх паўстанцаў на катэгорыі (гл. §6), арт. 11 ужо не дапускаў да залі суда пабочных гледачоў і ўдзелу абаронцы.
За выкананнем дадзенага артыкула сачылі не толькі мясцовыя ўлады, але нават сам ваенны міністр (Мілюцін) пры пасрэдніцтве аўдытарскага дэпартамента*.
У віленскім дзяржаўным архіве ў актах судовага аддзела штаба войскаў Віленскай Ваеннай Акругі (№ 18/18 1863 г., скрыня 386) знаходзіцца на арк. 36 на бланку "Ваеннае Міністэрства. Аўдытарскі дэпартамент. Канцылярыя. Стол 2 — 15 чэрвеня 1863 г. №3224" (у адказ на №774, г. зн. на паведамленне віленскага обер-аўдытара аб канфірмацыі) ліст, адрасаваны Камандуючаму Войскамі Віленскай Ваеннай Акругі, гэткага зместу:
"З перададзенай Вашым Высокаправасхадзіцельствам выпіскі з прысуду па ваенна-судовай справе на канцылярскага службоўца Міхалоўскага відочна, што пры судовай вытворчасці ў ваенна-палявым судзе быў дапушчаны адвакат.
Зважаючы на тое, што сілаю 11-га пункту Найвысока зацверджаных 11 траўня (ст. ст.) б. г. Правілаў справы на польскіх мяцежнікаў павінны разглядацца хаця і на падставе прадпісанняў, усталяваных для судоў ваеннага часу, але не дапускаючы ў суд пабочных гледачоў і без удзелу адвакатаў і пракурораў, і што суд над Міхалоўскім адбываўся, праўдападобна, пасля атрымання на месцах згаданых правілаў, таму што сам выпадак, які стаўся гэтаму повадам, здарыўся 20 траўня, лічу сваім абавязкам паведаміць пра гэтае з мэтай выклікаць адпаведнае распараджэнне Вашага Высокаправасхадзіцельства.
Міністру здарэнне была растлумачана наступным чынам (у лісце на бланку камандуючага войскамі В. В. А. №901 ад 22 чэрвеня 1863 г.):
"Маю гонар паведаміць Вашаму Правасхадзіцельству, што падчас ваенна-палявога суда ў Менску над малодшым канцылярыстам Міхалоўскім яшчэ не былі прынятыя да ўвагі Правілы, Найвысока зацверджаныя 11 траўня (ст. ст.) б. г., бо суд над Міхалоўскм адбываўся з 18 па 21 траўня, а Правілы былі надрукаваныя (Друкаваныя правілы ад 11(23) траўня пакуль не сустракаліся, вядомыя толькі літаграфічныя або нават рукапісныя — Заўв. рэд.) ў маёй канцылярыі 20 траўня і тады ж разасланыя. Таму ў згаданым судзе быў дапушчаны абаронца".
(За адпаведнасць копіі падпісаўся обер-аўдытар)
У смяротных прысудах ваенных судоў віленскай ваеннай акругі і ў канфірмацыі гэтых прысудаў прысутнічае непрапарцыянальна вялікі працэнт пазбаўлення жыцця праз павешанне, хаця такога роду пакаранне належала да асобых выключэнняў і практыкавалася рэдка, як пра тое сведчыць арт. 20 (кнігі 1-й В.-К. У.):
Існуюць два роды кары смерцю: расстрэл і павешанне. Калі ў законе вызначана проста смяротнае пакаранне, пад тым разумеецца расстрэл; пакаранне смерцю праз павешанне вызначаецца толькі ў тых выпадках, якія падлягаюць Вярхоўнаму крымінальнаму суду, і прызначаецца яго прысудамі.
Зважаючы на тое, што пакаранне смерцю праз павешанне лічылася расейскім Ваенна-крымінальным Уставам асабліва ганебным і звязаным з т. зв. "шальмаваннем" (у вайскоўца адбіраецца зброя, з мундзіра зрываюцца знакі адрознення — гл. ніжэй §9 — Абрад выканання смяротнай кары ), наўмысна, насуперак прававому звычаю і прадпісанням арт. 20 В.-К. У., у віленскай ваеннай акрузе ў дачыненні да польскіх паўстанцаў часцей, чым да іншых злачынцаў у іншых ваенных акругах, прымянялася смяротнае пакаранне праз павешанне як адзін са спосабаў урадавага тэрору.
Насуперак прадпісанням В.-К. У., як пра тое сведчыць арт. 158 кн. 2-й:
Наогул падчас дазнання належыць імкнуцца схіліць абвінавачаных да прызнання больш лагоднасцю і пераконваннем, чым суровасцю. Ні ў якім разе не належыць учыняць абвінавачаным прыстрасных допытаў, катаванняў і жорсткасцяў, але імкнуцца адкрыць праўду праз дакладныя роспыты, уважлівае вывучэнне і супастаўленне варункаў, лучнасці дзеянняў і паказанняў абвінавачаных.
Расейскія ваенныя суды над польскімі "палітычнымі злачынцамі" ўвайшлі ў гісторыю з адзнакай найгоршага бяспраўя.
Генрык Цэдэрбаўм у прадмове да кнігі, што ўтрымлівае 489 прысудаў палявога аўдытарыята ў Варшаве, сведчыць, што, акрамя вусных паданняў і сведчанняў мемуарыстаў, след таго, якімі спосабамі вымагаліся паказанні і да якіх інквізіцыйных сродкаў звярталіся, утрымліваецца таксама і ў некаторых прысудах.
Падсудны гаворыць, што паказанні на яго "выбітыя". (Генрык Цэдэрбаўм, адвакат прысяжны. Студзеньскае паўстанне. Прысуды Палявога аўдытарыята за 1863, 1864, 1865 і 1866 гг.6 Уводзіны, стар. V.)
Нам здаецца, што тычыцца фізічных катаванняў, якія прымяняліся падчас ваенных і жандарскіх дазнанняў у дачыненні да палітычных злачынцаў, арыштаваных за польскую справу, дык, магчыма, у традыцыі і апавяданнях нашых мемуарыстаў яны трохі перабольшаны. Несумнеўна, катаванні мелі месца, але не дамінавалі. Расейскі жандар ці афіцэр жандарскага тыпу — член палітычнай следчай камісіі меў сродкі неабавязкова фізічнага кшталту, каб вымантачыць паказанні ад вязня, што быў адарваны ад нармальнага ладу жыцця, непакоіўся пра лёс сваіх блізкіх, быў уведзены ў зман і трывогу шляхам застрашвання. Паведамленне фальшывых звестак, падсоўванне для азнаямлення несапраўдных дакументаў і паказанняў таварышаў абвінавачанага, унушэнне, што ўсё вядома, бесперапынная ігра на нервах і псіхалогіі вязня і чалавека, удаванне перад ім гуманных пачуццяў і нават асабістай прыязнасці etc. — гэта сапраўдныя расейскія жандарскія метады, якія маюць сваю традыцыю.
Гэткім тыповым жандарам быў у часы смяротных прысудаў палкоўнік Лосеў.
Былы мураўёўскі чыноўнік Масолаў7 у "Виленских очерках" ("Русская старина", снежань 1883 г., стар. 606) так характарызуе спосабы допытаў гэтага жандара: "Слёзы спачування, гарачая зычлівасць, пацалункі — вось сродкі А. М. Лосева8. Памятаю адно яго выказванне пасля допытаў упартага мяцежніка:
"Шэсць разоў яго пацалаваў, і які — ані слова мне не сказаў".
Часам, аднак, і Лосеў выходзіў з цярпення, калі ягоныя юдавы пацалункі і ніякія сродкі не дзейнічалі, не ведаю, ці ўжываў катаванні, але саджаў, напр., д-ра Міхала Аскерку на хлеб і ваду за упартае адмаўленне ўсіх фактаў, ужо вядомых камісіі з іншых крыніц.
Сталы расейскі жандарскі метад — вылучэнне з ліку абвінавачаных слабейшага ў маральным сэнсе чалавека, якому пагражаюць, што, паводле крымінальнай уставы, за ўпартае непрызнанне і абцяжарванне выкрыцця вінаватых, ён панясе большую адказнасць, што яго "згнояць у вязенні" і да т. п., абяцаюць за чыстасардэчнае пакаянне і адкрыццё акалічнасцяў справы поўнае дараванне, а да таго ж — поўную канфідэнцыяльнасць, вызваленне ад вочных ставак з іншымі абвінавачанымі і да т. п.
Падобным спосабам Лосеў канчаткова дэмаралізаваў нейкага Вітальда Парфіяновіча9, члена менскай арганізацыі, і здабыў для гэтага здрадніка ў Мураўёва прывілей вызвалення ад вочнай стаўкі. Суды прыстасоўваліся да гэткага распараджэння і асуджалі падсудных без дастатковага доказу, які магла б даць не аднойчы неабходная вочная стаўка.
Вось выпіска з пратакола суда пры віленскім ардананс-хаўзе, што дае сведчанне пра тое, як рэагавалі суддзі на пазбаўленне іх магчымасці скарыстацца адным з прававых доказаў, прадугледжаных судаводствам.
"...Пасля выправаджвання падсудных з судовае залі старшыня, згодна з арт. 781 кн. 2-й Ваен.-Крымінальнага Уст., Старшыня паставіў перад суддзямі пытанне, ці маюць яны што яшчэ да ўпамінання. Суддзі на тое адказалі, што па справе належала б даць вочную стаўку падсуднаму доктару Чакатоўскаму10, які знаходзіцца пад арыштам, са шл. Вітальдам Парфіяновічам (у тэксце памылкова Рытальдам Парфімовічам — Заўв. рэд.) з прычыны адмаўлення першага і сцвярджэння другога, быццам Чакатоўскі быў начальнікам г. Менска. Пры абмеркаванні гэтай справы Старшыня суда звяртаўся да Старшыні Асобай следчай камісіі Шалгунова11 і атрымаў адказ, што па невядомых яму прычынах (?!) асоба Парфіяновіча з дазволу Начальніка краю вызвалена ад вочных ставак у гэтай справе з кім бы то ні было. (Б. Мураўёўскі архіў, №438, 1864 г., арк. 69, скрыня 291).
Суд, напр., у справе Чакатоўскага (менскай арганізацыі) адмовіўся ад прыналежнага яму права правядзення вочнай стаўкі і асудзіў д-ра. Чакатоўскага, не прызнаўшы ў справе апошняга ніякіх змякчаючых акалічнасцяў, на пазбаўленне ўсіх саслоўных правоў і 15 год катаргі ў капальнях, такім чынам, прызначыў такую меру пакарання, нібыта вочная стаўка адбылася і дала вынік неспрыяльны для падсуднага.
Расейскія ваенныя суды не вызначаліся "празмернай" скрупулёзнасцю ў палітычных справах, пра што ў некаторых выпадках сведчаць нават падсудныя, нягледзячы на тое, што не мелі пры сабе абаронцаў; аднак жа злоўжыванні законам былі досыць відавочныя нават неспецыялістам.
Напр., абвінавачаны Гіжынскі піша Троцкай следчай камісіі, што абвінаваўчы сведка, нехта Тамковіч, прысягаў п'яны, спасылаючыся акрамя свайго назірання на сведчанне канваіраў, якія распавялі Гіжынскаму, што Тамковіч ужо тры дні п'е і быў п'яны пры прынясенні прысягі (арк. 60, №862, 64 г., скрыня дзярж арх.(былы Мураўёўскі) №314).
Абвінавачаны Даўгяла жадаў недапушчэння да прысягі сведкі Тамковіча па наступных прычынах: 1) Тамковіч выхваляўся ў Зыжморах, што данясе на Даўгялу. 2) Тамкомвіч быў звольнены Даўгялам з пасады ключвойта* за несумленнасць. 3) Паміж Тамковічам і Даўгялам існуе спрэчка аб зямельнай арэндзе.
Члены камісіі, аднак, палічылі гэтыя прычыны недастатковымі, каб падазраваць Тамковіча ў прадузятасці і не дапусціць яго да паказанняў пад прысягай.
Пра злоўжыванні на допытах, якія палягалі ў фальшаванні паказанняў сведак і вымаганні паказанняў пры дапамозе біцця, найстрашнейшых пагроз і нават катавання да смерці ёсць згадка ў справе Юзафа Машчынскага:
Адказваючы на пытанні суда (б. Мураўёўскі архіў, скрыня 312, №826, 1864 г.) 29 чэрвеня 1864 г. (ст. ст.), стоячы перад утворанай імператарскім загадам у губернскім Магілёве камісіяй Ваенна-Палявога суда, падсудны Юзаф Машчынскі (аркуш 108) напісаў наступнае: "жадаю вочнай стаўкі з аканомам Рымкевічам...
...яшчэ прашу камісію звярнуць увагу на паказанні Рымкевіча без прысягі, і тое, што яны напісаны старшынёй камісіі Лейтнерам, хаця сам Рымкевіч — псіьменны.
...Яшчэ прашу камісію звярнуць увагу на паказанні кухара Харытона, якога дапытвалі з біццём і найстрашнейшымі пагрозамі ў маёнтку Асяцімскага Няхлюдаве, ён (Харытон), як я чуў, памёр, і цяпер я не магу прасіць камісію аб вочнай стаўцы [з ім]".
Далей на аркушы 109:
29 чэрвеня 1864 г. у прысутнасці Камісіі Ваенна-Палявога суда ніжэйшым подпісам сведчу, што падчас правядзення нада мной следства (акрамя апісанай у маіх паказаннях прыстраснасці з боку палк. Лейтнера пры допыце кухара Харытона), а таксама пры судовым дазнанні, прадузятасці з боку членаў суда ў дачыненні да мяне не выяўлена. (подпісы Юзафа Машчынскага і аўдытара).
Сярод членаў следчых камісій і іх старшыняў маглі і павінны былі не раз сустракацца асобы, якім перадусім трэба было паказаць ураду сваю дбайнасць, якія імкнуліся вызначыцца праз выкрыццё, няхай і неіснуючых, змоваў і асуджэнне абвінавачаных, хаця б на падставе фіктыўных, нацягненых і нават фальшывых доказаў.
Характарыстыку гэткага тыпу дае нейкі ліст, праўдападобна, да гарадзенскага ваеннага губернатара, датаваны ў Беластоку 10 студзеня (ст. ст.), які знаходзіцца сярод гарадзенскіх дакументаў (1864 г., №20 (даўні), №162 (паводле перадатачнага Вопісу Мураўёўскага. Музея.)
Мы не мелі магчымасці спраўдзіць, ці сапраўды расейскі капітан гвардыі, пазней старшыня сакольскай следчай камісіі, а ў далейшым — ваенны начальнік Сакольскага павета Нікіфаракі быў гэткім благім, якім намаляваны ў лісце, і не бачым патрэбы капацца ў суцэльнай багне, каб вывесці аб'ектыўнае меркаванне адмыслова аб асобе аднаго Нікіфаракі, калі нам для нашае працы — агульнага каментару шматлікіх смяротных прысудаў — дастаткова збольшага звярнуць увагу на сам фон карціны расейскага правасуддзя ў атмасферы дагараючага паўстання, ігнараванне прававых нормаў, разгул розных гіен, што шукалі ў нашым краі багацця і кар'еры для сябе. У гэткай атмасферы, у якой узнікла і размножылася асаблівая чыннасць ілжэсведкаў, следчыя камісіі павінны былі налічваць між сваіх членаў людзей, што трымаліся адваротнага ад юрыстаў прынцыпу, г. зн., для іх не быў святы прынцып fiat iustitia, pereat mundo12, але, перадусім, pereat iustitia, абы нам было добра і яшчэ, можа, нашай расейскай айчыне.
Дакумент аб дзеючых ілжэсведках ("Акт аб асобах, падазраваных у ілжэсведчаннях", 1864 г., №20 (даўні), №168 (паводле перадатачнага Вопісу Мураўёўскага. Музея, арк. 7.)
Копія рапарта начальніка Сапоцкінскага аддзела Аўгустоўскаму грамадзянскаму губернатару ад 3(15) студзеня 1864 г. за №33.
"Пастаяннае выпатрабаванне камісіі, як Аўгустоўскай, так і Гарадзенскай, тых самых асобаў, што знаходзяцца там ў якасці абвінаваўцаў, якія ўсебакова раскрываюць толькі ім прыналежныя сведчанні аб ступені ўдзелу абвінавачаных імі асоб у мяцяжы і іншых палітычных злачынствах, навяло мяне на думку шырэй даведацца аб добранадзейнасці тых сведак (даносчыкаў) і іх маральнасці, каб на падставе гэтых даных атрымаць уяўленне, наколькі тыя асобы заслугоўваюць даверу, і ці няма пабочных прычынаў, што вымагаюць абвінаваўцу паказаць на тую ці іншую асобу.
Як спосабам, што бліжэй за іншыя прыводзіць да мэты, я скарыстаўся з выбарак са штрафнога журнала, які перахоўваецца ў дакументах мясцовага Сапоцкінскага магістрата, і звестак з таго журнала, якія буду мець гонар прадставіць Вам у адмысловай выпісцы ніжэй.
Найчасцей да мяне даходзяць скаргі, што абвінаваўцы ўжываюць яўна не чэсныя сродкі, вымагаючы ад асобаў, выбраных імі для абвінавачання, грашовай узнагароды, пагражаюць, што калі не атрымаюць жаданай сумы ці спрэчнага кавалка зямлі, на які абвінаваўца даўно страціў усялякія правы, то данясуць у тую ці іншую камісію, абвінавацяць у прамым або ўскосным удзеле ў мяцяжы, і абвінавачаны будзе на доўгі час пазбаўлены волі, а можа нават рызыкаваць быць высланым далёка з роднага краю.
Не адмаўляючы магчымасці цалкам справядлівых абвінавачанняў і не перашкаджаючы пакаранню сапраўды вінаватых, я, у імя справядлівасці, па свайму абавязку, з прычыны таго, што, быць можа, не ўсе абвінавачаныя былі так вінаватыя, як іх імкнуліся прадставіць карыслівыя і ў значнай ступені нячэсныя сведкі; урэшце, для змяншэння складанасці страшэннай колькасці спраў, нагрувашчаных у камісіях, — бяру на сябе смеласць дакласці Вам, што абвінавачанні асобаў кшталту габрэя Моўшы Квяткоўскага, сялян Юзафа Сакалоўскага, Мацея і Яна Гарневічаў, Юльяна Дамулевіча, Пятра Савіцкага і ім падобных вымагаюць найвышэйшай асцярожнасці і жорсткага кантролю, наводзячы міжволі на думку, чаму толькі ім адным вядома гэтак шмат выкрываючых падрабязнасцяў, і ці ўсё праўдзіва з таго, што ім вядома.
Калі прыкладзеная тут выпіска* яшчэ недастаткова характарызуе, да якога кшталту людзей належалі асобы, што з'яўляліся з адкрытым чалом і надзвычайнай адвагай у якасці абвінаваўцаў перад абліччам суддзяў, то з Вашае згоды я гатовы ўжыць усе залежныя ад мяне сродкі, каб прадставіць у падрабязнасцях, за праўдзівасць якіх ручаюся, учынкі людзей, склаўшых сабе свайго роду сталы занятак, рамяство, прафесію ў даносах і абвінавачаннях, прыкрываючыся адданасцю законнаму ўраду і спрытна злоўжываючы сваім становішчам, дзе толькі магчыма.
Арыгінал падпісаў маёр Разенмейер. Выключная ініцыятыва маёра Разенмейера ці Разенмайера, які, верагодна, паходзіў з нейкай значнай культурнай нямецкай сям 'і, ударыла ў пустэчу.
Аўгустоўскі губернатар, а дакладней, выконваючы яго абавязкі нейкі падпалкоўнік, накіраваў рапарт маёра Разенмайера ад 3(15) студзеня ў гарадзенскую толькі 31 студзеня (11 лютага) і бліжэйшыя следчыя камісіі (даты невядомыя) з дабаўленнем паведамлення ад сябе, што дзесяць згаданых у рапарце асоб арганізавалі сумесную змову (выражаючыся на французскі лад, "камплёт"), так што адзін звяртаецца з даносам у гарадзенскую або аўгустоўскую камісію, а астатніх сваіх шаноўных хаўруснікаў выстаўляе за сведак. Гэткім спосабам яны здолелі навесці ўсеагульны страх, так што, вельмі праўдападобна, многія адкупляліся ад іх, каб пазбегнуць пагражальных наступстваў.
Мы не знайшлі ніякага следу ў дакументах, і наўрад ці знойдзем, каб адкрыццё дзейнасці банды, якая займалася ілжывымі даносамі, пабудзіла некага з тых, хто стаяў на ахове "справядлівасці", да перагляду падазроных працэсаў і высвятлення, ці была тая банда, выкрытая маёрам Разенмайерам, адзінай на тэрыторыі ўсёй віленскай ваеннай акругі?
Відавочна, такіх і падобных даносчыкаў у краі было ўдосталь, але улады былі, можа, нават задаволеныя страхам, нагнаным гэтымі асобамі!
Найвышэйшы начальнік краю Мураўёў лічыў адным з найлепшых спосабаў устанаўлення парадку прымяненне "застрашлівых", "у прыклад і страх іншым" рэпрэсіўных сродкаў, не выключаючы смяротных прысудаў.
Мураўёў у падрыхтаванай імператару справаздачы (Дакумент сакрэтны "Отчет гр. М. Н. Муравьева" ад 1 траўня 1863 да 17 красавіка 1865 г.) лічыць сваёй заслугай страчванне ўсіх кінжальшчыкаў, як ён выразіўся, "у прыклад і страх іншым" (Ibid., стар. 5).
У лісце ад 26 траўня13 да міністра ўнутраных спраў Мураўёў піша аб расстрэле дваіх ксяндзоў (Зямацкага і Ішоры) як пра смяротныя выракі для прыкладу, што былі неабходныя для прывядзення духавенства да пакоры.
У генерал-губернатарскай інструкцыі павятовым начальнікам (ад 17(29) і 19(31) ліпеня 1863 г. — Цилов. Сборник распоряжений Муравьева — стар. 125, §9) Мураўёў ужывае тэрор для знішчэння рэшткаў паўстанцкіх атрадаў, якія называе "нічым іншым, як бандамі разбойнікаў, не заслугоўваючымі ніякай літасці".
Наступствам гэтае інструкцыі былі факты такога роду, што паўстанца (гл. у Рукапісе №68 Зыберс), спярша залічанага ваенным судом да трэцяй катэгорыі (гл. Уводзіны. §6. Падзел паўстанцаў на катэгорыі) і асуджанага на 5 год арыштанцкіх ротаў, судзілі потым другі раз і сілаю ліпеньскай інструкцыі (§9 "прадпісанняў") асудзілі новым выракам — на смерць.
У дадзенай інструкцыі Мураўёў прадпісвае, каб... "калі навакольная шляхта... будзе падазраванай у саўдзеле або дапамозе бунтаўшчыкам, адразу даносіць галоўнаму ваеннаму начальніку для прымянення найсуровейшых захадаў ва ўсёй шляхецкай ваколіцы ў прыклад і пострах іншым".
Мураўёў расцэньваў смяротныя выракі больш як палітычны сродак, спосаб урадавага тэрору, чым ажыццяўленне правасуддзя, пра што, у некаторай ступені, сведчыць у сваім лісце ад 13(25) ліпеня 1863 г. міністру ўнутраных спраў Валуеву14, пішучы, што пры разглядзе справы гр. Чапскага (за якога ўступіўся лорд Напер15) "не выпушчу з поля зроку нічога, што магло б паслужыць палягчэнню яго лёсу, бо зараз палітычныя ахвяры непатрэбныя".
Арышту невінаватых Мураўёў не апасаўся, паколькі арыштаваны належаў да польскай шляхты, буйной ці дробнай (апошняй у краі налічвалася дзесяткі тысяч). Паводле прызнанняў Мураўёва, у прыватнай размове з кн. Чаркаскім16 (Русская Старина, 1882 г., стар. 638 — рэдактарская заўвага), ён засведчыў, дабрадушна склаўшы рукі на жываце:
...Так, гр. Бергу17 цяжка ў Царстве, цяжэй, чым тут, на Літве. У яго — суцэльная маса насельніцтва, адзін народ. У мяне ж мяцежнікі — элемент наносны: як пясок, нанесены ракой, гэтак і шляхта польская ў краі. Мне значна лацвей іх вырываць і саджаць у вязніцу.
Вельмі часта саджаю іх без найменшай віны (sic!), нават падазрэння няма, ану ў такім выпадку я заўжды вырашаю: няхай пасядзіць трохі даўжэй пад замком, быць можа, што-кольвек [на яго] знойдзецца. І што ж Вы думаеце! Быў так шчаслівы, што заўсёды нешта на рахунак майго самотніка (майго, значыцца, арыштанта) знаходзілася. Ну, тады падавай мне яго сюды!"
І казаў гэтае Мураўёў, па сведчанні кн. Чаркаскага (заўвага пад стар. 639, "Русская Старина", 1883 г.), спакойным мяккім голасам, з самай добразычлівай усмешкай і відавочнай "душэўнай сладастраснасцю".
Мураўёў, падобна Сувораву і іншым расейскім героям, аб'ядноўваў у сабе дабрадушнасць з пэўным садызмам*.
Пры расейскай сістэме павальных арыштаў, "а потым разбяруцца", лютаванне прафесійных даносчыкаў, што намаўлялі на найвыбітнейшых людзей, а пераважна шляхту, элемент, падазраваны ўрадам у нелаяльнасці, не зведала пераследу з боку ўлады, якая не мела пачуцця права і законнасці.
Характэрна, што нават у афіцыйнай справаздачы, падрыхтаванай начальнікам краі Імператару, Мураўёў, у цэлым, не хавае, што парушаў закон:
"...Там, дзе трэба было дзейнічаць хутка, — піша Мураўёў ("Отчет", стар. 16), — не зазіраючы наперад, каб згасіць усёабдымны пажар*, там усе сродкі, нават у звычайны час і незаконныя, павінны быць ужытыя, бо з законнасцю нас бы вынеслі з краю, як выносяць сонных дзяцей".
Гэта не быў выключна погляд Мураўёва, але большай часткі расейскай грамадскасці, якая з першых хвілін вешальніцкай дзейнасці Мураўёва засыпала яго адрасамі, а пасля смерці — ушанавала адкрыццём помніка ў Вільні.
Мураўёў піша ў сваіх успамінах, што тое прызнанне надавала яму сіл у барацьбе з "бунтам", і што першае падмацаванне да бескампраміснай барацьбы ён атрымаў разам з абразам з рук маскоўскага мітрапаліта Філарэта* са словамі:
"Няхай Бог пашле аднайменнага Табе правадыра нябеснага*, хай ідзе перад Табой з мечам вогненным і засланяе шчытом нябесным".
§9.
Абрад выканання смяротных прысудаў
(Арт. 549 Ваен.-Крымінальнага Уст. з кн. 2-ой, 1859 г. выд.)
Асуджаныя на смяротную кару праз расстрэл падлягаюць гэтаму пакаранню цягам 2 сутак пасля зацвярджэння выраку суда, праведзенага над імі. Абрад выканання прысуду палягае ў наступным:
1. Дзеля суправаджэння смяротнага пакарання ў шыхце выводзяцца ўсе войскі, што знаходзяцца ў мясцовасці, дзе мае адбыцца страта. Калі колькасць войскаў будзе вялікай, дык з палкоў, брыгад або дывізіяў ствараюцца зводныя батальёны, беручы па некалькі жаўнераў з кожнай роты.
2. Пэўная колькасць войскаў у прызначаны дзень і гадзіну выводзяцца на месца страты і шыхтуюцца.
3. На месцы страты загадзя рыхтуецца ўбіты ў зямлю слуп, за якім выкопваецца яма.
4. Калі войскі пашыхтуюцца, адзін з духоўных у пахавальным адзенні, з крыжам і Евангеллем у руках, атачоны канвоем, праводзіць злачынцу паўз увесь шыхт да яго цэнтру.
5. Да злачынцы набліжаецца Палявы Генерал-Аўдытар ці Обер-Аўдытар для прачытання судовага выраку, адначасова ў батальёнах выклікаюцца на сярэдзіну обер- і унтэр-афіцэры і даецца каманда: "зважай".
6. Перад пачаткам чытання дзеля звяртання ўсеагульнай увагі тройчы б'юць барабаны.
7. Напачатку чытання ад'ютанты ўголас абвяшчаюць перад кожным батальёнам прысуд.
8. Пасля прачытання даецца каманда "на плячо, обер- і унтэр-афіцэры на месца!", пры біцці барабанаў на злачынцу апранаецца доўгая белая кашуля. Духоўны благаслаўляе яго і аддаляецца.
9. Канвойныя завязваюць злачынцу вочы, даводзяць да слупа і прывязваюць да яго.
10. Пятнаццаць шарагоўцаў і адзін унтэр-афіцэр набліжаюцца да слупа з зараджанымі ружжамі, спыняюцца на адлегласці ў 15 крокаў, усе адразу рыхтуюцца, цэляцца і страляюць, мецячы ў грудзі, каб смерць злачынцы была імгненнай.
11. Падыходзяць так, каб злачынца не чуў іх набліжэння, спыняюцца, рыхтуюцца, цэляцца і страляюць не па камандзе, а па знаку, пададзеным рукой унтэр-афіцэра.
12. Калі б так здарылася, што з першае спробы злачынца не быў забіты, то ружжы адразу зараджаюцца паўторна, і кожны страляе паасобку.
13. На працягу ўсяго гэтага часу, г. зн. ад прачытання выраку да заканчэння пакарання, б'юць барабаны.
14. Па заканчэнні пакарання — цела злачынцы здымаецца са слупа і скідваецца ва ўжо падрыхтаваную папярэдне яму. Войскі праходзяць паўзводна і, пасля праходжання каля ямы, распускаюцца.
§550 (Ваен.-Крым. Уст.)
Калі злачынца будзе асуджаны на смяротнае пакаранне праз павешанне, то перад выкананнем гэтай кары — ён падлягае шальмаванню. Абрад шальмавання палягае ў тым, што у афіцэраў здымаецца мундзір, і пераломваецца над галавой шпага; у шарагоўцаў жа (ніжэйшых чыноў) здымаецца мундзір і адбіраецца зброя, затым "прафос"18 перадае асуджанага кату для выканання прысуду, якое мусіць суправаджаць вайсковая каманда.
§10.
Уражанне ад першых экзекуцыяў у Вільні
З ліста, напісанага невядомай польскай патрыёткай з Вільні, да сябра-інсургента, які знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе ў Троцкім павеце, мы падаем яго пачатак, дзе ўтрымліваюцца падрабязнасці віленскіх экзекуцый. (Ліст трапіў у рукі расейцаў падчас вобшуку і захоўваецца ў б. Мураўёўскім Архіве ў звязцы п. н. "письма интересныя, но без подписи").
Сардэчны Браце! Прызнаюся, што я вінаватая, я блага зрабіла, упусціўшы мажлівасць, калі магла даць адказ на твой ліст перадапошні, але гэтае якраз было ў той самы час, калі адна за адной адбываліся нечаканыя экзекуцыі. Сэрца было перапоўнена шкадаваннем, горыччу, а найбольш нянавісцю і прагай помсты. Тады немагчыма было пісаць.
Дзіўная рэч, мы ўжо павінны былі б прызвычаіцца да любога роду смерці, аднак жа не так жахліва пачуць, што нехта загінуў на полі бітвы, як пабачыць безабаронную ахвяру, прывязаную да слупа. Тое чаканне хвілі стрэлу, а асабліва вядзенне на смерць — занадта страшнае відовішча. Рэдка хто можа яго вытрымаць. Аднак жа ўсе ідуць на экзекуцыі. І правільна, бо там можна навучыцца, як ісці на смерць і гінуць з вясёлым, амаль усмешлівым тварам. Яны думалі, што вельмі нас застрашаць смяротнымі пакараннямі, а атрымалася зусім іначай. Іх імкненні не далі свайго выніку, бо заміж боязі паўстала прага помсты і стакроць большая нянавісць.
Людзі завіхаюцца больш, чым напачатку. Але досыць пра гэтае, навошта абмяркоўваць такія рэчы. Тое толькі дадам, што цяжка перажыць кожны ранак, бо штохвілінна чакаеш страшэннага барабаннага бою, які ўжо тры разы абвясціў смерць герояў.
Жаўнеры самі дзівіліся, суправаджаючы Калышку. З якой мужнасцю ён ішоў на смяротны пляц. Казалі "храбро шел". Калі загадалі зняць канфедэратку падчас чытання дэкрэта, ён адказаў: "Абыдзецца!". Жаўнер сам скінуў яе яму з галавы. Тады ён падняў яе, а адначасова схапіў жменю бруду і пырснуў у вочы стаячым афіцэрам; пасля чаго зноў усклаў канфедэратку на галаву.
Страшная залева перашкодзіла, і было менш людзей (на страце Калышкі), чым на трох першых (Ішоры, Зямацкага і Лясковіча).
§11.
Магілы паўстанцаў на Замкавай гары
У Вільні сярод усіх слаёў насельніцтва захавалася трывалая памяць пра падзеі 1863-64 гадоў, пра страты часоў Мураўёва на Лукішскім пляцы, пра тое, што целы нашых герояў засыпаліся пасля экзекуцыяў вапнай, а потым вымаліся з зямлі Лукішак і таемна хаваліся ў недаступнай тады жыхарам цытадэлі на Замкавай гары*.
Шмат вартых даверу сведак паказвалі тое месца на Замкавай гары, дзе былі пахаваныя парэшткі некалькіх найвыбітнейшых ахвяр Мураўёва. Месца гэтае можна лёгка адшукаць на вяршыні гары паміж дзвюма таполямі, пасаджанымі недзе пяцьдзесят год таму. Пасярэдзіне між тых таполяў мае быць пахаваны Зыгмунт Серакоўскі, а злева і справа ад яго — цэлы шэраг іншых страчаных паўстанцаў.
18 верасня 1915 г.* два чалавекі накіраваліся на месца, паказанае вартымі даверу людзьмі, што добра памяталі 1863 год, узялі з сабой двух рабочых і распачалі пошукі на ўказаным месцы, г. зн., пасярэдзіне між таполяў, спадзеючыся знайсці тут косткі. Як вядома, на глыбіні, крыху большай за метр, былі знойдзены дзве чалавечыя косткі. Гэта падалося дастатковым доказам. Косці неўзабаве засыпалі зямлёй, а для абазначэння месца, дзе яны ляжаць, са знойдзенай паблізу цэглы быў складзены даволі вялікі крыж.
На працягу ўсёй восені сюды прыносіліся зрэзаныя кветкі, а зімой, калі зямля была пакрытая белым снегам, той крыж з цэглы засыпаўся зялёнымі яловымі вянкамі, прычым вянкоў было заўсёды так шмат, што з іх утвараўся гіганцкі крыж, які прыгожа кантраставаў са снежнай беллю, пакрываючай усю гару.
Калі растаў снег, і можна ўжо было падумаць пра кветкі, крыж з цэглы быў заменены некалькімі радамі браткаў: белых, чорных і фіялетавых, пасаджаных там у выглядзе крыжа*.
Віленскае грамадства, як сталыя жыхары, так і тыя, каго сюды закінула вайна, засведчыла сваю павагу да герояў і паказала сваю культуру, захоўваючы ў найвялікшым ушанаванні той крыж з браткаў на магіле паўстанцаў; нягледзячы на тое, што кветкі не былі абгароджаныя, не было яшчэ ніводнага выпадку, каб хтось на іх наступіў ці сарваў хоць адну кветку.
Калі 2 чэрвеня 1916 г. нямецкія жаўнеры пачалі капаць паблізу крыжа, каб аднавіць і паглыбіць маланкаадвод, усталяваны там ля таполі яшчэ за расейскімі часамі, здарыўся дзіўны выпадак. Пры тым, што капалі 2 чэрвеня, у гадавіну страчання кс. Ішоры (2 чэрвеня 1863 г.), сярод нямецкіх жаўнераў пры гэтай працы выпадкова аказаўся сын паўстанца і эмігранта 1863 г. Падчас капання натрапілі на парэшткі некага з інсургентаў, і, на шчасце, на месцы працы знайшліся людзі, якія заапекаваліся выкапанымі касцямі і склалі пра дадзены выпадак пратаколы з подпісамі сведак і экспертаў.
У гэтым месцы Замкавай гары капалі толькі 2 і 3 чэрвеня*. У першы дзень былі адкапаныя чалавечы чэрап і верхняя частка шкілета, а ў наступны дзень — астатнія косткі і рэшткі абутку й адзення, пераважна знішчаных вапнай, якой засыпаліся целы страчаных паўстанцаў.
Пратакол №5*, складзены 8 чэрвеня, падае, што эксперты і сведкі пасля дэталёвага вывучэння парэшткаў адзення і абутку, выкапаных з зямлі на вяршыні Замкавай гары 3 чэрвеня 1916 г., зрабілі наступнае заключэнне:
"Матэрыял двух тыпаў: 1) скура і 2) баваўняная тканіна. Што датычыцца першага пункту, дык эксперты, віленскія шаўцы, вызначылі астаткі як парэшткі абутку, што складаліся з дзвюх падэшваў (з левай нагі — цэлая з верхам, а другая — без пярэдняй часткі, аднаго левага абцаса і дзвюх задніх частак халявы; тэхніка вырабу абутку паказвае на працу пачатка другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя так званым "кутным" або "шпількавым" спосабам; тып абутку — "ціжмы"19; добрай работы, на малую ступню, несумненна, мужчынскую. Прытым панове эксперты дадалі, што абутак падобнага кшталту, лёгкі і непрыдатны для спартовых заняткаў, прызвычаіліся насіць ксяндзы або, часамі, састарэлыя людзі. Памеры падэшвы: даўжыня 26 сантыметраў.
Што да другога пункту, то эксперт, віленскі кравец, пасля вывучэння абрыўкаў тканіны, зрабіў выснову, што паходзіць яна, верагодна, з нагавіцаў карычневага колеру з гатунку бавоўны, які адмыслоўцамі называецца "чортавай скурай"20. Звярнуў пры тым увагу, што абрыўкі, напэўна, належалі да часткі адзення, упраўленай у халявы ціжмаў.
Прысутны пры даследаванні гісторык* заявіў, што целы страчаных у 1863 г. паўстанцаў звычайна заліваліся вапнай, і кавалак зацвярдзелае вапны, прыліплы да падэшвы ціжмы, здаецца, паказвае на сувязь адкапаных парэшткаў са стратамі тых паўстанцаў, роўна як і відавочца, незалежна ад гістарычных сведчанняў, можа сцвердзіць, што некаторых з асуджаных вялі на смерць у іх уласным адзенні; так, напрыклад, ён бачыў, як вялі на месца страты ксяндза Станіслава Ішору, апранутага ў капеланскую сутану.
Столькі слоў пратакола, падпісаных паважанымі і вартымі даверу сведкамі". ("Дзённік Віленскі"*, №109 ад 11.06.1916).
Некалькі чалавек з найвялікшай пашанай перанеслі адкапаныя 1 і 2 чэрвеня21 косткі у касцёл св. Міхала, дзе яны, ахінутыя шоўкам, былі пакладзены на аксамітнай падушцы, упрыгожанай знакамі "Арла" і "Пагоні".
Косткі гэтыя і сёння (у 1923 г.) спачываюць у тым самым месцы, у падзямеллях касцёла св. Міхала, вядомых знаходжаннем там ад сярэдзіны XVII ст. труны з парэшткамі манашкі, якія захоўваюць сляды катаванняў і маюць на веку труны надпіс: Дарота Седляшчынская... замучаная дзіччу маскоўскай.
Крыж на магілах паўстанцаў на Замкавай гары
(Аповед пра падзеі 1916–1917 гг. у Вільні)
Аўтар належаў да кола асобаў, якія клапаціліся, каб на магілах паўстанцаў на Замкавай гары ў Вільні паставіць памятны крыж.
Св. п. Антоній Вівульскі22 падрыхтаваў мадэль (макет) гэтага крыжа, а інжынер Тэафіл Шопа23 даставіў будаўнічы матэрыял і ўзяўся кіраваць працамі. Не ставала толькі дазволу акупацыйных уладаў на ўсталяванне крыжа. Яно было дадзена ў верасні 1916 г. на імя Вацлава Ст.[удніцкага], аднаго з ініцыятараў усяго праекта. Аднак дадзена з пэўнымі агаворкамі і ўмовамі. Гучала яно так:
"Усталяванне звычайнага драўлянага крыжа дазваляецца. Калі б прадугледжаны быў надпіс, яго належыць прадставіць папярэдне для зацвярджэння губернскім урадам. Усталяванне крыжа мусіць адбыцца ў прысутнасці толькі фундатараў і ксяндза, без усякай большай урачыстасці, таму што ў ваенны час гэткага кшталту мерапрыемствы прынцыпова не могуць мець месца. Пра дату і час пасвячэння належыць загадзя паведаміць губернскаму ўраду.
Імем губернскага ўрада за начальніка галоўнага штаба (падп.) маёр фон Крэс"*.
Напачатку не хацелася карыстацца з такога дазволу, бо прыкра было б адмовіцца ад вялікага патрыятычнага святкавання, так тады яшчэ патрэбнага, і ад планаў узвышэння ўрачыстасці і ўзняцця настрою праз запрашэнне біскупа Бандурскага24, палымяны патрыятызм якога быў здольны нават разбурыць скалы. Аднак, з-за палітыкі недапушчэння ў Вільні акупацыйнымі ўладамі польскіх патрыятычных маніфестацыяў антырасейскага характару, змены ўмоваў усталявання крыжа без маніфестацыі і урачыстасці не чакалася.
Пасля адзінаццаці месяцаў безнадзейнага чакання змены палітыкі Обер-Оста25 ў дачыненні да дапушчэння маніфестацый польскай супольнасці Вільні, шэраг гараджан рашыліся на ўсталяванне крыжа на Замкавай гары без якой-кольвек урачыстасці, абы толькі засцерагчы такім спосабам тамтэйшыя пахаванні паўстанцаў ад магчымае прафанацыі праз выпадковую арганізацыю там якога-небудзь недарэчнага гульбішча*.
17 жніўня 1917 года з ініцыятывы тагачаснай старшыні Лігі Жанчын сп. Яніны Ст.[удніцкай] на Замкавай гары быў пастаўлены крыж па праекце св. п. Антонія Вівульскага.
Але ў той жа дзень нямецкія ўлады крыж знеслі, палічыўшы, што ён быў не дастаткова "звычайны", як тое было акрэслена ў дазволе, выданым яшчэ ў верасні 1916 г. Галоўная ініцыятарка, сп. Яніна Ст.[удніцкая], была арыштаваная і змешчана ў турму на Лукішках, адкуль разам з мужам Вацлавам Ст.[удніцкім] (на імя якога быў выдадзены дазвол, і які ўжо быў арыштаваны за некалькі тыдняў да апісаных падзей* і сядзеў на Лукішках) пасля ўтрымання ў турме яшчэ цягам некалькіх тыдняў выслалі з межаў Обер-Оста.
Віленскія пажарнікі заапекаваліся знесеным нямецкімі ўладам крыжам і перахоўвалі ўсе яго часткі цягам ўсёй астатняй нямецкай, а затым — першай і другой бальшавіцкай і, урэшце, летувіскай акупацыі. А таксама пры Грамадзянскім ўпраўленні ўсходніх земляў26.
Пасля гэтых іншаземных акупацыяў і кароткага польскага праўлення т. зв. Грамадзянскага ўпраўлення ўсходніх зямляў, у Вільні, вызваленай 9 кастрычніка 1920 г. з-пад летувіскай акупацыі з набліжэннем да яе войскаў "літоўска-беларускай" дывізіі генерала Жалігоўскага27, адбылося ў 1921 г. у гадавіну Студзеньскага паўстання надта ўрачыстае мерапрыемства. Кульмінацыяй урачыстасці* былі асвячэнне крыжа на магілах паўстанцаў на Замкавай гары (крыжа, які мае ўжо сваю гісторыю) і дапасаваная да яго прамова залатавуснага патрыёта біскупа Бандурскага.